Светлыя хвіліны памяці

Апублiкавана: 03 верасня 2025 Стужка Музеі Мінск Дата

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

У жыцці народаў ёсць асаблівыя даты і мясціны, куды вяртаюцца, каб адчуць сувязь з каранямі. Дзень памяці Якуба Коласа — адна з такіх падзей. Яна збірае тых, хто шануе роднае слова, хто чуе ў вершах паэта подых сваёй зямлі, і тых, для каго гэта — асабістая сямейная гісторыя.

 

ЗНАЧНАСЦЬ МОМАНТУ

Як і штогод, сёлетняя сустрэча пачалася з ускладання кветак да помніка пісьменніку. Аддаць пашану народнаму паэту сабраліся сваякі — унук Андрэй Данілавіч Міцкевіч, унучка Вера Данілаўна Міцкевіч, праўнукі і прапраўнукі, а таксама дзеячы культуры, супрацоўнікі музеяў.

Цырымонія лаканічная і стрыманая — без гучных прамоваў, але з глыбокім адчуваннем значнасці моманту. Аднак сапраўдная сіла гэтага дня раскрываецца пазней, калі памяць пераходзіць у жывую размову, у песню, у супольны погляд, што яднае мінулае і сучаснасць.

 

СПЕВЫ З РОДНАГА КРАЮ

Ва ўнутраным дворыку літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа гучаць галасы. Тут няма выпадковых мінакоў — кожны, хто прыйшоў, імкнецца не толькі пачуць мелодыю, але і пражыць яе, дазволіць ёй дакрануцца да сэрца.

У 69-ю гадавіну з дня сыходу класіка на імправізаванай зялёнай сцэне аддаў творчую даніну памяці народны вакальны ансамбль “Дольніца” Горкаўскага сельскага дома культуры Стаўбцоўшчыны. Родныя па духу людзі — землякі Коласа, для якіх яго імя гучыць як частка сямейнай гісторыі. Іх сувязь з паэтам не праз кнігі і даследаванні, а праз жыццё: яны дыхаюць тым жа паветрам, што і калісьці класік, ходзяць па тых жа сцежках. Акінчыцы, Мікалаеўшчына, Смольня — тапонімы, што злучаюць геаграфію з душой народа, утвараючы цэласную культурную прастору.

Праграма канцэрта прадумана так, каб нагадаць слухачам: любоў да роднай зямлі пачынаецца з драбніцаў — з паху скошанай травы, з сонечных блікаў на вадзе, з ціхай размовы пад яблыняй. Лірычныя мелодыі змяняюцца вясёлымі, нібы ў вясковай хаце сабраліся суседзі і нехта пацягнуўся да гармоніка.

У ансамблі “Дольніца” жартуюць, што можна было б скарыстаць сучасную тэхніку, але жывы гук куды бліжэй да сэрца: так спявалі іх дзяды і прадзеды, і так, пэўна, спяваў бы і Колас, калі б стаяў тут побач. Гукі баяна пераплятаюцца з ціхімі галасамі горада, а святло сонца на захадзе ў дворыку музея надае ўсяму асаблівую цеплыню. Тут няма падзелу на сцэну і гледачоў: усе — удзельнікі вечара, усе на адной хвалі.

 

ПОДЫХ ХАТНІХ СЦЕН

Пасля музычнай праграмы надыходзіць момант, які традыцыйна становіцца галоўнай з’явай дня. Унук Якуба Коласа вядзе гасцей па пакоях музея, што некалі быў утульным сямейным домам. Андрэй Міцкевіч гаворыць павольна, перабіраючы ў памяці падзеі мінулага, і кожнае яго слова ажыўляе гісторыю. Пясняр нават у сталіцы імкнуўся жыць як у вёсцы.

Пасля вайны ён абраў сціплую хату побач з будынкам Нацыянальнай акадэміі навук, дзе займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. У 1947-м сям’я пераехала ў гэты дом, зрабіла прыбудову, а праз пяць гадоў узвяла прасторную сядзібу, якая сёння адкрыта для наведвальнікаў. З таго часу ўнук паэта жыў тут, памятаючы, у якім складзе збіралася сям’я, хто ў якім крыле бываў часцей, чые крокі і галасы напаўнялі пакоі.

Цяпер гэтыя сцены берагуць не толькі экспанаты, але і водгалас штодзённага жыцця, што калісьці тут віравала. Андрэй Данілавіч згадвае дзень, калі даведаўся пра смерць дзеда. Хлопчык быў на вёсцы, бацькі прыехалі — маўклівыя, з сумам у вачах — і забралі дзяцей. На другім паверсе, у зале ля раяля, стаяла труна. Вакол — людзі, цішыня, слёзы. Тады ён, маленькі, яшчэ не да канца разумеў, што адбылося, але гэты вобраз застаўся ў свядомасці назаўсёды.

У сямейнай гісторыі паэта шмат светлых эпізодаў. У лістах Колас з асаблівай пяшчотай пісаў пра ўнукаў, адзначаючы іх звычкі і свавольствы. Адзін з такіх выпадкаў Андрэй Данілавіч памятае да гэтага часу.

— “Андрэй прыходзіць, адрывае лісткі календара… Але сварыцца з ім не варта — пагражаў, што накідае камянёў, каб дзед упаў”, — з усмешкай перадае ўнук радкі з Коласавых лістоў. Жартоўнае папярэджанне было дзіцячай пагрозай, за якой хавалася цэлая гісторыя.

Колас курыў, і аднойчы маленькі Андрэй, зачараваны вобразам даросласці, узяў пустую папяросу, каб пахадзіць з ёй, як сапраўдны мужчына. Дзед гэта заўважыў, адабраў знаходку, а хлопчык пакрыўдзіўся. Не было крыку, не было слёз — толькі ціхае непаразуменне, лёгкая спрэчка без крыўды, што ператварылася ў цёплы ўспамін.

Захаваліся і іншыя фрагменты мінулага: пра кіслародны балон з маскай, які быў патрэбны хвораму дзеду, пра просьбы не бегаць і не шумець у пакоях, пра вясковы двор, поўны яблынь...

Гэтыя дэталі пераплятаюць паўсядзённасць з веліччу, фармуючы ў памяці жывую, цёплую постаць чалавека. Андрэй Данілавіч згадвае дзіўныя рытмы часу, што праходзяць праз лёсы іх роду: дзень нараджэння яго стрыечнай сястры Марыі супаў з днём, калі не стала Якуба Коласа, — хоць і ў розныя гады. А маці Андрэя памерла ў той самы дзень, калі некалі нарадзіла дачку. Нібыта сама хада падзей пакінула свае знакі, што назаўжды ўпляліся ў тканіну сямейнага летапісу.

 

СПАДЧЫНА ЖЫВЕ…

Ціхая цырымонія ля помніка, спевы пад гармонік у музейным дворыку — усё гэта сведчыць: сапраўдная памяць не абмяжоўваецца датамі і прамовамі. Яна дыхае ў інтанацыях родных галасоў, у мелодыях, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, у тым цёплым святле, якім напаўняецца дом, дзе калісьці лунаў голас паэта.

Спадчына Якуба Коласа — у кожным, хто перажывае яго творы, знаходзіць у іх натхненне. Менавіта ў такіх сустрэчах і працягваецца жыццё вялікага песняра; яго прысутнасць адчуваецца там, дзе сэрцы адкрытыя роднаму слову.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара