Спакон веку справа хлебароба ішла поруч з песняй: у нацыянальнай культуры існуе цэлы цыкл жніўных абрадаў. Традыцыю працягваюць прадстаўнікі нашай галіны, якія творчасцю натхняюць механізатараў на плённую працу.

ПЕРШЫ СНОП
Уборка збожжа пачынаецца з зажынак. Як іх ладзяць у Віцебскай вобласці, распавяла начальнік сектара культуры Лепельскага райвыканкама Алена Барадзейка:
— Гэтае насамрэч прыгожае свята мы праводзім у традыцыях нацыянальнай абраднасці, характэрнай менавіта для нашага раёна. Культработнікі Лепельшчыны сумесна з краязнаўцамі многія гады збіралі фальклорны матэрыял: апытвалі старажылаў і запісвалі розныя элементы звычаю, песні, казкі, прымаўкі. Цяпер актыўна выкарыстоўваем гэтыя набыткі ў працы.

Па словах Алены Іванаўны, раённае свята “Зажынкі”, як правіла, у розныя гады праходзіць на палях розных арганізацый. Сёлета арэнай імпрэзы стала сельскагаспадарчае прадпрыемства “Лепельскае”. Элементы абраду прадставілі ўдзельнікі калектываў “Грымзолі” і “Кругаверць” Лепельскага раённага Дома культуры.

— Для Віцебскага рэгіёна, напрыклад, характэрны такі элемент, — працягвае Алена Барадзейка. — Калі старэйшыя жнейкі зразаюць сярпамі першыя каласы, адна — самая паважная, самая працавітая — скручвае іх у тугі крыж і перавязвае чырвонай стужачкай, тым самым просіць у неба бласлаўлення на збор ураджаю і чырвоным колерам тканіны засцерагае ад негатыўнага ўплыву нячыстай сілы. Крыж захоўваецца ў пачэсным месцы (у вясковых хатах — на покуці, пад абразамі) да вясны, а яго зярняткі першымі кідаюць у зямлю, калі пачынаецца наступная сяўба.
Тым часам жанчыны складаюць сноп са зжатых каласоў і перадаюць яго гаспадару. Раней гэта быў галава сям’і, цяпер — галава раёна. Пасля, згодна са звычаямі Віцебшчыны, гаспадар павінен падкінуць сноп як мага вышэй. Лічылася, што ад гэтага залежыць, ці будзе спрыяць жніву надвор’е, ці не пашкодзяць намалот мышы і нават наколькі важкім будзе колас.

ДЗЕЛЯ НАСТРОЮ
Тое, што добрая песня стварае настрой працаўнікам палёў, відавочна. У Лепельскім раёне прынята віншаваць камбайнераў-“тысячнікаў” выключна ў суправаджэнні народных калектываў. Больш за тое, кіраўнік вакальнага гурта “Вяселіца” Аляксандр Міхно — аўтар шэрага музычных кампазіцый, якія выконвае для перадавікоў жніва разам з калегамі. Артыста, як і іншых работнікаў культуры, заўсёды з радасцю сустракаюць на ніве механізатары і кіроўцы, якія адвозяць збожжа, на зернесушыльных комплексах — аператары.
У Брэсцкай вобласці, на Пружаншчыне, жніву таксама спадарожнічае песня. Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Юлія Пропер, з удзелам мастацкіх калектываў ушаноўвалі прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на палях і КЗС. Амаль 20 выездаў зладзілі рупліўцы культуры за кароткі тэрмін жніва ў гэтым краі. Яшчэ пяць — на зернесушыльныя комплексы падчас узнагароджання найлепшых аператараў па дапрацоўцы збожжа.

На Міншчыне ў культурным суправаджэнні ўборкі ўраджаю таксама задзейнічаны амаль усе творчыя калектывы. Акрамя таго, як адзначылі ў Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, за самы ўдалы вынік такой працы тут прадугледжаны заахвочванні. Толькі ў Капыльскім раёне прадстаўнікі нашай сферы зладзілі каля паўсотні мерапрыемстваў — апрача традыцыйных абрадавых зажынак, падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі, міні-канцэрты, інфармхвілінкі, святочныя турнэ па таках, мехдварах і шмат чаго іншага.
Па словах старшыні райкама галіновага прафсаюза Андрэя Лятчэні, забяспечваюць гэтую разнастайнасць мастацкія калектывы мясцовага Цэнтра культуры: народны жаночы вакальны ансамбль “Аліра”, народны ансамбль народнай музыкі “Капыляне”, вакальны гурт “Сяляначка” з Ляшнянскага клуба-бібліятэкі, “Лотвінскія ўдалухі” і “Свае хлопцы” з Лотвінскага цэнтра аматарскай творчасці, вакальная група “Валошкі” з Цімкавіцкага сельскага дома культуры і іншыя. Дапамагаюць артыстам супрацоўнікі бібліятэк, якія таксама лічаць за гонар падарыць добры настрой героям жніва.

