Майстар краявідаў

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ў рамках выставы жывапісу Віктара Данілава “Мой родны кут” адбылася сустрэча з мастаком, прымеркаваная да дня яго нараджэння.

 

ПАДАРОЖЖА ПА ЖЫЦЦІ

Імяніннік з’явіўся на свет у 1946 годзе ў Расіі, у горадзе Сучан Прыморскага краю. Пасля школы паступіў у вайсковае вучылішча, пазней працаваў токарам на радыёзаводзе, але ў 1970-м скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і на ўсё жыццё звязаў свой лёс як з мастацтвам, так і з Беларуссю, якую даўно лічыць радзімай.

Мастак згадвае, што ў студэнцкія гады штолета на канікулах выпраўляўся ў вандроўкі па розных кутках Савецкага Саюза, ад Крыма да Сярэдняй Азіі, яго дыпломнай работай зрабіўся трыпціх лінагравюр, прысвечаны 2500-годдзю Самарканда.

Значная частка твораў майстра таксама прысвечаная архітэктурным помнікам Пскоўшчыны, дзе прайшло яго юнацтва.

У 1970 годзе Віктар Данілаў пачынае выкладаць у мінскай школе №90 з эстэтычным ухілам, першай такога кшталту ў нашай краіне, дзе таксама працавалі будучыя народныя мастакі Беларусі Іван Міско і Уладзімір Стэльмашонак (апошні быў яшчэ і старшынёй бацькоўскага камітэта). Школа супрацоўнічала з Дзяржаўным мастацкім музеем БССР, пры ёй дзейнічала эстампная майстэрня, дзе былі тыпаграфскі і афортны станкі, а таксама пазалотны прэс.

 

ВЫХОЎВАЮЧЫ ПАСЛЯДОЎНІКАЎ

З другой паловы 1970-х Віктар Мікалаевіч зрабіўся загадчыкам кабінета выяўленчага мастацтва ў Мінскім гарадскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў і кіраваў студыяй мастакоў-педагогаў у Доме настаўніка — у тыя часы ў школах беларускай сталіцы налічвалася каля дзвюх соцень выкладчыкаў выяўленчага мастацтва.

У гэты перыяд майстар актыўна супрацоўнічаў з такімі выдатнымі творцамі і педагогамі, як Сяргей Каткоў і Васіль Сумараў.

З 1978 года мастак выкладае на факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў складзе кафедры эстэтычнай адукацыі, з’яўляецца аўтарам дзясяткаў артыкулаў, метадычных дапаможнікаў і навучальных праграм па выяўленчым мастацтве і мастацкім выхаванні для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў.

Віктар Мікалаевіч падкрэслівае, што мастаку неабходна пастаянна ўдасканальваць свае веды, камунікаваць з калегамі, пераймаць іх досвед, не спыняцца ў творчым пошуку, каб не страціць свае здольнасці. Таму неабходна перадусім арыентавацца на практычную работу побач з іншымі мастакамі, што дае магчымасць назіраць і вучыцца новаму. Для настаўніка важна таксама не навязваць вучням сваю творчую манеру, а захоўваць іх уласны стыль.

Ледзь не з паўтысячай сваіх вучняў Віктар Данілаў падтрымлівае кантакты, некалькі дзясяткаў з іх таксама звязалі сваё жыццё з творчасцю і зрабіліся прафесійнымі мастакамі, сярод іх такія вядомыя майстры, як Сяргей Стэльмашонак і Анастасія Балыш.

 

ПЯЛЁСТКІ СЛАНЕЧНІКУ

Асноўным жанрам, у якім працуе Віктар Мікалаевіч, безумоўна, з’яўляецца пейзаж, а героямі яго карцін робяцца архітэктурныя помнікі і гістарычныя мясціны Беларусі: замкі, храмы, капліцы.

Але галоўнае месца ў творчасці мастака займаюць краявіды Міншчыны: у яго даробку — серыі прац з Заслаўя, Вязынкі, Маладзечна. Яно і не дзіўна, бо майстар даўно перабраўся з Мінска ў вёску Пятрышкі непадалёк ад Радашковічаў і з задавальненнем малюе навакольныя мясціны, звязаныя з падзеямі беларускай гісторыі і значнымі асобамі айчыннай культуры.

Важнай місіяй Віктар Данілаў па-ранейшаму лічыць педагагічную работу, якой аддаў больш за 50 гадоў, і дагэтуль гатовы перадаваць свае веды людзям усіх узростаў — нават у свой дзень нараджэння, перш чым сабраць гасцей, выслухаць віншаванні і атрымаць падарункі, мастак правёў майстар-клас па жывапісе.

А напаўафіцыйную віншавальную цырымонію адкрыла выступленне хору “Пілігрымы” мінскага прыхода Святой Вольгі, які выканаў шэраг твораў пад гітару, дуду і колавую ліру, пачынаючы ад старажытнага сярэднявечнага канта “Багародзіца” і народных песень да беларускамоўных варыяцый на мелодыі “Бітлз” і Леанарда Коэна.

Напрыканцы ж імпрэзы зала з вялікім імпэтам праспявала разам з імяніннікам “Надежду” Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, якая так пасуе няўрымсліваму характару заўзятага вандроўніка і вечнага шукальніка-эксперыментатара.

Адмысловае месца ў творчасці Віктара Данілава нездарма займаюць карціны са сланечнікамі, сімваламі сонца і дабра, кветкамі яго любімага колеру.

Напрыканцы сустрэчы госці напісалі свае пажаданні імянінніку на адмыслова падрыхтаваных жоўтых папяровых пялёстках, якія разам склалі своеасаблівую віншавальную паштоўку-сланечнік. Няхай цеплыня колераў і лёгкасць вобразаў майстра яшчэ доўга будуць цешыць вочы і сэрцы гледачоў.

Антон РУДАК. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА