Як сімвал працы і жыцця

Атрымаць асалоду ад смаку хлеба з новага ўраджаю і дакрануцца да нацыянальных традыцый: каравай-фэст “Бацькава булка” 16 жніўня зноў вітаў тысячы гасцей з усёй Беларусі.

Чацвёрты раз невялікі гарадок Свіслач стаў асяродкам гастранамічнакультурнага свята. Ідэя яго правядзення нарадзілася на Гродзеншчыне пасля візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на мясцовую пякарню. Паспытаўшы знакамітую свіслацкую пляцёнку, кіраўнік дзяржавы высока ацаніў яе смак і рэцэптуру, што захавалася з савецкіх часоў. Гэта натхніла стварыць фэст, прысвечаны хлебу — сімвалу жыцця, працы і народнай мудрасці.

Сёлета праграма была прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Чырвонай стужкай праз усе фестывальныя складнікі прайшоў паэтычны радок “З вайны спяшаўся зноў дадому салдат і рупны гаспадар”.

Цэнтральнае месца заняў 100-кілаграмовы каравай, над стварэннем якога працавалі пяць майстроў “Гроднахлебпрама” амаль тыдзень. Свой выраб яны ўпрыгожылі чырвоным гваздзіком з салёнага цеста ў памяць аб загінулых воінах. А на вяршыні — ордэн Перамогі, як на мануменце на плошчы Перамогі ў Мінску. Уражальным выглядаў і бохан лідскіх пекараў, які адлюстроўваў штурм Рэйхстага.

Цікавасць выклікалі і вясельныя караваі са Слонімскага раёна, прызнаныя элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Гэтыя хлебныя абярэгі прэзентавалі ўдзельніцы фальклорнага калектыву “Чараўніцы-каравайніцы”: галінка сімвалізуе аб’яднанне дзвюх сем’яў, птушачкі — шмат дзетак, падковы — шчасце, а “васьмёркі” — вечнае каханне.

Асобная экспазіцыя была прысвечана старажытным рэцэптам, якімі карысталіся нашы продкі. Гасцей прываблівалі як традыцыйныя пляцоўкі — “Хутарок па-гаспадарску”, конкурсвыстава хлебных шэдэўраў “Бацькаўшчына”, “Гаспадар-шоу”, майстар-класы па вырабе “бацькавай булкі”, — так і навінкі фэсту, які сёлета выйшаў за межы Свіслачы: упершыню эпізод “Трактар-булка-шоу” разгарнуўся на пад’ездзе да горада.

Творчая праграма таксама ўражвала разнастайнасцю: ад народных калектываў да сучасных музычных гуртоў. Кульмінацыяй стала выкананне гімна фестывалю — песні “Бацькава булка”, пасля чаго ўдзельнікі выклалі з пляцёнак вялізную карту Беларусі. Як сімвал адзінства нашай краіны, сувязі пакаленняў, павагі да сваіх каранёў і традыцый.

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту