Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, што ўдала спецыялізуецца на эксперыментальных спектаклях, выпусціў дзве “страшылкі” — містычную драму “Панначка” і “Дзікае паляванне караля Стаха”, вырашанае ў жанры неануар. Менавіта гэтай пастаноўкай 4 верасня калектыў адкрыў сезон.

У аснове “Панначкі” — аднайменная п’еса Ніны Садур, у сваю чаргу створаная паводле гогалеўскага “Вія”.

Змена назвы невыпадковая, бо Вія ў гэтай драматургіі няма, а вядзьмарская сутнасць гераіні ўраўнаважваецца супрацьлеглым вобразам. Клапатлівая, цалкам зямная Хвеська (Караліна Драздова ці Ірына Якавец) літаральна выпраменьвае святло. Недарма Хама Брут (Павел Канёк) закахаўся ў яе і, адчуўшы ўзаемнасць, пасля першай страшнай ночы ў царкве і гучных прамоў пра казацкую вольніцу вырашыў узяць з дзяўчынай шлюб.

У прачытанні расійскага рэжысёра Андрэя Цімашэнкі, які выступіў таксама мастаком-сцэнографам, гэтая бінарнасць жаночага пачатку паказана яшчэ больш, чым у арыгінале. Павольнасць казацкага побыту набліжана да чэхаўскай будзённасці, толькі п’юць у пастаноўцы не гарбату. Ніякага лубка.

Рэалістычнасць дэталей, калі персанажы частуюцца сапраўднымі прысмакамі, спалучаецца з сімволікай і містыкай, выяўленай праз сродкі тэатра лялек. Тут і мітусня агеньчыкаў у цемры, і “палёт” Панначкі (Валерыя Лялькова, а ў абліччы старой — Ірына Чарняўская), калі яе нябачна падхопліваюць артысты ў чорным.
Нарэшце, і выкарыстанне лялек — ненатуральна белых манекенаў у час першай ночы і бліскучых чорных пупсаў у час другой. Уражваюць нечаканыя з’яўленні гераіні, калі на вачах публікі быццам імгненна матэрыялізуецца нейкая субстанцыя. Ды ўсё ж спектакль атрымаўся пра ахвярнасць.

У трэцюю ноч Хама свядома ідзе паміраць, каб заткнуць сабой “чорную дзіру, з якой хвошча сюды цемра гнойная і мярзота смярдзючая”. І Хвеська дае яму не проста нейкую лекавую траўку, як у п’есе, а вянок з папараці, што асацыіруецца з цярновым, — замест таго кветкавага, які надзявала на Хаму Панначка пры першым знаёмстве.
Паралелі з пакутамі Хрыста ўзмацняюцца ў фінальным хоры, блізкім да псальмавай культуры (аўтар музыкі — Яраслаў Антропаў). Дададзеныя ў пастаноўку вяскоўцы спяваюць у такіх жа вянках. І менавіта гэтым эпізодам, а не жудаснымі кашмарамі гібелі філосафа спектакль завяршаецца — пад трагічна-велічнае гучанне званоў.

Тэма жыццёвага шляху адбіваецца і ў чорным подыуме, што вядзе з глыбі сцэны ў бок залы, бы праход з цемры да святла, і ў саматканых дарожках, раскладзеных на імправізаваным стале і падлозе. Еднасць Сусвету, непадзельнае суседства дабра і зла падкрэслены касцюмамі Таццяны Лісавенка.

Пры ўсёй схільнасці гэтай мінскай мастачкі да яркіх фарбаў для жанравых сцэн абраны даволі пастэльныя, “сцішаныя” тоны. Для тагасветных — чорна-белыя, дзе бялюткасць сімвалізуе не чысціню, а смерць.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра