Вяртанне гістарычных вобразаў: храм Святой Еўфрасінні

Год добраўпарадкавання крочыць па краіне. Якія помнікі мінуўшчыны даведзены да ладу апошнім часам? На якіх аб’ектах Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурнай спадчыны аднаўленчыя работы працягваюцца сёння? Звесткамі пра гэта падзяліўся начальнік каштарысна-дагаворнага бюро ААТ “Белрэстаўрацыя” Руслан Градовіч. Такім чынам, частка першая.

Кансервацыйныя і супрацьаварыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве XII стагоддзя ў Полацку вяліся з 2015 года.

Пры рэстаўрацыі манументальнага жывапісу тут выявілі мноства фрэсак, датаваных XII стагоддзем, якія пакрываюць 90% сцен на плошчы каля 1000 квадратных метраў. Над іх раскрыццём некалькі гадоў працавалі найлепшыя рэстаўратары з Беларусі і Расіі.

Гэтыя роспісы — унікальны твор манументальнага мастацтва сусветнай значнасці. Адмыслоўцы адзначаюць, што сёння вядома каля 200 старажытнарускіх храмаў, але ў такім поўным выглядзе, якія захаваліся разам з барабанам і купалам, — усяго 27, і толькі частка з іх мае фрэскі; нават адзін альбо тры квадратныя метры роспісаў — ужо рэдкасць.

Таксама на сценах храма захавалася мноства старажытных надпісаў-графіці, якія датуюцца перыядам з XII па XIX стагоддзе, іх колькасць дасягае чатырох тысяч. У працэсе раскрыцця роспісаў ХІІ стагоддзя былі праведзеныя адслаенне пазнейшага жывапісу і яго перанос на пастаянную аснову.

Калі раней пазнейшы алейны роспіс пры адкрыцці першапачатковых фрэсак вымушана знішчаўся, то сучасныя тэхналогіі дазволілі захаваць і пазнейшыя пласты жывапісу 1833 і 1885 гадоў, якія былі перададзеныя ў Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Такім чынам, у працэсе рэстаўрацыі ўдалося зберагчы жывапісную спадчыну адразу трох эпох і трох мастацкіх стыляў.

Выкананы поўны комплекс работ па інжынернай рэстаўрацыі помніка, мерапрыемствы па ўзмацненні апорных канструкцый і кансервацыі старажытных архітэктурных дэталей. Выяўленыя і прыведзеныя ў экспазіцыйны від невядомыя раней архітэктурныя элементы. Для паказу першапачатковых габарытаў слупоў і фрагментаў фрэсак, якія захаваліся на іх, а таксама ўзроўняў гістарычных падлог XII і XVII стагоддзяў у інтэр’еры храма ўладкаваныя асобныя ўчасткі шкляных падлог.

Храм урачыста адкрылі для наведвальнікаў сёлета ў студзені, акурат да 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.

Працяг будзе!

Антон РУДАК