Свет кіно і тэатра Уладзіміра Чарнышова

Апублiкавана: 22 жнiўня 2025 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

Выставачны праект “Свет кіно і тэатра Уладзіміра Чарнышова” прадставіў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь з нагоды 85-годдзя мастака.

 

ЛЁС ПРЫВЁЎ У БЕЛАРУСЬ

Уладзімір Чарнышоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся ў 1939 годзе ў Расіі, у 1955-м паступіў у Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А. Савіцкага, якое паспяхова скончыў у 1960 годзе.

Пасля вучыўся ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі на мастацкім факультэце, а ў 1968 годзе па размеркаванні трапіў у Мінск на кінастудыю “Беларусьфільм”. Сярод найлепшых стужак, у стварэнні якіх удзельнічаў Уладзімір Чарнышоў, — “Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў”, “Вялікі трамплін” (прызёр кінафестывалю фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Таліне), “Сямейныя абставіны”, “Запіскі юнага лекара”.

З 1995 па 2001 год працаваў галоўным мастаком у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, аформіўшы 13 спектакляў, сярод якіх “Зыход” і “Раскіданае гняздо” па матывах твораў Янкі Купалы, “Крык чалавечы”, “Браты-разбойнікі” паводле Фрыдрыха Шылера і многія іншыя.

Прыкладна ў гэты ж час — па 2003-і — выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

 

ШЛЯХ СТАНАЎЛЕННЯ

Бацька будучага мастака пайшоў ваяваць у 1942-м, а ўжо налета загінуў падчас кровапралітных баёў пад Смаленскам. Уладзімір Чарнышоў згадвае, як хадзіў сустракаць эшалоны з фронту, пытаўся ў салдат, ці не сустракалі яны яго тату, — такімі былі адны з першых успамінаў дзяцінства. Таму, вядома, перажыванні тых трагічных гадоў пазней знайшлі адлюстраванне ў многіх работах, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, якая заняла важнае месца ў творчасці мастака.

У дзяцінстве Уладзімір Чарнышоў разам з сябрамі збіраў ягады і прадаваў, а на атрыманыя грошы набываў кніжкі і, вядома ж, алоўкі ды фарбы. Пазней, ужо ў юнацтве, зарабляў як настаўнік малявання ў школах — з гэтай прычыны яго нават не ўзялі на службу ў войска.

Практыку ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі праходзіў у сярэдзіне 1960-х падчас здымак знакамітага фільма “Вайна і мір” рэжысёра Сяргея Бандарчука, які ў 1969-м атрымаў “Оскар” як найлепшая стужка на замежнай мове.

 

ПАРТРЭТЫ ТВОРЦАЎ І ЎРАЖАННІ З ВАНДРОВАК

Прыехаўшы ў Мінск і вырашыўшы звязаць свой лёс з “Беларусьфільмам”, супрацоўнічаў з маладымі, а ў будучыні вядомымі рэжысёрамі Вячаславам Нікіфаравым, Валерыем Рубінчыкам і Юрыем Цвятковым. На здымках фільма “Ясь і Яніна” ў 1974 годзе працаваў са славутымі “Песнярамі” і кампазітарам Эдуардам Ханком.

Мастак стварыў запамінальныя партрэты многіх дзеячаў культуры, чые жыццё і творчасць захаплялі яго ўяўленне, — Фёдара Шаляпіна, Сяргея Рахманінава, Мікалая Рубцова, Яўгена Яўтушэнкі, а таксама тых, з кім звёў яго лёс падчас творчай работы, — Міхаіла Фінберга, Ігара Лучанка…

Сярод тэхнік, у якіх працуе Уладзімір Чарнышоў, — алей, акварэль, аловак, вугаль, тэмпера і сангіна.

Прадстаўленыя на выставе жывапісныя і графічныя творы з калекцыі аўтара і фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь уяўляюць сабой рэтраспектыву найлепшых эскізаў тэатральных і кінематаграфічных работ, створаных у розныя гады.

У экспазіцыі можна пабачыць эскізы і накіды афармлення спектакляў і фільмаў, партрэты знакамітых акцёраў Расціслава Янкоўскага, Валерыя Раеўскага, Барыса Луцэнкі, аўтапартрэт мастака, а таксама яго падарожныя замалёўкі, сярод якіх асноўнае месца займаюць краявіды з выявамі храмаў, што адлюстроўваюць творчы пошук і развіццё майстра, які адыходзіць ад сацрэалізму, характэрнага для яго ранніх работ.

Выстава працуе да 24 жніўня.

Антон РУДАК. Фота аўтара і з архіва музея