Улетку ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і маладзёжным тэатры “Кола” з Віцебска адначасова з’явіліся дзве прэм’еры для сямейнага прагляду на тэму экалогіі. Выпадковасць, збег абставінаў ці загад часу?

ШТО РАБІЦЬ СА СМЕЦЦЕМ?
Пра тое, што рознае смецце трэба збіраць і выкідваць асобна, нам нагадваюць з банераў. З тэлевізараў у час рэкламнай паўзы. Спрытныя яноты, якія займаюцца сартаваннем, палюбіліся гледачам і сталі пазнавальным сімвалам беражлівага стаўлення да навакольнай прыроды і адначасова — да нашай будучыні, што вызначаецца ў тым ліку і залежнымі ад экалогіі фактарамі: станам паветра, водных і зямельных рэсурсаў, кліматам і да т.п.
Гэта пачалі даводзіць не толькі дарослым, але і дзецям, бо тыя могуць паўплываць на сваіх бацькоў. Таму прыкладаў пранікнення такой важнай і актуальнай сёння экалагічнай тэмы ў мастацтва для дзяцей — шмат. Ёсць нават мульцік “Сіні трактар на дзіцячай пляцоўцы” — 98-ы выпуск вядомага расійскага серыяла, дзе машынкі распавядаюць пра забруджванне дваровай тэрыторыі, а з ёй і ўсёй планеты, і сартуюць пустыя бутэлькі і паперу.
Ствараюцца і аматарскія спектаклі з інтэрактывам для маленькіх гледачоў — спаборніцтвамі: якая каманда хутчэй раскладзе ўсё па розных скрынях. Весела, займальна, карысна! Увага да захавання прыроды — адзін з сусветных трэндаў. Год добраўпарадкавання, аб’яўлены ў нашай краіне, як мага лепей упісваецца ў гэтую тэндэнцыю. Прэм’еры беларускіх спектакляў — яскравае таму пацвярджэнне.

“ЯКІ ТАКІ «ПАТОП»?”
Гэтай загадкавай назвай пазначана новая творчая праца РТБД. Тлумачэнне знаходзім у жанравым азначэнні — экаспектакль. Аўтарам і рэжысёрам выступіла артыстка калектыву Вераніка Буслаева. Тэмпераментная, нават крыху агрэсіўная Вавёрка (Дар’я Лазарчык), не хаваючы абурэння, рэгулярна прыбірае лясную палянку ад шклянак-жасцянак. І насуперак усім законам прыроды чакае наступлення зімы і халадоў: тады менш стане турыстаў, а з імі і працы.
Нервовы Кабанчык (Сцяпан Краўчук) настолькі напалоханы магчымай экалагічнай катастрофай, што вырашае не есці жалудоў і памерці з голаду. Вавёрка прапануе добрае выйсце: частку з’ядаць, як і раней, а з некаторых вырошчваць маладыя дубочкі на змену старым.

Кароўка (Ганна Лебедзева), што пасвіцца на лузе каля лесу і раз-пораз надзявае акуляры для большай саліднасці ды самавітасці, з даволі сур’ёзным выглядам чытае аздобленыя відэапрэзентацыяй лекцыі. І пра ваду, бо фабрыка злівае ў раку бруд. І пра тое, як і што вырабляюць з адсартаванага шкла, пластыку, паперы. Яркая індывідуальнасць рухаў, нечаканы танец цалкам разбураюць агульнапрынятае ўяўленне пра нязграбнасць гераіні — наадварот, Кароўка ў саламяным капялюшыку вельмі грацыёзная, у меру какетлівая, добра выхаваная, стрыманая, як і належыць патомнай інтэлігенцыі.
Астатнія персанажы маюць менш запамінальныя пластычныя “партрэты”, але вылучаюцца касцюмамі (мастак Юрый Саламонаў).
На заяўленую тэму працуе і сцэнаграфія. Паміж двума разгалістымі дрэвамі — пень, што нагадвае пра наступствы абыякавасці да навакольнага асяроддзя. На экране задніка — відэакантэнт Аляксея Ладышава, дзе ўзнікаюць і зямны шар, што падкрэслівае актуальнасць праблематыкі для ўсёй планеты, і простыя ілюстрацыі да казкі.

Ці транслюе спектакль карысныя веды? Безумоўна. Выдатна, што з дзецьмі імі дзеліцца не выхавальнік, не настаўнік, не бацькі ці хтосьці іншы з дарослых, а крыху смешныя ў нязграбных камбінезонах жывёлы — казачныя персанажы, якіх дзеці ўспрымаюць як сваіх равеснікаў і сяброў.
Ды толькі тая неабходная інфармацыя не заўжды выкладаецца ў прыдатнай для дашкольнікаў і вучняў малодшых класаў форме. Сустракаюцца дарослыя выразы, уласцівыя афіцыйнаму стылю. Хочацца больш займальнасці, ад якой захоплівала б дух, больш інтэрактыву. Не перашкодзіла б дадаць і гумару, які ў дзіцячых аповедах дапамагае пазбягаць павучальнасці. Бо пакуль тымі момантамі, калі юная публіка можа крыху пераключыцца з разумовай дзейнасці на гэткую “эмацыйную паўзу”, становяцца хіба песні з танцамі (кампазітар Міхаіл Абухаў).
ДЫХАЕМ РАЗАМ!
Бадай адначасова, з розніцай у пару дзён, адбылася прэм’ера перформансу “Дыхай” віцебскага маладзёжнага тэатра “Кола”. Першы паказ прайшоў у рамках фэсту “На сямі вятрах”. Больш за тое, сёлета ўвесь гэты “ветранапаветраны” праект, які стаў неад’емнай часткай вулічнага мастацтва “Славянскага базару ў Віцебску”, быў прысвечаны тэме экалогіі. Іншая справа, што ў большасці такіх фестывальных мерапрыемстваў азначаная тэма праходзіла апасродкавана. А вось спектакль “Дыхай” быў прасякнуты ёй. Прычым не толькі ў плане зместу і лагічна выкладзенай сэнсавай ідэі, але і, уласна, сродкамі мастацкай выразнасці.

Пакуль рыхтавалася сцэнічная прастора, кіраўнік тэатра і “сямі вятроў” Улада Цвікі распавяла, чым перформанс адрозніваецца ад звычайнага спектакля. А калі ўдзельнікі занялі сваё месца, сфармаваўшы целамі вялізную гару смецця, заклікала публіку выйсці да іх.
Усе касцюмы былі выраблены з плёнкі, пластыкавых пакетаў. Гледачы пачалі выратоўваць артыстаў, каб тыя не задыхнуліся. У выніку кожная дэталь таго “смецця” аказалася з выразным тварам. Імправізуючы, акцёры павольна набліжаліся да нас, пільна ўглядаліся нам у вочы. І цягнулі за сабой укручаныя ў пластык мячы з падсвятленнем, што асацыяваліся з нашай планетай.
Ці магчыма пасля гэтага не клапаціцца пра наваколле? Пра тое, каб надаць другое дыханне-жыццё выкінутым рэчам. І маленькімі крокамі рухацца да чысціні — вонкавай і ўнутранай. Бо экалогія, як і ўсе нашы дзеянні, павінна пачынацца з рухаў душы.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА