З добрым настроем

Першае месца ў конкурсе “Прадстаўленне каманды” і шэраг іншых узнагарод прывезла каманда Міністэрства культуры з XXVI Спартакіяды работнікаў апаратаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Спаборніцтвы праходзілі на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту ў Заслаўлі. Цэнтральныя тэмы насычанай праграмы, якія адбіліся ў абсталяванні бівакоў каманд-удзельніц, іх візітоўках і агульным прадстаўленні, — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Год добраўпарадкавання.

Каманду нашага ведамства ўзначаліў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. На афіцыйным адкрыцці спартакіяды, што адбылося 15 жніўня, ён падзяліўся цёплымі ўспамінамі аб турзлётах, у якіх давялося паўдзельнічаць, падзякаваў арганізатарам за цудоўныя ўмовы і пажадаў удзельнікам добрага настрою і перамог.

У гэты ж дзень камандзе ўдалося заваяваць адразу два прызы — першае месца ў конкурсе “Прадстаўленне каманды” і трэцяе ў спаборніцтвах па тэхніцы веласіпеднага турызму. Са спартыўным арыентаваннем таксама справіліся годна, заняўшы другое месца.

На другую прыступку п’едэстала ўзняліся і ў конкурсе эстраднай песні: аўтарскую песню на матыў кампазіцыі “Дарога на Берлін” Марка Фрадкіна прысвяцілі аднаўленню Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Не менш каштоўнымі сярод трафеяў, з якімі ўдзельнікі спартакіяды вярнуліся дадому, сталі добры настрой, бадзёрасць і натхненне, што, безумоўна, паспрыяе новым працоўным дасягненням і творчым поспехам.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