Зноўку ў школу

Апублiкавана: 09 верасня 2025 Стужка Кіно Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Да агульнанацыянальнай прэм’еры фільма “Класная” застаецца некалькі дзён. Малады беларускі акцёр Максім Залажук, які ўвасобіў на экране адзінаццацікласніка Дзіму, дзеліцца ўражаннямі ад працы.

 

— Максім, як вы прыйшлі ў прафесію?

— З дзяцінства мяне захапляла попкультура, асабліва кіно і анімацыя. У школьныя гады актыўна ўдзельнічаў у жыцці класа, іграў у гумарыстычных пастаноўках, займаўся вакалам і танцамі. Па меры сталення зразумеў: мне патрэбна сфера, дзе будуць арганічна спалучацца мае шматлікія творчыя захапленні, а галоўнае — дзе рэалізуецца здольнасць да пераўвасаблення. Так пачаў наведваць школу акцёрскага майстэрства.

З часам сустрэў педагога Віялету Несцяровіч, і нашы заняткі працягваюцца, што вельмі каштоўна для мяне. І хаця ў жыцці акцёра шмат напружаных момантаў і стрэсу, я не бачу для сябе іншага шляху.

— Раней вы здымаліся ў серыялах і спартыўнай драме расійскай вытворчасці. Як трапілі ў “Класную”?

— Паўдзельнічаць у адборы прапанавала кастынг-дырэктар “Беларусьфільма” Дар’я Чучман. Пачалося ўсё з самапроб, прэтэндэнты запісвалі іх на відэа. Потым праходзіла вочнае праслухоўванне, дзе я пазнаёміўся з камандай і рэжысёрам Кірылам Халецкім, а таксама паўзаемадзейнічаў з іншымі акцёрамі ў кадры. У вобраз ужыўся досыць хутка: лёгка запамінаў рэплікі, адчуваў персанажа на эмацыйным узроўні. Паразуменне з рэжысёрам знайшлі таксама ўлёт: напэўна, маё ўяўленне героя супала з яго бачаннем. Выдатна, што ўсё так склалася!

— Якія ўражанні былі ад вяртання ў школьныя будні?

— Самыя цёплыя! У мяне засталося мноства добрых успамінаў дзякуючы выдатным настаўнікам маладзечанскай дзясятай гімназіі і маім аднакласнікам, з якімі і цяпер падтрымліваю сувязь. Сумую па нашых бясконцых “даганялках” на калідорах. Гэта было так весела, столькі яркіх момантаў у памяці, як хаваліся адно ад аднаго, прыдумлялі ўсякія хітрыкі. Ніякія вымовы і зніжаныя адзнакі за паводзіны нас не спынялі. Толькі цяпер разумею, наколькі небяспечнымі былі гэтыя забавы. На шчасце, абышлося без траўматызму.

— Наколькі камфортна адчувалі сябе падчас здымак?

— Атмасфера была цудоўная! Вялікі дзякуй рэжысёру за стварэнне такой дружнай і згуртаванай каманды.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашага героя.

— Дзіма — персанаж з дакладнымі мэтамі і непахіснай верай у сябе, надзелены моцным характарам і прыродным талентам кіраўніка. Яго інтэлект выяўляецца ў жыццёвай мудрасці, а не ў акадэмічных дасягненнях. Пры гэтым ён не пазбаўлены недахопаў: часам бывае грубы і эгаістычны, гатовы дамагацца свайго любой цаной.

— Што агульнага ў вашых характарах?

— Паслядоўнасць і настойлівасць у рэалізацыі сваіх ідэй і мэтаў.

— А якія рысы персанажа — зусім не пра вас?

— Дзіма часцяком занадта вольна абыходзіцца з правіламі. Я не такі рэзкі і бескампрамісны, заўсёды імкнуся дзейнічаць больш далікатна і абдумана. Калі і сутыкаюся з нейкімі праблемамі, шукаю абыходны шлях, які нікому не нашкодзіць.

— Сустракаліся цяжкасці падчас працы над стужкай?

— Зімовая начная здымка была няпростай праз моцны холад. У цэлым надвор’е сёлета падносіла сюрпрызы. Вясной яшчэ ляжаў снег, і мы выходзілі на пляцоўку ў лёгкім адзенні. Велізарная ўдзячнасць камандзе за клопат: сагравалі нас цёплай гарбатай, наладжвалі працэс такім чынам, каб ніхто не замерз. Яшчэ былі моманты, калі адну і тую ж сцэну праганялі мноства разоў, даследуючы розныя варыянты яе развіцця. Мне было няпроста адаптавацца да такога падыходу, і часам узнікала адчуванне, што гэта адбываецца праз мяне, што я не спраўляюся са сваёй задачай. Але дзеля канчатковага выніку, дзеля якасці мы гатовыя былі пераадольваць любыя цяжкасці!

— Якія прафесійныя інсайты прыдбалі дзякуючы праекту?

— Істотна пераасэнсаваў каштоўнасць працы людзей, якія застаюцца за кадрам. Іх уклад у агульную справу не асабліва заўважны гледачу, але мае каласальны ўплыў на якасць кінапрадукту. Што тычыцца акцёрскага рамяства, здымацца на адной пляцоўцы з такімі легендамі, як Тамара Міронава, Віктар Рыбчынскі і Святлана Нікіфарава, — гэта неверагодны досвед. Вельмі рады, што мне выпала такая магчымасць.

— Сцэны, які асабліва запалі ў душу, — гэта…

— Перадусім вельмі эмацыйная спрэчка з выкладчыкам. Гэты момант — пераломны для майго персанажа: з яго пачынаюцца станоўчыя перамены ў характары героя. Люблю таксама сцэну, калі ўсе аднакласнікі збіраюцца, каб выпрацаваць план дзеянняў, і Дзіма выступае для іх лідарам.

— Тры прычыны, каб наведаць прэм’еру фільма і перажыць гэтыя моманты разам з героямі.

— Па-першае, “Класная” — цудоўная магчымасць ацаніць працу нашых спецыялістаў, каб быць у курсе актуальных тэндэнцый беларускай кінаіндустрыі. Па-другое, гэта жывая, яркая гісторыя, якая адгукнецца ў сэрцы кожнага, хто ўжо скончыў школу ці яшчэ вучыцца. Да таго ж глядач зможа атрымаць каштоўныя ўрокі з развіцця характараў персанажаў, каб пачуць адказы на ўласныя пытанні і знайсці выхад са складаных жыццёвых сітуацый.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва героя