Яна стала адкрыццём на прэміі “Песня года Беларусі” і прыцягнула ўвагу шоу-індустрыі адметным спалучэннем электроннага драйву з глыбінёй народнай традыцыі. Nevika — новае імя на айчыннай сцэне, за якім стаіць не толькі прыродны талент, але і нястомная штодзённая праца. Артыстка, што злучае фальклорнае мінулае, тэхналагічную сучаснасць і будучыню беларускай музыкі, ужо задае рытм новай культурнай хвалі.

НАСТРОЙКА НА ДЗЕНЬ
Раніца спявачкі, прызнанай “Адкрыццём года” на галоўнай музычнай прэміі краіны, пачынаецца не з тэлефонных званкоў, кавы ці дзелавых сустрэч, а з цішыні. Для Вікторыі Валатовіч, вядомай як Nevika, гэта час асабістай прысутнасці.
— Стараюся хаця б першыя 20 хвілін дня правесці з сабой — без тэлефона. Трошкі гімнастыкі, ёга, душ. Асабліва люблю кантрасны — ён як выпрабаванне на сілу волі: цела супраціўляецца, але ты ідзеш. Гэта дапамагае справіцца з трывогай перад важнымі падзеямі. Менавіта ў такія моманты разумееш, што можаш больш, чым думаеш, — расказвае наша гераіня.
Такі пачатак не проста руціна, а свайго роду рэпетыцыя перад выступленнямі. Цела прачынаецца, дыхае, канцэнтруецца. А пасля — сняданак і праца. Не студыя, не грымёрка, а офіс: іншы бок жыцця, дзе таксама патрэбныя дысцыпліна і адказнасць.

ПАМІЖ EXCEL І АКОРДАМІ
“Па адукацыі я магістр эканамічных навук. Працую з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці. Гучыць складана і зусім не падобна на сцэнічнае жыццё, але мне сапраўды падабаюцца лічбы і формулы. Гэта мой другі свет”.
Здаецца, быццам двайное жыццё — але Вікторыя нічога не хавае. Наадварот, яна адкрыта гаворыць пра абедзве свае іпастасі. Раніцай — строгі дрэскод і справаздачы, увечары — бэкстэйджы і студыйныя сесіі. Музыка з’явілася ў яе жыцці задоўга да прафесійных поспехаў. Першы трэк яна напісала ў 12 гадоў.
А сапраўдны крок у шоу-індустрыю называе лёсавызначальным.
— У свой дзень нараджэння ўбачыла рэкламу кастынгу на адзін лэйбл, — успамінае артыстка. — Успрыняла гэта як знак. Вырашыла паспрабаваць, хоць некалькі гадоў зусім не спявала. Да фіналу дайшла, але на лэйбл не ўзялі. І ўсё ж я атрымала столькі карысных парад, што менавіта яны далі мне ўпэўненасць: трэба ісці далей.

НЕ МАСКА, А ЛЮСТЭРКА
На сцэне яна яркая, смелая, упэўненая. У жыцці — засяроджаная, асцярожная, схільная да роздуму. Паміж гэтымі двума станамі Вікторыя выбудоўвае мост — і называе яго псеўданімам:
— У паўсядзённасці ўва мне мала ад сцэнічнага вобраза. У жыцці шмат думаю, доўга вагаюся, сумняваюся. Часам лаўлю сябе на думцы: варта было б часцей уключаць гэтую Nevika і па-за сцэнай — быць смялейшай, хутчэйшай, лягчэйшай.
Псеўданім для яе не маска, а форма дыялогу з сабой. Не ўцёкі, а спосаб слухаць унутраны голас. Nevika — другое я, што дазваляе даследаваць эмоцыі, перажыванні, глыбіні. Адсюль тэксты песень: шчырыя, пранізлівыя, напісаныя на роднай мове. І ў гэтым — частка яе місіі: гаварыць пра важнае, застаючыся сабой.
ДЫСЦЫПЛІНА ЦЕЛА І РОЗУМУ
У дні перад выступленнямі ўсё падпарадкавана падрыхтоўцы — не праз забабоны, а дзеля фізічнай і ментальнай гатоўнасці. Кожная дэталь мае значэнне: для голасу, самаадчування, кантакту з аўдыторыяй.
— Не п’ю газіроўкі, не ем тое, што можа нашкодзіць голасу. Дадаю фізічныя нагрузкі, каб цела не падвяло, бо сцэна патрабуе шмат энергіі. Усё павінна працаваць зладжана: дыханне, голас, рухі. За некалькі гадзін да выхаду — дыхальныя практыкі. Без свечак і талісманаў — толькі паветра і цела. Проста дыхаю. Асабліва дапамагае капалабхаты — дыханне жыватом, якое здымае напружанне. І яшчэ я заўсёды стараюся выспацца. Калі гэта можна назваць рытуалам, няхай так і будзе, — адзначае Nevika.

