Кранаць душы людзей

Трамбаніст Ілья Кісялёў сёлета трэці раз стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Ён прызёр шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Высокая ўзнагарода стала падставай для гутаркі з маладым музыкантам.

 

— Ілья, як вы залучыліся ў творчы сусвет?

— Натхнёны прыкладам старэйшай сястры Дыяны, якая спявала ў школьным гуртку, я вырашыў таксама паспрабаваць свае сілы ў вакале. Гэтае захапленне, дарэчы, спадарожнічала мне ў малодшых класах.

— А як пачалі іграць на трамбоне?

— Калі вучыўся ў другім класе ў Краснаслабодскай СШ, да нас завіталі выкладчыкі музычнай школы. Яны расказалі пра магчымасці развіцця, якія дае ўстанова, і запрасілі да сябе ўсіх жадаючых. Але на прапанову чамусьці ніхто не адгукнуўся: напэўна, пабаяліся згаджацца без абмеркавання з бацькамі. Тады настаўніца расказала гасцям пра хлопчыка Ілью (усміхаецца. — заўв. рэд.), паколькі ведала аб яго цікавасці да вакальнага мастацтва. Пасля невялікага праслухоўвання мяне залічылі ў клас Сяргея Мікалаевіча Дубовіка. Спачатку я іграў на тэнары, а крыху пазней пазнаёміўся са сваім галоўным інструментам — трамбонам.

— А калі ўпершыню выйшлі на сцэну?

— Дэбют здарыўся на конкурсе, назва якога, на жаль, ужо сцерлася з памяці. Хваляванне перад выступленнем было моцным, але падтрымка і мудрыя парады чулага педагога дапамаглі пераадолець страх. Нечакана для самога сябе займеў дыплом трэцяй ступені — і адчуў сапраўдную любоў да абранай справы. Заняткі, якія спачатку ўспрымаў як нецікавы абавязак, ператварыліся ў невычэрпную крыніцу шчасця і натхнення.

— Нядаўна вы атрымалі дыплом Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Якім запомніўся апошні курс?

— Неверагодна яркім і прадуктыўным! Добрых вынікаў дабіўся ў акадэмічнай сферы, насычаным было і сцэнічнае жыццё. З задавальненнем выступаў на самых розных пляцоўках у складзе трох аркестраў каледжа. Асабліва запомніліся вячэрняя імпрэза “Новы год у філармоніі” і ўрачысты гала-канцэрт у Вялікім тэатры ў гонар Дня Незалежнасці. Багатым атрымаўся гэты год на спаборніцтвы і прэстыжныя ўзнагароды. Удалося, да прыкладу, заваяваць дыплом другой ступені VII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Я.А. Глебава, гран-пры XIII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” — адно з самых буйных дасягненняў за апошні час.

— Як ацэньвалі свае шанцы на перамогу?

— Спецыфіка спаборніцтва ў тым, што паміж сабой “змагаюцца” інструменты самых розных катэгорый: духавыя, струнныя, ударныя, клавішныя. Аб’ектыўна ацэньваць сапернікаў, якія прадстаўлялі іншыя музычныя напрамкі, не спрабаваў. Судзіў толькі ўласнае выступленне. У другім туры быў эпізод, калі моцна расчараваўся ў сваіх сілах і ўжо рыхтаваўся да нізкіх адзнак журы… Аднак, нягледзячы на ўсе асцярогі, паспяхова прайшоў у фінал і заваяваў гран-пры!

— Менавіта гэтая перамога адыграла ключавую ролю ў прысуджэнні трэцяй прэміі спецфонду? Якія пачуцці выклікала навіна?

— Ізноў адчуў шчырую радасць і моцнае захапленне, калі даведаўся пра прэмію. Узнагарода — праява найвышэйшага даверу дзяржавы да маёй творчасці, годны вынік доўгай і нялёгкай працы, матывацыя нястомна рухацца наперад, каб праслаўляць нашу Радзіму!

— Дзе чэрпаеце сілы, каб дамагацца такіх вышынь?

— Больш энергіі знаходжу ў самадысцыпліне, чым у мімалётным натхненні. Штодзённы, даволі руцінны працэс самаўдасканалення, яго бесперапыннасць і прадказальнасць — вось што прыносіць мне сапраўднае задавальненне. Бясконца ўдзячны за падтрымку майму выкладчыку Аляксею Васільевічу Андрэеву і канцэртмайстру каледжа Марыі Паўлаўне Іфтодзі. Гэтыя неверагодна таленавітыя людзі аказалі вялікі ўплыў на маё жыццё, і я лічу сустрэчу з імі сапраўдным цудам!

— Хто з музыкантаў для вас з’яўляецца прыкладам?

— Мне блізкая творчасць многіх выбітных трамбаністаў, таленты якіх выклікаюць глыбокую павагу. Аднак вылучыць кагосьці ў якасці абсалютнага куміра не магу. Шлях да выканальніцкага майстэрства і прызнання будую самастойна, абапіраючыся на свой унутраны свет, асабістыя жаданні і пачуцці.

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш рэпертуар.

— З вялікім задавальненнем выконваю музыку самых розных стыляў — ад класічных шэдэўраў да эстрадных хітоў і джазавых імправізацый. У кожным музычным напрамку знаходжу нешта прыгожае і натхняль­нае. Вельмі радуе, што такая разнастайнасць дазваляе ствараць праграму пад любую пляцоўку.

— А якія самыя любімыя кампазіцыі?

— Творы “Deux Danses” (аўтар — Жан- Мішэль Дэфэй) і “Fly or Die” (аўтар — Жыль Раша). Паспрабуйце акунуцца ў гучанне гэтых кампазіцый — і вы адчуеце сапраўдную асалоду ад іх музычнай вытанчанасці!

— Як бачыце сваё далейшае развіццё ў прафесіі?

— Пасля завяршэння тэрміновай воінскай службы, якую буду праходзіць у складзе ваеннага аркестра, маю намер паступіць у ВНУ і прадоўжыць актыўную канцэртную дзейнасць, дамагчыся поспеху і як саліст, і як удзельнік ансамбля. Да таго ж ёсць магчымасць заняцца выкладчыцкай дзейнасцю. Перспектывы маюцца, галоўнае — імкнуцца да іх! У нашай краіне клапатліва ставяцца да маладых талентаў, паважаюць і любяць музычны свет. Таму хачу, каб мая ігра працягвала кранаць душы людзей і напаўняць навакольны свет прыгажосцю.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва героя