Нацыянальны мастацкі музей прадставіў выставачны праект, прымеркаваны да стагоддзя з дня нараджэння скульптара і графіка, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Кандрацьева “Мікалай Кандрацьеў. Гісторыя аднаго жыцця”.

БЛІЗКА ДА СЭРЦА
Мікалай Кандрацьеў, ураджэнец Алтайскага краю, з самага дзяцінства захапляўся маляваннем, а 17-гадовым юнаком, прыпісаўшы сабе год, трапіў на фронт. З 1943-га ваяваў у складзе аддзялення супрацьтанкавых стрэльбаў, атрымаў цяжкае раненне: дарэчы, фрагмент таго самага асколка, які прайшоў ля сэрца, можна пабачыць на выставе. Дэмабілізаваўшыся, паступіў у Крымскае мастацкае вучылішча імя М.С. Самокіша ў Сімферопалі, затым скончыў скульптурны факультэт Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР у Ленінградзе.
Тут, у майстэрні акадэміка Усевалада Лішава, выкладалі такія вядомыя майстры, як Міхаіл Керзін і Ігар Крастоўскі. Дыпломная работа Мікалая Кандрацьева “Сустрэча”, якая адлюстроўвала сцэну вяртання салдата з вайны і ўз’яднання з сям’ёй, у 1957 годзе экспанавалася на выставе твораў маладых мастакоў СССР у рамках VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве.
З другой паловы 1950-х Мікалай Кандрацьеў працаваў у Чалябінску, але ў 1970 годзе па запрашэнні свайго аднакурсніка па ленінградскай акадэміі, мастака Уладзіміра Стэльмашонка, перабраўся ў беларускі Дзяржынск, а з 1977-га жыў у Мінску.

За творчыя дасягненні ў галіне манументальнай і станковай скульптуры і графікі быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём “Ветэран працы”, Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
Памёр Мікалай Кандрацьеў у 2001 годзе і пахаваны на сталічных Усходніх могілках.

ВАЙНА І МІР
Сярод найбольш вядомых работ майстра можна адзначыць кампазіцыі для мемарыяла на Паўночных могілках Мінска, скульптуру “Гуляюць дзеці” на сталічнай вуліцы Веры Харужай, кампазіцыю “Мацярынства” ля Мінскага абласнога радзільнага дома і скульптуру “Дзяўчына, якая чытае” ля кнігарні на вуліцы Багдановіча — фактычна Мікалай Кандрацьеў быў адным з пачынальнікаў жанру гарадской скульптуры ў Беларусі.
Таксама ён стварыў кампазіцыі ў мемарыяльным комплексе “Брыцалавічы” Асіповіцкага раёна і мемарыял “Тых, хто загінуў, чакаюць вечна” ў вёсцы Доры на Валожыншчыне. Памяць аб трагедыі вайны ў творчасці мастака-франтавіка спалучалася з увагай да тэмы маладосці і працягу мірнага жыцця, якое пераадольвае ўсе нягоды.

Мікалай Кандрацьеў працаваў з каменем, металам, драўнінай, глінай, гіпсам, ствараў графічныя работы пастэллю, акварэллю, алоўкам, сангінай, вугалем і алеем.
Мастак шмат падарожнічаў па СССР і за яго межамі ў Еўропе ды Азіі, і свае ўражанні з гэтых вандровак адлюстроўваў у сваёй творчасці. Быў актыўным і ў грамадскім жыцці, займаў пасаду старшыні секцыі скульптуры Саюза мастакоў БССР, членам мастацкай рады па манументальным мастацтве пры Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце і намеснікам старшыні бюро секцыі ветэранаў Саюза мастакоў БССР, але, што адметна, заўжды адстойваў неабходнасць даваць дарогу маладым мастакам.

ТАЛЕНАВІТЫ ВА ЎСІМ
Куратарам выставы выступіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX—XXI стагоддзяў, захавальніца калекцыі “Беларуская скульптура” Анастасія Карнейка. У экспазіцыі прадстаўленыя скульптура і графіка з 1949 па 1997 год — ад студэнцкіх работ да твораў прызнанага майстра з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Акрамя таго, выкарыстаныя творы са збораў Беларускага саюза мастакоў і музея Мінскага трактарнага завода, а таксама з калекцыі сям’і мастака.
Яшчэ тут можна пабачыць фота і дакументы з сямейнага архіва Мікалая Кандрацьева і архіва Нацыянальнага мастацкага музея, і нават прачытаць вершы мастака — усебакова адораны талентамі, ён нават шкадаваў, што не валодае яшчэ і нотнай граматай, каб запісваць музыку, якая таксама ўзнікала ў яго ўяўленні.

Дапаўняе экспазіцыйную прастору інсталяцыя з прадметаў інтэр’ера і дэкору са збораў Музея гісторыі горада Мінска, якая ўключае ў сябе асабістыя рэчы і прадметы, што захоўваюцца ў сям’і Мікалая Кандрацьева, і сімвалічна аднаўляе выгляд кватэры майстра. Гэта дазваляе наведвальніку уявіць сябе госцем мастака і наблізіцца да разумення яго паўсядзённасці праз дэталі побыту, яшчэ мацней паглыбіўшыся ў атмасферу жыццёвага і творчага шляху.
Антон РУДАК. Фота аўтара