Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрыў 93-і сезон нядаўняй прэм’ерай — “Арлеанскай дзевай” П. Чайкоўскага.

Спектакль быў паказаны два вечары запар — 4 і 5 верасня — вядома, з рознымі складамі. Добрая нагода была паглядзець яго не адзін раз!

Па-першае, гэтая опера рускага класіка ніколі раней у нас не ішла і ўвогуле ставіцца даволі рэдка. Па-другое, кожны саліст уносіць нейкія свае рысы. Па-трэцяе, запрошаны расійскі рэжысёр Георгій Ісаакян знайшоў цікавы падыход да складанага матэрыялу пра Жанну д’Арк: скарыстаўшы прыём “спектакля ў спектаклі”, звязаў мінулае з сучаснасцю і актуалізаваў гісторыю для цяперашняй моладзі.

Па яго версіі, сучасная дзяўчына-студэнтка прыходзіць у касцёл глядзець містэрыю пра жыццё гераіні. І так натхняецца, што адчувае сябе на яе месцы, перажывае далейшую драму скрозь эпізоды ўласнага жыцця, праз нервовы зрыў апынаецца ў шпіталі.

А калі выходзіць з бальніцы, зноў наведвае містэрыю ў касцёле — і займае месца гістарычнай гераіні ў час спалення. Невыпадкова нават сціслы змест, што заўжды друкуецца ў оперных праграмках, гэтым разам выкладзены незвычайна: фрагменты ўласна лібрэта чаргуюцца з апісаннем сцэнічных падзей самога спектакля.
Пастаноўшчыкі клапоцяцца пра відовішчнасць, неабходную для сучаснай публікі і асабліва моладзі. У той жа час ставяцца да салістаў з поўным разуменнем вакальнай спецыфікі, пры любой магчымасці імкнуцца захаваць статычнае месцазнаходжанне спевакоў.

Знакамітая арыя гераіні з першай дзеі, што ўпрыгожвае канцэртны рэпертуар, харавы пачатак другой дзеі суправаджаюцца графічным відэа на суперзавесе (мастак па камп’ютарнай графіцы і відэашэрагу — Арына Шлыкава). Жанна быццам малюе ў сваёй памяці родныя мясціны, павольна і адзінока блукае па горадзе. Гэтак жа, але часцей без удзелу гераіні, візуальна аформлены аркестравыя ўступы да асобных карцін. Толькі перад апошняй сцэнай адзначаная графічнасць малюнкаў набывае каляровы дадатак: неба становіцца сіне-блакітым.
Размовы ў замку Шынон з удзелам караля (Дзмітрый Шабеця), Агнэсы (Настасся Масквіна), рыцараў Дзюнуа (Уладзімір Громаў), Ларэ (Руслан Маспанаў) вырашаны як галасы, што чуе дзяўчына, нягледзячы на навушнікі. Былая сцэнічная пляцоўка касцёла тут перароблена ў пакой гераіні (мастак-пастаноўшчык — Аляксей Трэгубаў).

У трэцяй дзеі гэтая лакацыя, пры ўсёй сваёй прастаце, не страчвае актуальнасці. Спачатку паўстае шпітальнай палатай, у фінале — эшафотам, на якім гераіню спальваюць. Гістарычныя персанажы ўзнікаюць у нішах, бы падсветленыя статуі, эфектна ўзнімаюцца са сцэнічных люкаў. А праз некаторы час увогуле паўстаюць быццам бы васковымі фігурамі, якія Жанна бачыць на выставе. Знаёмства з Ліанэлем (Кірыл Панфілаў ці Андрэй Логвінаў) адбываецца ва ўніверсітэцкім спартзале, дзе хлопец абараняе дзяўчыну ад здзеклівых аднагрупнікаў.

У сцэне бойкі скарыстаны запаволены рапід. Пластычныя нумары з добрым веданнем справы паставіла салістка балета тэатра Настасся Голешава. У такой версіі хор часцяком спявае ў кулісах (хормайстар — народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч). Калі ж з’яўляецца на сцэне, дык іграе на ўзроўні мімансу і драматычных артыстаў.

Вялікую ролю адыгрывае святло, распрацаванае Ірынай Вторнікавай. Вельмі ўдала вырашана сцэна спалення, дзе з дапамогай кавалкаў лёгкай тканіны ствараецца максімальна рэалістычны малюнак вогнішча.

Спектакль ставіўся на некалькі складоў артыстаў. Таму кожны наступны паказ — бы цалкам новая гісторыя. Асабліва відавочна гэта на прыкладзе цэнтральнай гераіні, партрэт яе “раздвоены”: у цяперашняй версіі гэта і сучасная дзяўчына, партыю якой рыхтавалі чатыры розныя салісткі, і легендарна-гістарычная асоба ў выкананні артысткі мімансу (нязменная Дыяна Хрышчановіч).

Складанасць партыі Жанны заключаецца яшчэ ў тым, што на працягу ўсяго трохгадзіннага спектакля вакалістка практычна не сыходзіць са сцэны і атрымлівае магчымасць адпачнуць хіба ў антрактах. Нават там, дзе не спявае, яна не можа дазволіць сабе расслабіцца і вымушана выступаць як драматычная актрыса, без слоў даносячы складаны псіхалагічны стан гераіні.

Дар’я Гаражанка іграе дзяўчынку-падлетка пакалення зумераў, якая ўспрымае падзеі містэрыі скрозь прызму камп’ютарных гульняў, пачувае сябе ўнутры адной з іх і паводзіцца як адпаведны персанаж — гераічны, бескампрамісны, упэўнены ў сваёй абранасці і таму апантаны.

Жанна Настассі Малевіч больш лірычная і спагадлівая. Ёй рухае вялізная эмпатыя да людзей, жаданне дапамагчы ўбачанай гераіні і навакольным. Сцэнічную дзею ў касцёле яна бярэ блізка да сэрца, усёй душой, і разгубленая праз адказнасць, якую ўзвальвае на сябе. А як па-рознаму ўспрымаюць яны ў першай дзеі голас анёла з нябёсаў! Адна гераіня крыху здзіўлена такой падтрымцы свайго выбару, а для другой гэта доўгачаканая божая ласка і непрыхаваная радасць. Дырыжор Арцём Макараў чуйна падтрымлівае кожнага саліста, таму партытура таксама гучыць штораз іначай.

А 4 верасня Іаанну / Жанну ўвасобіла прымадонна нашага Вялікага Аксана Волкава — і гэта быў яшчэ адзін прэм’ерны сюрпрыз.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра