Шляхам прамяністых — філаматаў і філарэтаў. Частка трэцяя

Апублiкавана: 05 верасня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск З вандроўкі

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Прыняўшы за пункт адліку маёнтак Бартнікі, услед за гадзіннікавай стрэлкай мы прайшлі ўжо большую частку “цыферблату”, пабываўшы ў мясцінах паэтаў і мастакоў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тэафілі Глінскай, Генрыха Семірадскага і многіх іншых славутых землякоў. Час рухацца далей.

 

Працяг. Пачатак можна прачытаць у матэрыялах ад 14 жнiўня (частка першая) і ад 29 жнiўня (частка другая).

 

АСТАШЫН. БУЛГАКІ І БУКАТЫЯ

Наступны пункт нашага маршруту не “прамяністы” па факце, але такі па сваім духу, бо звязаны з выбітным фатографам і фотамастаком Янам Булгакам (1876—1950), адным з піянераў беларускай, літоўскай і польскай мастацкай фатаграфіі, публіцыстам і мемуарыстам, які з’явіўся на свет у асташынскім маёнтку бацькоў. Сёння ад Булгакаў засталася толькі адна памятка — гаспадарчая будыніна.

А вось сядзіба Грабоўскіх-Жывіцкіх, апошніх гаспадароў Асташына, шмат гадоў таму трапіла ў прыватныя рукі і ўжо жыве сваім жыццём. Насупраць, праз дарогу ад сядзібы, некалі стаяў велічны кальвінісцкі збор, вядомы нам з пажоўклых фотаздымкаў. Пашкоджаны ў часы войнаў, збор быў зруйнаваны дазвання ў 1950-я. Сёння на яго месцы хмызы і дрэвы. Не бачна нават падмуркаў. Не засталося і мураванай агароджы, якая атачала не толькі храм, але і старыя могілкі з капліцамі і надмагіллямі вядомых кальвінісцкіх родаў.

Адзін след тых старых кладоў нам усё ж удалося адшукаць падчас восеньскай “экспедыцыі”. Ім аказаліся два зруйнаваныя надмагіллі. Адно належала нейкаму святару і яго сям’і. Другое было пастаўлена сястры і дачцы першай беларускай паэткі перыяду Асветніцтва Тэафілі Глінскай (у шлюбе Букатай). Вось такая невялічкая, але патрэбная турыстам, сенсацыя.

Ёсць у Асташыне яшчэ і больш старажытная цікавостка — культавы “Чортаў камень” (ледавіковы валун, помнік прыроды). Але знайсці яго няпроста, бо хаваецца ён каля адной з хат. На развітанне з Асташынам дададзім, што мясціна вядомая з 1428 года як уласнасць вялікага князя Вітаўта, якая была падаравана разам з усёй Наваградскай зямлёй яго жонцы Ульяне Гальшанскай.

 

ДАЛМАТАЎШЧЫНА. ВЯРБОЎСКІЯ

Маёнтак Далматаўшчына вядомы з 1676-га як Асташын Далматаўскі. Прагартаўшы колькі гадоў ад першай згадкі, спынімся на 1751-м, калі сядзіба становіцца ўласнасцю роду Вярбоўскіх. Антон (1796—1893) нам цікавы не толькі як сябра Міцкевіча, Чачота, Зана, сваяк Дамейкі і Слізеняў (ён быў двойчы жанаты: спярша з сястрой Ігната Дамейкі, потым з сястрой Рафала Слізеня), але і як прататып Асэсара з міцкевічавага “Пана Тадэвуша”.

Лічыцца, што маёнтак Дабжын з паэмы, дзе жыў паважаны ўсімі шляхціч Мацей, да якога звярталіся па парады ў справах, і ёсць Далматаўшчына. Але побач з ёй яшчэ ў часы Яна Булгака былі шляхецкія засценкі Дабрынскіх (сёння не існуюць). І адным з гаспадароў іх быў рэальны Мацей Дабрынскі, судовы возны.

У Далматаўшчыне пасля вяртання з расійскай глыбінкі некаторы час гасцявалі ў сяброў Тамаш Зан і Ян Чачот. Але даўно ўжо няма следу ад таго “гасцявога дамка”. А ад маёнтка засталіся толькі засыпаныя падмуркі. У 1884-м пабываў тут і Ігнат Дамейка, пра што потым падрабязна напісаў ва ўспамінах.

 

МАЛАЯ І ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЯДКІ

Цяпер самы час перабрацца праз раку Ушу — да Дамейкаў. Хоць метрыка слыннага географа і геолага Ігната яшчэ не знойдзена, сам ён лічыў, што прыйшоў у свет 31 ліпеня 1802 года менавіта тут і таму ахрышчаны ў касцёле ў блізкай Паланечцы. Гэтыя два фальваркі набыў у Ябланоўскіх яго бацька, наваградскі земскі суддзя Іпаліт Дамейка (народжаны у Заслаўі, жыў у Целякаве, гаспадарыў у Мядзвядцы, пахаваны ў Міры). Маці ж Ігната паходзіла са старога берасцейскага роду Анцутаў, сваякоў Касцюшкаў і Верашчакаў.

Ігнат Дамейка, які разам з Міцкевічам прыехаў у Парыж, меў самае непасрэднае дачыненне да “Пана Тадэвуша” (гэта тэма асобнага артыкула), таму няма нічога дзіўнага, што рэха сямейных падзей трапіла на старонкі паэмы. Прыкладам, спрэчка Давейкі і Дамейкі ў паэме, што ледзь не завяршылася праліццём крыві з-за скуры забітага на паляванні мядзведзя. Калі б не кемлівасць аднаго з персанажаў, які перавёў усё ў жарты, не здарылася б гэтага (пераклад Браніслава Тарашкевіча):

А после іх спор у дасконную дружбу змяніўся, а нават Давейка з Дамейкі сястрой ажаніўся, Дамейка ж узяў сястру швагры свайго, Давайкоўну, Худобу ўсю між сабой падзялілі пароўну, а ў месцы, дзе вышла такое дзіўное здарэнне, карчму збудавалі й далі ёй “Вядзмёдак” найменне.

Ад той карчмы, якая стаяла на высокім беразе Ушы, не засталося ўжо нават падмуркаў, хоць месца, дзякуючы выгіну ракі, пазнаецца адразу.

Ад сядзібы ж падмурак застаўся. Час ад часу мы ладзім там прыбіранне. Ёсць яшчэ флігель, у якім некалі быў дзіцячы садок і нават музей Ігната Дамейкі. Пабудова знайшла гаспадара. Колькі гадоў таму разам з ім мы высадзілі дубок у гонар геолага і цэлыя прысады ў гонар філаматаў. Школа ў Мядзвядцы, пры якой быў музей Ігната Дамейкі, ужо закрытая. Але пры мурах яе стаіць помнік нашаму слыннаму земляку, а паблізу, на скрыжаванні, — памятны камень.

 

ПАЛАНЕЧКА. РАДЗІВІЛЫ

Як і Асташын, Паланечка ў 1428-м належала згаданай вышэй Ульяне Гальшанскай. Пазней сядзіба не раз мяняла гаспадароў. Але калі б не Радзівілы — Мацей (1749—1800) і яго сын Канстанцін (1793—1869), — сёння назва маёнтка не казала б нічога.

Мацей Радзівіл праславіў с я як драматург, камп а з і т а р . Яго пяру, сярод іншага, належаць лібрэта да першай нацыянальнай оперы “Агатка, або Прыезд пана”, якая была пастаўлена 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы. Музыку ж напісаў радзівілаўскі капельмайстар Алясандра Данэзі.

Праўда, у “прамяністай” гісторыі больш важкую ролю адыграў Канстанцін Радзівіл. Праславіўся ён як адзін з першых беларускіх этнографаў і фалькларыстаў, мецэнат, апякун народнай асветы. Канстанцін і яго сястра Антаніна (гаспадарыла ў Крошыне з мужам Станіславам Юрагам, былым філарэтам) да скону сябравалі з філаматамі Тамашом Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам, Ота і Рафалам Слізенямі.

З цікавостак у Паланечцы захаваліся палац, які знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, касцёл, дзе хрысцілі Ігната Дамейку, і вадзяны млын 1819 года.

 

ІШКАЛДЗЬ. ЗАНЫ

Гэтая вёска Баранавіцкага раёна, дзякуючы касцёлу Святой Тройцы (1450 г.), даўно карыстаецца попытам у турыстаў. Але тое, што ў храме некаторы час служыў ксёндз Антон Зан, дзядзька Тамаша, ведаюць нямногія. У жыцці “прамяністага” дзядзька адыграў, пэўна, вырашальную ролю. Да прыкладу, падчас службы ў Радашковіцкім касцёле ён мог падрабіць метрыкі хросту сваякоў. Так з мяшчан яны сталі шляхтай. А гэта дало магчымасць Тамашу і яго братам паступіць у Віленскі ўніверсітэт, куды доступ быў толькі прывілеяванаму саслоўю.

Дарэчы, служыў Антон Зан і ў Паланечцы, сябраваў з Канстанцінам Радзівілам. Сустракалася інфармацыя, што і пахаваны ён быў на парафіяльных могілках у Ішкалдзі. Але магілы яго знайсці не ўдалося. Таму, магчыма, маюць рацыю тыя, хто кажа, што пахаваны ён у Сталовічах.

