Па дарозе на ўсход. Частка другая

Працягваем вандроўку з Мінска ў Оршу. Пачатак можна працытаць па гэтай спасылцы.

 

СВЯТЫНІ НАД ДНЯПРОМ

Завяршаем наша падарожжа ў Оршы, надзвычай багатай на помнікі і гістарычныя мясціны.

На жаль, цягам мінулага веку горад страціў цэлы шэраг старажытных храмаў, узведзеных у XVII—XVIII стагоддзях у стылі барока. Але ёсць і шмат вельмі прыгожых — захаваных, адноўленых, адрамантаваных!

 

Тым не менш да нашых дзён у гістарычным цэнтры захаваліся манастырскія карпусы, дзе жылі манахі ордэнаў базыльян, бернардзінцаў, трынітарыяў і францысканцаў.

 

Але сапраўднай візітоўкай Оршы і адным з яе важных культурных асяродкаў можна лічыць размешчаны на гарадской плошчы колішні калегіум езуітаў, які дзейнічаў з 1612 года.

Пасля ліквідацыі гэтай навучальнай установы з 1842-га па канец 1980-х у будынках калегіума была турма, а ў 2007—2008-м комплекс рэканструявалі і прыстасавалі пад грамадскія патрэбы.

 

Адзіны з гістарычных каталіцкіх храмаў Оршы, які збярогся да нашых дзён, — касцёл Святога Юзафа Абручніка.

Пастаўлены ў 1780—1808 гадах, у 1937-м ён быў закрыты і прыстасаваны пад Дом культуры будаўнікоў, а ў 1989-м зноў перададзены вернікам і адрэстаўраваны.

 

Побач з касцёлам — Свята-Раства-Багародзіцкая царква, лёс якой таксама яскрава ілюструе мінуўшчыну аршанскіх помнікаў архітэктуры. Храм быў узведзены ў 1691 го­дзе і зруйнаваны ў 1961-м, але адбудаваны ў 2000-я на захаваных падмурках і з узнаўленнем першапачатковага выгляду.

 Яшчэ адна праваслаўная святыня Оршы — Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, сапраўднай архітэктурнай перлінай якога можна назваць Свята-Траецкую царкву. Узведзеная ў 1620-я, яна ўваходзіць у лік найпрыгажэйшых узораў стылю барока на беларускіх землях. У XVII стагоддзі манастыр быў вядомым цэнтрам асветніцтва і мастацтва — тут дзейнічала друкарня і працавалі славутыя гравёры ды разьбяры па дрэве.

 

КАЛЫСКА КЛАСІКА

Працягнуць знаёмства з мінуўшчынай горада можна ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны.

У яго складзе — і музей, прысвечаны ці не найбольш знакамітаму ўраджэнцу краю — Уладзіміру Караткевічу. Вядомы факт, што ў будынку, дзе цяпер знаходзіцца гэтая ўстанова, некалі быў радзільны дом, у якім і з’явіўся на свет класік. У экспазіцыі можна пабачыць асабістыя рэчы аўтара, дакументы, фотаздымкі, рукапісы, сяброўскія шаржы, малюнкі, кнігі з дароўнымі подпісамі і творы мастакоў, прысвечаныя літаратару.

Калі там, дзе з’явіўся на свет Валодзя Караткевіч, цяпер размешчаны яго музей, то сучасны Аршанскі радзільны дом знаходзіцца акурат праз вуліцу ад хаты, у якой майстар слова жыў у пасляваенныя гады. Вуліца Касманаўтаў за сваю гісторыю змяніла шэраг назваў, доўгі час называлася менавіта так, але цяпер носіць імя Уладзіміра Караткевіча. Дом №10 быў у 1946-м куплены ў вёсцы і перавезены ў Оршу, дзе на новым месцы яго склаў бацька пісьменніка. Тут Караткевіч правёў школьную пару, тут гасцяваў, прыязджаючы з вучобы ў Кіеве. Аўтар наведваўся сюды і з Мінска, у тым ліку — у апошні год, калі моцна перажываў смерць жонкі. Аднак каштоўны не толькі сам дом, але і пунька, якая стаіць побач у двары. Менавіта ў ёй, на гарышчы, быў абсталяваны імправізаваны кабінет пісьменніка, і акурат тут у 1950-м Уладзімір Караткевіч ва ўзросце 20 гадоў напісаў першы варыянт адной са сваіх найбольш знакамітых аповесцей — “Дзікае паляванне караля Стаха”. Цікава, што знізу прытым жыў парсючок.

 

ПАДПОЛЬШЧЫКІ І ПАРТЫЗАНЫ

Варта завітаць таксама ў новы будынак Аршанскага мемарыяльнага музея Канстанціна Заслонава — Героя Савецкага Саюза, імя якога непарыўна звязана з гісторыяй раённага цэнтра. Ураджэнец Асташкава Цвярской вобласці, да вайны Канстанцін Сяргеевіч быў начальнікам аршанскай чыгуначнай станцыі. Пасля нападу фашысцкай Германіі і эвакуацыі на ўсход стварыў у Маскве з ліку чыгуначнікаў атрад, з якім перасек лінію фронту. Камандаваў падполлем у паравозным дэпо Оршы, пазней — партызанскім атрадам і брыгадай, а потым і ўсімі партызанскімі сіламі Аршанскай зоны.

Канстанцін Заслонаў гераічна загінуў у змаганні з карнікамі ўвосень 1942 года і пасля вайны быў перапахаваны на пероне чыгуначнага вакзала ў Оршы. Музей Канстанціна Заслонава адкрылі ў жніўні 1948 года. Неўзабаве скарбніца атрымала будынак ранейшага Дома піянераў, сканструяваны яшчэ ў 1914-м. У ліпені 2016-га памяшканне было моцна пашкоджана падчас навальніцы і неўзабаве зруйнавана, а экспазіцыю часова перанеслі ў адну з зал Музея гісторыі і культуры горада Оршы. Узводзіць новы двухпавярховы будынак было вырашана на тым жа месцы. У экспазіцыі, якая адкрылася для наведвальнікаў у 2022 годзе, прадстаўлены не толькі матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Канстанціна Заслонава, яго асабістыя рэчы і дакументы, але і прадметы, якія распавядаюць аб змаганні аршанскіх падпольшчыкаў і лёсах вязняў нацысцкіх канцлагераў, аб першым баявым выпрабаванні рэактыўнага мінамёта кацюша. Яно адбылося пад Оршай у ліпені 1941-га пад камандаваннем Івана Флёрава.

Першая зала прысвечана мірнаму жыццю напярэдадні вайны, падзеям, звязаным з усталяваннем нацысцкага акупацыйнага рэжыму і са стварэннем Аршанскага гета. У другой можна даведацца пра ход ВіцебскаАршанскай наступальнай аперацыі, вызваленне і пасляваеннае аднаўленне горада. Асобная зала адведзена пад экспазіцыю ў гонар мясцовых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі на вайне ў Афганістане.

Як бачым, на Аршаншчыне зберагаюць памяць аб усіх этапах нашай гісторыі. Тут сапраўды ёсць чым пацікавіцца і гасцям-замежнікам, і вандроўнікам з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Антон РУДАК. Фота Святланы Чэкалавай