Свята тых, хто любіць кнігу

15 верасня ў Беларусі аматары чытання і адмыслоўцы адзначаюць Дзень бібліятэк.

 

У Шклоўскім раёне бібліятэкі — не толькі сховішчы кніг, але і цэнтры зносін, вольнага часу. Нашы ўстановы актыўна працуюць, каб зрабіць чытанне займальным і карысным. Яны арганізоўваюць разнастайныя мерапрыемствы, запрашаюць цікавых гасцей, ствараюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Галоўная мэта спецыялістаў — каб кожны адчуваў сябе камфортна і знаходзіў у кніжнай скарбніцы нешта новае.

У бібліятэцы ўсё пачынаецца з чытача і ўсё вяртаецца да яго — гэта галоўны прынцып. Мы цэнім усіх, хто любіць кнігі і наведвае нашы ўстановы. За гады працы склаўся дружны калектыў і традыцыі. Мы ўжо зрабілі шмат, але не збіраемся спыняцца. Наперадзе багата планаў па папулярызацыі чытання.

 Якой бачаць кніжную скарбніцу маладыя спецыялісты Шклоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі? Што значыць для іх прафесійнае свята?

Іна Зінкевіч:

 — Для мяне 15 верасня — асаблівы дзень, бо Дзень бібліятэк — гэта прызнанне важнасці нашай прафесіі. Мая праца творчая, цікавая, кожны новы дзень прыносіць масу ідэй і станоўчых момантаў. Спасцігаць сакрэты бібліятэчнага жыцця для мяне вельмі займальна. І тут не абысціся без рады і дапамогі старэйшых калег. Стараюся набірацца вопыту, набываць новыя веды і навыкі. Спадзяюся, што я ў сваю чаргу парадую калег вынікамі.

Дзмітрый Шведаў:

— Мне вельмі падабаецца працаваць у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай бібліятэкі, падабаецца камунікаваць з людзьмі. У бібліятэцы для творчай дзейнасці няма меж. Мы актыўна ўкараняем у працу сучасныя тэхналогіі, падключаемся да электронных бібліятэчных працэсаў, арганізоўваем забаўляльныя і асветніцкія мерапрыемствы па многіх напрамках. Лічу, што бібліятэка павінна ісці ў нагу з часам, але разам з тым захоўваць элементы традыцыйнага ўкладу.

 Валянціна СУТКАЛЕНКА,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Шклоўскага раёна

MAX TikTok