 

ВОЛЬНА. СЛІЗЕНІ

Мы ўжо згадвалі Слізеняў і іх ролю ў жыцці філаматаў. Застаецца завяршыць іх гісторыю расповедам пра вольнаўскі маёнтак. Ад Вольна да Бартнікаў — кіламетры з два добрай асфальтаванай шашы.

У вёсачцы варта пабываць у храме (выдатны ўзор віленскага барока з элементамі ракако). Некалі ён быў уніяцкі, цяпер праваслаўны. Былі пры ім і базыльянскі манастыр, і школка (цяпер не існуюць).

Сядзібны дом таксама зруйнаваны ў часы ваеннага ліхалецця. Але на яго месцы пастаўлены дзівосна прыгожы Дом культуры. У сядзібе на пачатку ХХ стагоддзя захоўваліся працы вядомых мастакоў, у тым ліку і сусветна вядомага творцы беларускага паходжання Генрыха Семірадскага. Праўда, усё было знішчана і разрабавана. Сёння ж у Беларусі мы можам убачыць яго карціны толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Музеі Беларускага Палесся. Тое ж, што стварыў сябра філаматаў і гаспадар Вольна, таленавіты скульптар і медальер Рафал Слізень, захавалася выключна па-за межамі нашай краіны.

 

ГАРАДЗЕЯ. ВЯЛІКІ ДВОР. СТУДЗЁНКІ

У 1884-м на станцыйны перон у Гарадзеі (Нясвіжскі раён), праз многія дзясяткі гадоў “чылійскіх прыгодаў”, на родную зямлю ступіла нага Ігната Дамейкі. Сустракалі яго шматлікія сваякі і старыя сябры.

Адсюль ён і паехаў па мясцінах дзяцінства і юнацтва. І першай справай завітаў да Брахоцкіх, у Вялікі Двор (Стаўбцоўскі раён), дзе бываў юнаком разам з маці. Тут захаваўся мураваны палац.

Але мы ўжо пабывалі ў іншых мясцінах таго маршрута, таму збочым ад Гарадзеі на захад. Чытачы “К” памятаюць пра прыгоды “каменя Міцкевіча”. Вялізны валун у форме крэсла, з выбітым чатырохрадкоў’ем Адама Міцкевіча, адрасаваным гаспадыні маёнтка, быў знойдзены мясцовым краязнаўцам Аляксандрам Абрамовічам. “Сенсацыя” з нашай дапамогай была выцягнута з глыбокага і цёмнага склепа. Сёння камень знаходзіцца на падворку краязнаўцы ў вёсцы Студзёнкі. На думку некаторых гісторыкаў, валун мае культурную каштоўнасць.

 

САЧЫЎКІ. АНЦУТЫ І ДАМЕЙКІ

Як ўжо казалася ў першай частцы, маці Ігната Дамейкі паходзіла са старога беларускага роду Анцутаў, котлішча якога было каля Брэста. Але дзед слыннага геолага, суддзя, у сярэдзіне XVIII стагоддзя вырашыў перабрацца ў Навагрудскае ваяводства. Спярша ён атабарыўся ў Каўпеніцы, дзе нарадзіўся першынец Ян (будучы знакаміты паэт).

Пазней Адам Анцута набывае Сачыўкі, якія заставаліся ва ўласнасці роду да ХХ стагоддзя. Тут з’явілася на свет, узяла шлюб і сканала маці Ігната Дамейкі.

Вельмі шмат і з цеплынёй пісаў пра Сачыўкі ва ўспамінах наш вандроўнік. Згадваў дуб-волат, які стаяў на сядзібным падворку у яго дзяцінстве. Праўда, у 1884-м магутнага дрэва ўжо не было.

Сёння ў маёнтку можна ўбачыць руіны лядоўні, рэшту парку з трыма вялізнымі каштанамі і старымі дуплістымі ліпамі і нежылы ўжо флігель.

 

БАРТНІКІ. “ЗНАК БЯДЫ”

І вось мы, зрабіўшы вялікае кола па сутыку трох абласцей, вярнуліся на месца старту. Не толькі каб паставіць лагічную кропку, але і дадаць да гісторыі Бартнікаў яшчэ адну вельмі важную старонку.

Сорак гадоў таму ў некалькіх сотнях метраў ад сядзібы Слізеняў праходзілі здымкі знакамітага беларускага фільма “Знак бяды” рэжысёра Міхаіла Пташука. Пра карціну, якая выйшла на экраны ў 1986-м, аб тым, што мы ўбачылі на месцы “здымачнай пляцоўкі”, і аб адмысловым турыстычным маршруце, які можна назваць “Шлях Міхаіла Пташука”, распавядзём неўзабаве.

Зміцер ЮРКЕВІЧ. Фота аўтара

Газета "Культура", №34 ад 22 жніўня 2025 г.