ВЫСОКАЯ МЭТА
Перамога на “Песні года Беларусі” стала для Вікторыі не проста падзеяй, а момантам, калі ўсё набыло сэнс. Артыстка не ўспрымае ўзнагароду як тытул або статуэтку на паліцы. Хутчэй як сведчанне таго, што шлях, які пачынаўся з сумненняў, аказаўся правільным:
— Калі стаіш на сцэне, а людзі, якія ўсё жыццё ў музыцы, называюць тваё імя... Гэта нешта неверагоднае. Я зразумела: значыць, усё не дарма. Прызнанне — як спалучэнне натхнення і адказнасці. Мне далі крэдыт даверу, і цяпер я хачу яго апраўдаць.
Для Вікторыі музыка — паўнавартасны інструмент выяўлення сябе. Большасць яе кампазіцый гучыць па-беларуску: свядома, паслядоўна, з глыбокай павагай да роднага слова. Яе праца — спроба аднавіць эмацыйную сувязь паміж матчынай мовай і моладдзю, паміж традыцыяй і сучаснасцю:
— Адчуваю сваю ролю не толькі як артысткі, але і як чалавека. Ствараю тэксты, якія дапамагаюць. І калі нехта падыходзіць і кажа: “Твая песня мяне выратавала”, — гэта і ёсць сэнс. Але не менш важна, каб роднае слова гучала ўпэўнена, сучасна, годна. Каб яго чулі не толькі са сцэн у Беларусі, але і ў міжнародных чартах. Хочацца, каб культура, што вырасла з нашай зямлі, займала бачнае месца, каб яна натхняла і была ўспрынята новым пакаленнем. І калі я магу зрабіць гэта праз музыку — значыць, я на сваім месцы.
У творчасці Nevika беларуская песня не рарытэт і не фальклорнае мінулае, а жывы культурны код. Творца арганічна спалучае паэзію з электронікай, сучасным саўндам і асабістымі гісторыямі, каб слова не толькі захоўвалася, але развівалася, гучала і кранала.

АД СУМНЕННЯЎ — ДА ДЗЕЯННЯ
Асобны момант — натхненне, якое можа прыйсці з самых нечаканых крыніц: з выпадковай фразы, размовы з сябрам або дзіўнага павароту ў чужой песні. Nevika часта слухае зусім не тое, што стварае, і стварае не тое, што слухае. Менавіта ў гэтым — сутнасць яе метаду: аб’ядноўваць розныя светы, не баяцца сутыкнення гукаў і жанраў, ісці шляхам эксперыменту. Вікторыя прызнаецца: яе дарога да музыкі была нялёгкай — праз сумневы, ціск чужых меркаванняў і парады “заняцца чымсьці рэальным”.
— Казалі: “Гэта не тваё, лепш рабі тое, што даецца лягчэй”. Але з часам я зразумела: усё неабходнае — ужо ўва мне. Галоўнае — рухацца наперад, нават калі нешта атрымліваецца не з першага разу і без падтрымкі. Гэта мой шлях. Калі б магла звярнуцца да сябе ў самым пачатку творчай дзейнасці, сказала б: не чакай дазволу, не імкніся быць ідэальнай — проста дзейнічай. Кожны, нават няўпэўнены крок — частка твайго росту. Не параўноўвай сябе з іншымі, не адступай. Вера ў сябе і паслядоўная праца — вось што сапраўды вядзе да выніку.
ЦІШЫНЯ — ПУНКТ АДЛІКУ
Пасля гучных прэм’ер і канцэртаў — поўны спакой. Не як капрыз, а як неабходнасць:
— Часта адключаюся ад сацсетак, бяру некалькі дзён цішыні. Вясной выйшаў мой першы альбом — “Кармічны сон”. Пісала і зводзіла яго сама. Пасля рэлізу зразумела, што мне трэба пабыць з сабой. Адпачынак у офісе, адключаны тэлефон, прагулкі. Часам проста пяку бліны. Гэта зазямляе. У такія моманты знікае мітусня, а думкі становяцца чыстымі. Нават калі ляжу і гляджу ў столь — прыходзіць сапраўднае аднаўленне.
Гэта не ўцёкі ад творчасці, а вяртанне да яе каранёў. Цішыня — пункт адліку. Менавіта з яе нараджаюцца новыя думкі, трэкі, пачуцці. І калі заканчваецца дзень, застаюцца не толькі стомленасць і адчуванне зробленага, але і яснасць: усё, што было пражыта і праспявана, — сапраўднае. Nevika — гэта выяўленне таго, што Віка назапашвае, назіраючы, перажываючы, даследуючы. Адкрыццё года? Так. Але, здаецца, гэта толькі першы крок вялікага творчага шляху.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні