Поўнаметражная карціна “Пераломны момант” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” з’явіцца на экранах увосень. Як ідзе праца над стужкай? Зазірнём на здымачную пляцоўку, даведаемся пра плён і ўражанні стваральнікаў праекта.

У аснове сюжэта — веславанне на байдарках, знакавы для нашай краіны від спорту, дзе беларускія атлеты дэманструюць найвышэйшыя вынікі. Гэтая тэма блізкая і самому рэжысёру Дзмітрыю Сароку: у юнацтве ён захапляўся акадэмічным веславаннем, даслужыўся да другога дарослага разраду, але ў выніку вырашыў прысвяціць сябе кінематографу.
Тым не менш “Пераломны момант” — стужка не столькі пра спорт, колькі пра няпростыя жыццёвыя выбары, сяброўства, унутраныя сумненні, узлёты і падзенні. У цэнтры карціны — гісторыя паспяховага весляра Арцёма, які вучыцца ў элітнай гімназіі, дзе спартыўная і акадэмічная падрыхтоўка знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. Праз сваю ганарыстасць герой ламае дарагую лодку, набытую дырэктарам школы. Аповед будуецца на кантрасце: фільм паказвае шлях ад поўнага краху да адраджэння.
ЦАЛКАМ БЕЛАРУСКАЯ КАМАНДА
Сярод жывапісных лакацый, што з’явяцца ў карціне, — Вяча, Чыжоўскае, Заслаўскае і Вілейскае вадасховішчы. Першымі, дарэчы, здымалі сцэны на рацэ Іслач у Кіеўцы 25 ліпеня.
— Два гады, што папярэднічалі праекту, я прысвяціў пошукам уласнага візуальнага стылю, эксперыментам з оптыкай і камерамі, стварэнню каманды. У канчатковым выніку яна цалкам беларуская — маё свядомае рашэнне, — падкрэслівае Дзмітрый Сарока. — На пляцоўцы шмат маладых талентаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія толькі ступаюць на шлях кінавытворчасці. Калісьці я выкладаў у гэтай установе, і разумею, якое значэнне мае для студэнтаў удзел у поўным метры. Для мяне было прынцыпова важна знайсці амбіцыйных і захопленых людзей, каб падзяліцца ведамі і досведам.
Большасць акцёрскага складу “Пераломнага моманту” — юнакі і дзяўчаты без сур’ёзнага досведу ў спартыўнай справе. Галоўную ролю выконвае Міхаіл Цуба. Нягледзячы на юны ўзрост — усяго 15 гадоў, — ён ужо можа пахваліцца акцёрскім багажом: Міхаіл паспеў зняцца ў 17 фільмах, пачаўшы кар’еру ў чатыры гады.
— Мой герой Арцём — увасабленне мэтанакіраванасці і моцнага характару. Гэтая роля адна з самых складаных, у першую чаргу праз каласальныя фізічныя нагрузкі. Нягледзячы на тое, што перад стартам здымак я прысвяціў паўтара месяца трэніроўкам, маё цела ўсё роўна адчувае наступствы доўгіх працоўных змен, — дзеліцца ўражаннямі малады акцёр.

ПАЧУЦЦІ ПРАЗ ВІЗУАЛЬНАЕ
Асабліва глыбока, па словах рэжысёра, стужка даследуе свет падлеткавых праблем і вучыць спраўляцца з жыццёвымі выклікамі.
— Сучасная моладзь адчувае шмат трывогі праз уплыў сацыяльных сетак. Публічнасць іх няўдач у анлайн-прасторы стварае дадатковы ціск, які робіць гэтае пакаленне больш уразлівым у параўнанні з папярэднімі, — адзначае Дзмітрый Сарока. — Імкнёмся данесці да падлеткаў думку, што даць рады любым, нават самым няпростым выпрабаванням, — рэальна. На этапе кастынгу, дарэчы, я наўмысна выбіраў акцёраў, у якіх адчувалася ўнутраная драма, эмацыйная турбулентнасць. Шукаў тых, хто здольны перадаць моцны ўнутраны канфлікт.
Эмацыйны свет персанажаў “Пераломнага моманту” транслюецца ў тым ліку праз візуальную атмасферу фільма — і гэта адна з галоўных фішак рэжысёра.
— У кінематографе мы бачым свет як бы праз вочы галоўнага героя, і тое, як выглядае прастора, шмат у чым залежыць ад яго псіхалагічнага стану, — гаворыць Дзмітрый Сарока. — Таму некаторыя сцэны, у прыватнасці ўспаміны Арцёма, здымаліся на 16-міліметровую плёнку. Яна надае карціне асабліва цёплую і аўтэнтычную аўру.
ТОНКАСЦІ ЎВАСАБЛЕННЯ
Акрамя спартыўнай падрыхтоўкі маладых акцёраў, рэалізацыя праекта патрабуе нестандартных тэхнічных падыходаў.
— Як аператар бачу “Пераломны момант” надзвычай прывабным. У ім столькі драйву, гонак, дынамікі — гэта ж спартыўная драма! — расказвае Сцяпан Макоўскі. — У той жа час праца на вадзе спалучана з істотнымі цяжкасцямі: складана правільна выставіць святло, апоры няма, бо ўся тэхніка стаіць на плыце, які ўвесь час гайдае хвалямі і ветрам. А яшчэ знаходзімся пад пякучым сонцам, што таксама дадае “чароўнасці” працэсу.
Завяршыць здымкі плануюць у верасні. Каманда працуе ў даволі сціснутыя тэрміны, каб паспець прадставіць праект на кінафестывалі “Лістапад”. У распараджэнні — 30 з невялікім змен, большасць з якіх ужо за плячыма. — Ствараць на “Беларусьфільме” цалкам беларускім складам — гэта гонар. Спадзяюся, нашая стужка зможа дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы, ды ўразіць і натхніць гледача.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА