Шляхам прамяністых — філаматаў і філарэтаў. Частка другая

Прадстаўляем унікальны турыстычны маршрут, распрацаваны намі ў выніку шматгадовых вандровак па Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. За пункт адліку прыняты колішні фальварак, а сёння вёска Бартнікі на Баранавіччыне. Так супала, што днямі Нацыянальнае агенцтва па турызме правяло выязны семінар “Прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Баранавіцкага раёна”. Гэта лішні раз сведчыць: наша тэма не толькі цікавая, але і актуальная.

(Працяг. Пачатак можна прачытаць у матэрыяле ад 14 жнiўня)

 

КАРЧОВА. КАМЕНЬ ФІЛАРЭТАЎ

На поўначы ад Бартнікаў, блізу вёскі Карчова, знаходзіцца знакаміты камень філарэтаў. У 1972 годзе ён атрымаў статус помніка прыроды. Пры Міцкевічу валун быў значна большы, але істотную яго частку (3/4) напрыканцы ХІХ стагоддзя адбілі і ператварылі ў плітку, якую выкарысталі пры будоўлі чыгункі Ліда — Баранавічы. Толькі ўмяшанне гаспадыні Туганавічаў (цяперашняга Карчова) Юзэфы Туганоўскай выратавала глыбу ад знішчэння.

Лічыцца, што побач з каменем сустракаліся студэнты-філаматы Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і што тут у 1820-м яны нават заснавалі Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці). За кіламетр ад Карчова ёсць яшчэ адна важная Міцкевічава мясціна, куды мы і накіроўваемся.

 

ТУГАНАВІЧЫ ВЕРАШЧАКАЎ

У часы слыннага літаратара маёнтак належаў заможнаму роду Верашчакаў. Галава фаміліі Антон Верашчака, маршалак шляхты Навагрудскага павета, на той момант ужо сканаў, і ў Туганавічах гаспадарыла ўдава двараніна Францішка з Анцутаў, цётка Ігната Дамейкі. Яна мела сыноў Юзафа і Міхала, якія вучыліся ў Вільні і ўступілі ў Таварыства сяброў карыснай забавы, заснаванае ў 1820 годзе Занам.

Мэтай прамяністых стала маральнае ўдасканаленне ўдзельнікаў суполкі. Па сведчаннях Дамейкі, менавіта Зан прывёў Міцкевіча ў Туганавічы, дзе юны паэт пазнаёміўся з Марыляй, сястрой Юзафа і Міхала. Так нарадзілася вялікае і шчырае каханне, гісторыі якога даследчыкі прысвяцілі не адну публікацыю, а мастакі — не адну карціну.

Што цікава, Тамаш Зан падчас побыту ў Бартніках не раз выконваў ролю сувязнога Адама і Марылі, носячы патаемныя лісты. Варта згадаць і тое, што разам з Міхалам Верашчакам Адам Міцкевіч зладзіў адзін з першых у беларускай гісторыі перформансаў. Наслухаўшыся паданняў пра свіцязянак, хлопцы адправіліся на знакамітае возера і некалькі гадзін плавалі па ім на чоўне, цягаючы за сабой нерат. Мясцовыя німфы ў рукі філарэтам так і не трапілі. Прынамсі, падобных сведчанняў няма.

 

ЯРОШЫЧЫ СЕМІРАДСКІХ

Зачапіўшыся за Свіцязь, варта зрабіць крок на захад, да колішняга маёнтка Семірадскіх. Але ад самой сядзібы засталася толькі купіна дрэваў ды трыкутны ставок. Напрыканцы XVIII і ў пачатку ХІХ стагоддзя Ярошычамі валодалі Элеўтэрый і Роза з Есьманаў Семірадскія.

Тут нарадзіўся іх сын Іпаліт, бацька сусветна вядомага беларускага мастака Генрыха Семірадскага (1843—1902). Маці і жонка творцы паходзілі з Прушынскіх, якія жылі ў Каралішчавічах.

 

КОСІЧЫ. КРЫНІЦА КІПЯТАК

З Ярошычаў лёгка можна трапіць у блізкія Косічы. У фальварку, якога сёння не існуе, прыйшла на свет беларуская паэтка эпохі Асветніцтва Тэафіля Глінская (Буката) (1762— 1799). Тая пляцоўка на гары цяпер засаджана маладым лесам. Праўда, узвышэнне часткова зрэзана пясчаным кар’ерам. Нейкім цудам на вяршыні, зачапіўшыся за край урвішча, ацалеў кавалак сядзібнага падмурка.