ЗАЛАТЫ СКАРБ
У Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці пяць сельскіх дамоў культуры, работнікі якіх даюць канцэрты падчас уборкі збожжа ва ўсіх васьмі гаспадарках.
— Калі на тэрыторыі, што адносіцца да таго ці іншага сельгаспрадпрыемства, няма ўстановы культуры, віншаваць перадавікоў жніва выязджаюць калектывы з іншых СДК, — расказвае загадчыца метадычнага аддзела Дзятлаўскага РЦК Марына Лук’янец. — Стварыць добры настрой для механізатараў мы імкнёмся незалежна ад месца іх знаходжання. Паўсюль надаюць увагу ўласным адметным абрадам. Напрыклад, тут спрадвеку лічыцца: каб ураджай быў багатым, а надвор’е спрыяла намалотам, камбайнеры (а раней — жнеі) падчас зажынак павінны ўсе адзін за адным па старшынстве прайсці пад ручнікамі, якія сімвалізуюць божае акармленне. Такога звычаю прытрымліваюцца ў кампаніі “Граніт-Агра”, дзе супрацоўнікі Данілавіцкага СДК штогод ладзяць свята не толькі першага снапа, але і заканчэння жніва. Другое, як правіла, уключае пачастунак выпечкай з мукі новага ўраджаю.

— Апошнім часам гэта кексы, але могуць быць і булачкі, і адмысловы каравай, і нават звычайны хлеб, — распавядае Марына Уладзіміраўна. — Але пакаштаваць выраб павінен кожны, хто меў дачыненне да яго стварэння. Інакш, як кажуць мясцовыя старажылы, увесь год шчасця не будзе…
Па некалькі канцэртаў за сезон, па словах Марыны Лук’янец, дае мастацкі калектыў Дварэцкага Дома культуры. Гэтым бадзёрым жанчынам з іх спевамі рады ў кожнай гаспадарцы. І, зразумела, з асаблівай стараннасцю культработнікі рыхтуюцца да раённага свята “Дажынкі”, якое сёлета пройдзе ў верасні ў Дзятлаве.

ВАЖКІ КАРАВАЙ
Намалот у мільён тон на Магілёўшчыне адзначылі ўрачыстай акцыяй. Са збожжа новага ўраджаю выпеклі хлеб — сімвал багацця і дабрабыту, а таксама адзінства жыхароў вобласці. Караваем з зерня мільённага намалоту віншавалі хлебаробаў рупліўцы нашай сферы на Асіповіччыне. Пра тое, як гэта адбывалася, расказала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Раманчук:
— Свята атрымалася надзвычай прыгожым і ўрачыстым, нягледзячы на тое што ладзілі яго, лічы, экспромтам: не кожны год дасягаюцца такія вынікі. Тым не менш мае калегі справіліся на выдатна. На палетках прадпрыемства “ВязаўніцаАгра” ўжо ўвечары, пасля чарговага працоўнага дня, сабраліся перадавыя хлебаробы, кіраўніцтва раёна, артысты. У адрас герояў жніва гучалі шчырыя словы падзякі, а таксама добрыя песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага ансамбля “Чыстыя крыніцы” Вязаўніцкага СДК. Кожны прысутны змог пакаштаваць духмяны каравай з зерня новага ўраджаю.

— Для нашых артыстаў выступаць у палявых умовах — справа звыклая, — дадае Ірына Аляксандраўна. — Штогод гэты і іншыя калектывы выязджаюць на палеткі сельгаспрадпрыемстваў, каб аддзячыць удзельнікам жніва песняй. І сёлета, як летась і як раней, у такіх канцэртах задзейнічаны амаль усе супрацоўнікі клубных устаноў.

Ніводнае віншаванне з вялікімі намалотамі не абыходзіцца без музычнага суправаджэння. Работнікі культуры выступаюць і на зернесушыльных комплексах, радуюць творчасцю іх аператараў, а таксама кіроўцаў, камбайнераў. А тыя ўдзячныя артыстам за добры настрой. Урачыстасць з нагоды мільённага намалоту ў Магілёўскай вобласці была прадвесцем галоўнага свята “Дажынкі”, якое шырока адзначаецца ў кожным раёне рэспублікі.

ФІНАЛЬНЫ АКОРД
Паўднёвыя рэгіёны амаль поўнасцю завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых — час рыхтавацца да ўрачыстасцей. На Пружаншчыне дажынкі спраўляюць не толькі на раённым узроўні, але і ў асобных гаспадарках. Імпрэзы ладзяцца сіламі сельскіх дамоў культуры пры ўдзеле запрошаных артыстаў — нават сталічных. Так, сёлета на прадпрыемстве “Жураўлінае” ўшаноўвалі камбайнераў, якія першымі ў Брэсцкай вобласці намалацілі па 1000 і 2000 тон збожжа. Спачатку на палетках, а пазней — на свяце ў гаспадарцы. Пры гэтым былі задзейнічаны работнікі Кляпацкага і Мокраўскага СДК.
Як сказала загадчыца Кляпацкага сельскага Дома культуры Рыта Святленка, у “Жураўліным” дажынкі правялі з размахам. За шмат гадоў супрацоўніцтва мясцовага СДК і прадпрыемства з’явіліся традыцыі. Напрыклад, з зерня новага ўраджаю пякуць не толькі галоўны каравай, які ўрачыста перадае гаспадару дзяўчына-каравайніца, але і такія ж, аднак меншага памеру. Яны ўручаюцца ўсім героям жніва.
Дарэчы, тут вельмі ўважліва ставяцца і да строяў, што артысты надзяваюць для ўдзелу ў свяце. Рыта Станіславаўна ўпэўнена: у такой важнай справе кожны элемент касцюма, як і рэпертуар, павінен адпавядаць нагодзе і адлюстроўваць каларыт канкрэтнага рэгіёна.
— У гэтым наша адметнасць, нашы карані, наша спадчына і наша моц, — лічыць работнік культуры.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў героя