Па лета — у музей

Падтрымаць сонечны настрой і запасціся яркімі ўражаннямі дапаможа выстава “Лета. Спякота”, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь да 21 верасня.

 

Агульная канцэпцыя экспазіцыі — рэпрэзентаваць вобраз лета, спякоты і іншых сюжэтна-тэматычных варыяцый у розных жанравай і стылістычнай інтэрпрэтацыях. Праект аб’яднаў больш за 50 твораў беларускага жывапісу з фонду скарбніцы, якія дагэтуль ніколі не паказваліся разам. Атрымалася цэласна, светла і цёпла.

 

ЯК ЗІХАТЛІВАЯ РАНІЦА

Адкрываючы выставу, першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Кузьміна назвала праект дзіўным, напоўненым яркімі летнімі фарбамі: у яго ме- жах дэманструюцца карціны, да якіх арганізатары ставяцца з асаблівай пяшчотай. Як распавяла Вікторыя Аляксандраўна, найбольш адданыя наведвальнікі пазнаюць тут палотны Раісы Кудрэвіч, Мая Данцыга, Яўгена Зайцава, Мікалая Казакевіча, іншых вядомых беларускіх творцаў. Але нават заўсёднікі знойдуць у экспазіцыі штосьці невядомае. Вікторыя Кузьміна згадала словы Канстанціна Паўстоўскага: “Натхненне ўваходзіць у нас, бы зіхатлівая летняя раніца, якая толькі што скінула туманы ціхай ночы…” Такой і была агульная атмасфера цырымоніі адкрыцця.

 

На ёй арыгінальна спалучыліся ўласна экспазіцыя, жывая класічная фартэпіянная музыка ды імерсіўны паказ строяў вясельнай моды (пастаноўка — Карына Кісель). Дарэчы, дэфіле пасавала музейнаму інтэр’еру. Белы колер сукенак арганічна ўпісаўся ў агульную канцэпцыю мерапрыемства, дадаўшы выставе яшчэ больш святла і цеплыні.

 

МІМАЛЁТНАЕ І АСАБІСТАЕ

— Мы імкнуліся паказаць розныя інтэрпрэтацыі лета, бо гэта не толькі сонца, але і свежае паветра, кветкі, настрой у партрэце, сюжэтныя кампазіцыі, — адзначыла загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзяў Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Кот. Па яе словах, сярод іншага ў рамках праекта прадстаўлены эцюды. Гэта даволі рэдкая ў музейнай справе з’ява. — Эцюды заўсёды пра нешта мімалётнае і вельмі асабістае, таму яны рэдка становяцца прадметамі для экспазіцый, — заўважыла адмысловец. — Але сюды накіды ўпісаліся ідэальна, бо выстава заклікана адлюстроўваць настрой адпачынку. Менавіта летам мастакі ездзілі на пленэры, наведвалі розныя краіны і гарады, прывозілі ўражанні не на фотаапараце, а ў эцюдах.

 

З СОНЕЧНЫМІ БЛІКАМІ

Экспазіцыя размешчана ў чатырох залах і падзелена як стылістычна, так і храналагічна. Прадстаўлены ў ёй беларускі жывапіс ахоплівае 1950—2000 гады — разнастайнасць навідавоку. Залы, асабліва першыя дзве, нібыта свецяцца, ззяюць сонечнымі блікамі. Перадаюць радасць жыцця, атмасферу вясёлых вакацый. Стваральнікі праекта імкнуліся паказаць у першую чаргу прывабнасць беларускага лета. Побытавыя сцэны з горада і вёскі, маляўнічыя пейзажы, на якіх, натуральна, выяўлена і Мінскае мора. Поруч — карціны, што адлюстроўваюць падарожжы па іншых мясцінах. На выставе шмат цікавай класікі. Дэманструюцца і работы Адольфа Гугеля, Яўгена Харытоненкі, Мікалая Чурабы, Віталя Цвіркі — блізкіх і зразумелых айчыннаму гледачу. Сучасны жывапіс, паказаны ў экспазіцыі, у асноўным сімвалічны.

— На самай справе нямногія мастакі ствараюць палотны, радасныя і светлыя па эмацыйным змесце, — канстатуе Святлана Кот. — Аказваецца, у мастацтве выклікаць пазітыўны настрой значна складаней, чым пагрузіць у разважанні. Захацелася дадаць сонца і цеплыні ў прастору музея, і мы вырашылі адправіць наведвальнікаў у сапраўднае лета.

 

СУЧАСНЫ КАМПАНЕНТ

Сёння Нацыянальны мастацкі музей мэтанакіравана ўводзіць у экспазіцыі мультымедыйны кантэнт. Гэтым разам аўдыявізуальныя сродкі прадстаўляюць Сонца. Сярод іх — натуральны гук з архіва NASA. На экранах паказваюцца сонечны рух, зменлівасць прыроды, адлюстроўваюцца актуальныя навуковыя звесткі, цытаты знаных літаратараў і даследчыкаў. Мультымедыя выклікае дадатковую цікаўнасць наведвальнікаў — прычым самых розных узростаў.

Віктар ГАЎРЫШ