Па дарозе на ўсход. Частка першая

Сезон вандровак па помніках гісторыі і архітэктуры працягваецца: гэтым разам распавядзём, што варта пабачыць, кіруючыся з Мінска ў Оршу. Сляды вайны 1812 года, месцы вырашальных падзей Вялікай Айчыннай, спадчына славутых дойлідаў, іншых творцаў, асветнікаў — маршрут налічвае мноства цікавінак. Ён дазваляе, рухаючыся ў прасторы і часе, прасачыць ключавыя эпізоды беларускай мінуўшчыны, у якой адлюстраваліся таксама і лёсы суседніх народаў.

 

Гістарычныя цэнтры старажытных гарадоў, выратаваныя ад занядбання хрысціянскія святыні, вернутыя да жыцця сядзібы, сучасныя музейныя экспазіцыі і помнікі прамысловай архітэктуры, каштоўнасць якіх толькі пачынае асэнсоўвацца грамадствам. Тут можна заўважыць якасныя змены да лепшага дзякуючы паслядоўнай працы па ахове спадчыны. За гады незалежнасці ў гэтай сферы дасягнуты поспехі.

 

МУРЫ І ВАЛЫ

Першы прыпынак на нашым шляху — старажытны Барысаў. Горад, летапіс якога налічвае ўжо амаль дзесяць стагоддзяў, і сёння мае чым зацікавіць аматараў дойлідства.

У гістарычным цэнтры на рынкавай плошчы і прылеглых да яе вуліцах цудоўна збярогся ансамбль пачатку ХХ стагоддзя з гандлёвымі радамі, будынкамі навучальных устаноў дарэвалюцыйнага перыяду і колішнімі сінагогамі.

Зазірнуўшы ў дворыкі навокал плошчы, можна адчуць сапраўдную атмасферу беларускага мястэчка больш як векавой даўніны.

Архітэктурная дамінанта плошчы і ўсяго Старога горада — сабор Уваскрэсення Гасподняга, узведзены ў 1870-я ў рэтраспектыўным стылі з выкарыстаннем рыс рускага дойлідства XVII стагоддзя.

Таксама ў пры рэчнай частцы Барысава абапал Бярэзіны захаваліся рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў розных эпох. На левым беразе па вуліцы Гогаля зберагліся сляды земляных умацаванняў і замкавых равоў, а таксама руіны турмы сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

А на правым беразе ля пачатку праспекта Рэвалюцыі можна пабачыць славутыя артылерыйскія батарэі — магутныя земляныя ўмацаванні 1812 года для абароны Барысава ад напалеонаўскіх войскаў.

 

МЕТАЛІЧНЫЯ КАРУНКІ

Помнік прамысловай архітэктуры, на які варта звярнуць увагу ў прывакзальным раёне Барысава, — воданапорная вежа. Яна была ўзведзена ў 1927 годзе паводле праекта славутага архітэктара Уладзіміра Шухава, які вынайшаў спосаб пабудовы металічных сеткавых канструкцый, што таксама называюць гіпербалоіднымі. Гэтаму прынцыпу абавязана існаваннем і знакамітая маскоўская Шабалаўская радыё- і тэлевежа.

А ў Беларусі збераглася яшчэ адна воданапорная вежа паводле праекта Шухава, і паглядзець на яе можна, рухаючыся далей, на Талачыншчыне, у вёсцы Звянячы, на чыгуначнай станцыі Коханава. У 2019 годзе аб’екту надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а побач размясцілі інфармацыйны стэнд. У самім жа Талачыне варта засяродзіцца на комплексе Свята-Пакроўскага манастыра, заснаванага ў XVII стагоддзі як кляштар грэка-каталіцкага ордэна базыльянак. Сённяшняя Свята-Пакроўская царква была ўзведзена ў 1769-м па фундацыі магнацкага роду Сангушкаў у стылі віленскага барока. А на пагорку насупраць размясціўся больш сціплы касцёл Святога Антонія Падуанскага. Храм, што адносіцца да класіцызму, збудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя ў гонар перамогі ў вайне 1812-га.

УТУЛЬНЫЯ СЯДЗІБЫ

У ваколіцах Оршы зусім блізка адна да адной ляжаць тры вёскі, надзвычай багатыя на помнікі. Першая з іх — Юрцава: у былым фальварку Кацішын захаваўся палацава-паркавы ансамбль, што ў XIX стагоддзі належаў родам Любамірскіх і Грабоўскіх. Пасярод маляўнічага парку з сажалкай і востравам узвышаецца велічная сядзіба ў стылі гістарызму, якая нагадвае сярэднявечны замак. Яна была збудавана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя як шпіталь для інвалідаў і ветэранаў вайны 1812-га, а сёння тут дзейнічае Віцебскі абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны — такая пераемнасць традыцый.

Далей кіруемся ў суседняе Межава. У сэрцы вёскі ацалеў, хаця і ў крыху пераробленым выглядзе, сядзібны дом роду Лубенскіх, закладзены ў канцы ХІХ стагоддзя. Колішні палац і сёння застаецца цэнтрам вясковага жыцця, дзе размяшчаюцца крамы і праваслаўны прыход. Побач даступныя інфармацыйныя стэнды са звесткамі пра пахаванні партызан, падпольшчыкаў, чырвонаармейцаў і мірных жыхароў наваколля, забітых гітлераўцамі, а таксама спісы рэабілітаваных ахвяр рэпрэсій 1930-х гадоў — цікавы прыклад таго, як збе рагаецца памяць аб земляках у вясковай прасторы.

Тут жа стаіць магутны каменны крыж, перавезены з мяжы Аршанскага і Сенненскага раёнаў. Падобны можна адшукаць усярэдзіне напаўразбуранай царквы ў гонар Уваскрэсення Гасподняга другой паловы ХІХ стагоддзя, што знаходзіцца ў цэнтры паселішча.

А непадалёк, у Высокім, прапануем пабачыць сядзібна-паркавы ансамбль Макрыцкіх, які з’явіўся на мяжы XIX— XX стагоддзяў. Дом адметны тым, што ўлетку 1928-га тут адбыўся I з’езд Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

 

ПЕРАПЛЯЦЕННЕ ЭПОХ

Пасля рухаемся ў Смальяны Аршанскага раёна, дзе падарожнікаў перадусім прыцягваюць велічныя руіны касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзенага ў 1786-м па фундацыі князя Гераніма Сангушкі, з кляштарам каталіцкага ордэна дамініканцаў, перабудаваным у 1930-я пад патрэбы машынна-трактарнай станцыі. Воддаль, на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі, узвышаецца яшчэ адзін напаўразбураны храм — праваслаўная Свята-Аляксееўская царква 1864 года.

У цэнтры Смальянаў варта звярнуць увагу на дзейную Спаса-Праабражэнскую царкву, сканструяваную ў 1790-я ў традыцыях беларускага драўлянага дойлідства з рысамі барока. У 1930-я храм быў закрыты, у ім размясціўся спіртзавод, але, на шчасце, у інтэр’еры святыні да сёння захаваўся арыгінальны роспіс XVIII стагоддзя.

Аднак, вядома, галоўнай славутасцю багатых на помнікі Смальянаў можна лічыць руіны слыннага замка “Белы Ковель”. Ён, збудаваны ў пачатку XVII стагоддзя, належаў магнацкаму роду Сангушкаў, быў моцна пашкоджаны падчас Паўночнай вайны ў 1708-м і канчаткова разбураны ў першай палове ХІХ стагоддзя. Замак займаў пляцоўку 100 на 200 метраў, складаўся з трохпавярховых карпусоў і веж і з’яўляўся адным з найбуйнейшых на беларускіх землях. На жаль, да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі пяцікантовай вежы вышынёй каля 20 метраў, якая ўражвае магутнасцю.

Яшчэ адна цікавінка Смальянаў — на старых могілках за вёскай. Тут пахаваны Тамаш Зан — сябар і паплечнік Адама Міцкевіча, адзін з лідараў таварыстваў філаматаў і філарэтаў. На Аршаншчыне ён апынуўся напрыканцы жыцця, пасля высылкі, куды патрапіў за ўдзел у згаданых суполках. Зан вызваліўся і атрымаў дазвол вярнуцца нездарма — за вялікія заслугі і працу па пошуку запасаў золата і меднай руды на Урале. У Смальянах Тамаш Зан спачывае побач з жонкай і сынам-немаўлём. А непадалёк краязнаўцы не так даўно знайшлі, адкапаўшы і расчысціўшы ад моху, надмагілле Міхала Чарноцкага, брата славутага гісторыка, археолага і этнографа Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага.

Працяг будзе!

Антон РУДАК.
Фота аўтара
і Святланы Чэкалавай