Ведаюць, чым уразіць

Старадарожскі Цэнтр рамёстваў  — утульная прастора, дзе з любоўю захоўваюць і папулярызуюць мясцовыя традыцыі.

 

АДНАЎЛЕННЕ ПА ВОДЦІСКАХ

Прыгажосць гэтых вырабаў зачароўвае: на чорнай тканіне паблісквае золатам саломка, чырвоныя кветкі і зялёныя лісточкі — як у садзе ля дома, птушкі на галінках — таго і глядзі заспяваюць...

Дываны, аздобленыя аплікацыяй з саломкі, з’яўляюцца адной з выдатных з’яў у народным мастацтве Старадарожчыны. Заснавальніцай іх вытворчасці лічыцца Кацярына Русаковіч, жыхарка вёскі Рухава. У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя яна ўбачыла падобны незвычайны дыван на кірмашы ў Любанскім раёне і, уражаная ім, вырашыла зрабіць нешта падобнае самастойна. І атрымалася!

А неўзабаве прозвішча Кацярыны Максімаўны стала вядома за межамі Беларусі — такім вялікім попытам карысталіся яе вырабы.

Майстрыха зацікавіла сваім захапленнем сяброўку, Надзею Пілюк, якая, у сваю чаргу, перадала сакрэты майстэрства хрэсніцы Марыі Русаковіч.

— Дзякуючы Марыі Міхайлаўне мы і атрымалі асноўныя веды па вырабе так званых рухаўскіх дываноў, — заўважае загадчык Старадарожскага Цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна. — Калі ў 2013-м я ўзначаліла ўстанову, іх тэма адразу прыцягнула ўвагу: гэта насамрэч унікальная з’ява! Ды толькі вось адшукаць удалося адзіны экзэмпляр — у мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі.

Акрамя таго, мы ездзілі ў шматлікія экспедыцыі. У закінутых сельскіх дамах знаходзілі рэшткі былых цудоўных вырабаў рухаўскіх умеліц. Справа ў тым, што саламяныя ўзоры, як правіла, клеіліся да тканіны звычайным клейстарам з мукі, а таму... іх проста з’елі мышы — засталіся толькі светлыя “дарожкі”. Па гэтых адбітках і пачалі аднаўляць зааморфныя, геаметрычныя і раслінныя арнаменты.

Далейшыя пошукі прывялі нас да Марыі Русаковіч, якая стала нашай настаўніцай.

У 2020 годзе традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Паступова сучасныя майстры стварылі ўласную калекцыю, дадалі да яе пяць падораных дываноў і ўсё багацце размясцілі ў асобным памяшканні. Экспазіцыя, якая дзейнічае пастаянна, стала разыначкай Цэнтра рамёстваў, тут заўсёды шмат наведвальнікаў.

 

“МАТЧЫНЫ КРОСНЫ”

Прыярытэтны напрамак работы Старадарожскага Цэнтра рамёстваў звязаны з тэкстылем.

— Мы не толькі тчом паясы і ручнікі ў розных тэхніках, але і з’яўляемся радзімай абласнога свята-конкурсу майстроў па ткацтве “Матчыны кросны”, якому ўжо чвэрць стагоддзя, — з гонарам гаворыць кіраўніца ўстановы. — Імкнёмся, каб мерапрыемства, мэта якога — адраджаць і развіваць традыцыі беларускага народнага ткацтва, — атрымала статус рэспубліканскага.

Падстава для такой гучнай заявы ёсць, бо папулярнасць свята з кожным годам узрастае, як і пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. Так, калі ў 2000-м у Старыя Дарогі прыехала ўсяго некалькі майстроў з Міншчыны, то летась конкурс сабраў ужо каля 130 умельцаў з розных рэгіёнаў краіны. Свята праводзіцца раз на тры гады, беларускія ткачы яго чакаюць і карпатліва рыхтуюцца, каб здзівіць хатнімі калекцыямі і на працягу адведзенага конкурснага часу стварыць традыцыйны выраб.

 

СТРОІ І ЛЯЛЬКА

— Робім мы яшчэ тэкстыльныя лялькі, нават стварылі свой брэнд — ляльку-старадаражанку, якая апранута ў народны касцюм, уласцівы для нашага рэгіёна, — працягвае дзяліцца напрацоўкамі Вольга Давыдкіна.

Дарэчы, аднаўленнем строяў, характэрных для Старадарожчыны, спецыялісты Цэнтра рамёстваў займаюцца даволі сур’ёзна. Работа пачынаецца з даследаванняў. Супрацоўнікі вывучаюць адмысловую літаратуру (якой, дарэчы, не так ужо і шмат), выязджаюць у экспедыцыі, наведваюць музеі. Загадчыца з задавальненнем адзначае, што апошнім часам музейныя ўстановы асабліва актыўна размяшчаюць вынікі сваёй працы ў сацыяльных сетках, — з’явілася магчымасць браць іх на заметку.

Па парады і дапамогу звяртаюцца і да навукоўцаў. Напрыклад, шчыльна супрацоўнічаюць з кандыдатам мастацтвазнаўства з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыяй Віннікавай.

— Аб старадарожскім народным строі распавядаем падчас экскурсій у Цэнтры рамёстваў і на выязных мерапрыемствах, якія праводзім у тым ліку і ў школах, — кажа Вольга Міхайлаўна. — І прыемна адзначыць, што сучасныя дзеці праяўляюць жывую цікавасць да традыцый продкаў: слухаюць гісторыі нашых супрацоўнікаў, задаюць шмат пытанняў і з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах па навязванні наміткі — традыцыйнага жаночага галаўнога ўбору.

 

ДОМА НЕ СЯДЗІЦЦА!

Майстры Старадарожскага Цэнтра рамёстваў з радасцю ўдзельнічаюць у выязных мерапрыемствах. Кажуць: цудоўная магчымасць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець, павучыцца новаму. У чэрвені, напрыклад, былі на XXIV Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2025”. Прыгожа аформленая лакацыя, майстар-класы і самабытныя вырабы выклікалі сярод удзельнікаў і гасцей мерапрыемства сапраўдны ажыятаж.

А нядаўна калектыў стаў уладальнікам гран-пры III Міжрэгіянальнага фестывалю традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Кірмаш рамёстваў” у Морачы. Асабліва ўразілі журы майстаркласы і насычанасць выставы: старадарожцы прывезлі вялікую колькасць выкананых у розных тэхніках ручнікоў, народных лялек, а таксама маляванкі з адлюстраванымі на іх гістарычнымі мясцінамі малой радзімы.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва Старадарожскага Цэнтра рамёстваў