Месца само штурхае зрабіць прыпынак, выпіць кавы ці гарбаты, палюбавацца краявідам. І, натуральна, згадаць забытую ў нашы часы паэтку, імя якой напрыканцы існавання Вялікага Княства Літоўскага ведаў кожны адукаваны чалавек.

Адтуль праз вёску Вялікія Косічы збочваем у паўночным кірунку, да слыннай на ўсю Навагрудчыну крыніцы Кіпятак. З адтулін у пагорку б’юць два моцныя струмені, вадзе якіх мясцовыя жыхары далі назвы “жывая” і “мёртвая”. Як правіла, тут вельмі шмат наведвальнікаў — каб пакаштаваць вады, прыйдзецца адстаяць вялікую чаргу.

 

ВАЛЕЎКА

З Косічаў вяртаемся на дарогу, што звязвае Баранавічы і Навагрудак. На скрыжаванні прытулілася Валеўка, колішняе знанае мястэчка, цяпер вёска. Сто гадоў няма тутэйшага стратэгічнага пункта — карчмы, дзе вяршыліся вялікія і малыя справы мясцовага ўзроўню і каля якой адбываліся падзеі, вядомыя па судовых дакументах. Дамініканскі касцёл даўно зрабіўся праваслаўнай царквой. За больш чым трохсотгадовую гісторыю драўляны храм таксама бачыў шмат, у тым ліку, відаць, вяселле бацькоў Адама Міцкевіча — Мікалая Міцкевіча і Барбары Маеўскай, якое яны справілі напрыканцы 1795-га або на пачатку 1796-га.

 

ЧОМБРАЎ. РАДАГОШЧА

Перш чым накіравацца на ўсход, зробім яшчэ адзін прыпынак каля Валеўкі. У свой час Чомбраў (старая назва — Чомраў) належаў Семірадскім (раней — Сяміградскія), якія прадалі яго Узлоўскім. У ХІХ стагоддзі маёнтак перайшоў ва ўласнасць Карповічаў. Тут у сваякоў бывала маці Яна Чачота.

Не мог не завітваць сюды і сам Адам Міцкевіч, бо гаспадыня маёнтка Анэля Узлоўская — хросная літаратара. Хросным жа, у гонар якога назвалі паэта, стаў Адам Бернард Абуховіч, патрон Мікалая Міцкевіча. Мяркуем, менавіта Абуховіч арганізаваў шлюб бацькоў класіка. У 1929 годзе ў Чомбраве і ваколіцах знялі фільм “Пан Тадэвуш”, у якім можна ўбачыць і сядзібу, і яе гаспадароў. Маляўнічае котлішча Карповічаў вайны не перажыло.

Сёння аб тым, што тут стаяў маёнтак, нагадвае толькі адноўленая капліца ды старыя дрэвы. Мясцовыя мараць адбудаваць дом і стварыць у Чомбраве музей “Пана Тадэвуша”.

Побач жыве сваім жыццём старадаўняе гарадзішча Радагошча, якое краязнаўцы лічаць бацькам Навагрудка.

 

РАЙЦА

З Валеўкі прастуем на ўсход, у бок Карэлічаў. Першы прыпынак на шляху — знакамітая сядзіба Раецкіх. Драўляны дом пачатку ХІХ стагоддзя, які ў савецкую пару выконваў функцыю амбулаторыі, пазней быў закінуты.

Выратаваў будынак ад знішчэння ранейшы міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч, які распавёў сям’і Салдатавых пра мясціну. Так каштоўны помнік атрымаў другі шанц і з цягам часу стаў творчай лабараторыяй: Вера Салдатава — майстар саломапляцення, а яе муж — мастак. У 2021 годзе да юбілею Яна Чачота, які нарадзіўся ў суседніх Мацешыцах, у Райцы зладзілі вечарыну памяці паэта і фалькларыста.

Акрамя сядзібы, у маёнтку вельмі шмат цікавінак, адна з якіх — памятная калона з гербом “Лебедзь” на краі парку.

У вёсачцы звярнуць увагу варта на былую капліцу-пахавальню Раецкіх (цяпер праваслаўная царква). Калі пашанцуе заспець святара, ён ахвотна правядзе наведвальнікам экскурсію па храме і створаным пры ім музейчыку.

 

МАЛЮШЫЧЫ І КАРЭЛІЧЫ

У Тадэвуша Чачота і Клары Гаціскай 17 ліпеня (6 ліпеня па старым стылі) 1796 года нарадзіўся сын Ян — будучы знакаміты беларускі паэт, фалькларыст, этнограф, сябра Адама Міцкевіча. Пазней сям’я перабралася ў Новую Мыш. Там і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады літаратара.

Ад той сядзібы не засталося нават следу. Але ў вёсцы ёсць клуб з бібліятэкай, дзе на юбілеі творцы ладзяцца мемарыяльныя імпрэзы. Будынак жа новага клуба (1970-х гадоў), на якім усталявана дошка ў гонар Яна Чачота, на жаль, даўно закрыты. У Карэлічах на плошчы варта наведацца да помніка паэту — такі ж знаходзіцца ў Новай Мышы.

 

ВАРОНЧА. ДУБ МІЦКЕВІЧА

Яшчэ адзін важны пункт на нашым шляху — слынная Варонча, па суседстве з якой, у Равінах і Гарбатовічах, у XVIII стагоддзі жылі сваякі Адама Міцкевіча. Бываў тут і сам аўтар.

Некалі над ставамі на краі Варончы рос дубволат, які мясцовыя жыхары называлі дубам Міцкевіча. Сёння ад дрэва застаўся толькі спарахнелы і абгарэлы пень (расліну знішчыла маланка). Мусіць, менавіта гэтыя два ставы згадваюцца ў паэме “Пан Тадэвуш”:

Ставы два пахілілі да сябе абліччы, Як пара закаханых: правы быў глыбокі Без траваў, чысты, гладкі, як дзяўчыны шчокі, А левы чуць цямнейшы, як твар маладога, З загарам і пушком абсыпаны нямнога. Пяском залочаным свяціўся злёгку правы, Як ясным воласам, а левы кучаравы, Лазой наежаны і вербамі чубаты. Абодва ж зелені вянком былі абняты.

Адзін з гаспадароў Варончы — апошні навагрудскі ваявода граф Юзаф Несялоўскі (1728—1814), чалавек супярэчлівай славы. З аднаго боку, патрыёт Вялікага Княства Літоўскага, з другога — жорсткі прыгоннік. Менавіта яму Ян Чачот прысвяціў баладу “Узногі”, у якой выкрывалася бязлітаснасць пана і яго аканома да простага люду.

Дарэчы, бацька Чачота некаторы час працаваў адміністратарам маёнтка Несялоўскага Новая Мыш, але за сумленную службу не атрымаў узнагароду, а быў пазбаўлены пасады. “Паў ахвярай нядобразычліўцаў і зайздроснікаў”, як сказалі б цяпер.

Сядзібу спалілі ў часы вайны. Ад яе засталіся толькі нешматлікія гаспадарчыя пабудовы і брукаванка, якая пачынаецца ля маёнтка і вядзе ў бок Мірацічаў і Свіцязі.

Дзейнічае і адноўлены касцёл Святой Ганны, у якім быў ахрышчаны Ян Чачот.

Варта наведацца і на могілкі, дзе нямала цікавых старых помнікаў. Згадаў Варончу ў “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзімір Караткевіч: “Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў.

Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух.

Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польскабеларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта”.

 

САПЛІЦЫ

На паўднёвым захадзе ад Варончы, ля самых вытокаў плыткай рачулкі Петухоўкі, знаходзіцца адна з найбольш вядомых Міцкевічавых мясцін — Сапліцы. Асноўныя падзеі эпічнай паэмы “Пан Тадэвуш”, завершанай у 1834 годзе, разгортваюцца ў гэтым фальварку, а яго жыхары па волі аўтара сыгралі ў творы галоўныя ролі. Уласна кажучы, пан Тадэвуш — былы студэнт Віленскага ўніверсітэта Тадэвуш Сапліца, а яго бацька — Яцак, віноўнік усіх няшчасцяў у Навагрудскім павеце.

Прататыпам другога персанажа стала рэальная асоба, гаспадар згаданага фальварка Ян Сапліца. Але не ўсе людзі той фаміліі пакінулі па сабе змрочную памяць.

Дарэчы, з Сапліцамі ў сваяцтве былі і Міцкевічы, і нават сям’я філосафа Фларыяна Бохвіца.

Шмат гадоў таму мы з’ездзілі ў Сапліцы з апошняй прадстаўніцай роду, якая распавяла нямала займальных падрабязнасцей пра сваю сям’ю і гэты зацішны куток Беларусі. Сёння жанчына жыве ў Новай Мышы.

На жаль, ад колішняга фальварка засталіся толькі руіны хат, зарослыя кустамі. Але месца наведаць варта. Можа, нават хто-небудзь возьмецца аднавіць слынную сядзібу?.. Мы перакананы, што яна пры належнай “раскрутцы” гістарычнага складніка карысталася б цікавасцю ў турыстаў.

Працяг будзе.

Зміцер ЮРКЕВІЧ. Фота аўтара

Газета "Культура", №32 ад 8 жніўня 2025 г.