Вяртанне гістарычных вобразаў: выбітнасці сталіцы

Год добраўпарадкавання крочыць па краіне. Даведаліся ў ААТ “Белрэстаўрацыя” , якія помнікі мінуўшчыны даведзены да ладу апошнім часам. Частка другая.

У Мінску летась былі завершаныя работы ў кінатэатры “Перамога”, распачатыя ў 2022 годзе.

Ён быў збудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя паводле праекта архітэктараў Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава з выкарыстаннем канструкцый клуба харчавікоў, узведзенага ў 1929-м.

Як мы даведаліся ў бюро ААТ “Белрэстаўрацыя”, падчас рамонту тут былі ўзмоцненыя падмуркі і сцены, зроблены новы дах і праведзеная перапланіроўка памяшканняў, адноўленыя гістарычны выгляд фасадаў і элементы дэкору, першапачатковыя аздабленне і каларыт часткі памяшканняў.

Перад будынкам з дапамогай брукоўкі іншага колеру пазначылі страчаныя крылы клуба харчавікоў, якія калісьці выступалі да вуліцы Інтэрнацыянальнай і ўтваралі ўваходны дворык-курданёр.

Сёлета ў сталіцы ў храме Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, размешчанага на Вайсковых могілках, былі завершаныя работы па рэстаўрацыі, распачатыя ў 2022 годзе. Ачышчаныя фасады храма, умацаваныя дэкаратыўныя элементы, а таксама абноўленыя тынкавае пакрыццё і афарбоўка будынка.

Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту праведзеныя рэстаўрацыйныя работы на пабудовах хутара пачатку ХХ стагоддзя, перавезеных сюды яшчэ ў 1980-х з вёскі Цімошкава Мёрскага раёна. Комплекс, характэрны для народнай архітэктуры Паазер’я, уключае хату, хлеў, клець і лазню.

Працяг будзе!

Антон РУДАК