Выстава з такой назвай, прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і створаная па ініцыятыве Мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, дзейнічае ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі сам вядомы паралімпіец, а таксама старшыня Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда Марыя Ягадніцына.

СМЯРОТНАЯ СУТЫЧКА
Самыя трагічныя падзеі ў гісторыі Ленінграда бяруць свой пачатак 8 верасня 1941 года. З гэтай фатальнай даты буйны прамысловы і культурны цэнтр СССР стаў ключавой стратэгічнай мішэнню для нямецкага камандавання. Галоўнай мэтай было акружэнне Ленінграда, каб адрэзаць яго ад астатняй тэрыторыі СССР і пазбавіць усіх магчымых шляхоў забеспячэння. За 872 дні горад на Няве апынуўся ў эпіцэнтры смяротнай сутычкі, падвяргаючыся жорсткім бамбардзіроўкам, голаду і холаду. Гітлер і яго генералы разлічвалі, што Ленінград не зможа доўга вытрымліваць аблогу ва ўмовах недахопу ежы і боепрыпасаў, і такім чынам яго падзенне стане пытаннем часу.
Ніхто нават не думаў, што народ не толькі вытрымае націск, але і пранясе гэтую гісторыю праз гады, перадаючы з пакалення ў пакаленне, згадваючы зноў і зноў.

РУХ НАПЕРАД
Аляксей Талай хоць і не быў на вайне, але не па чутках ведае, як яна калечыць лёсы людзей. У 1999 годзе водгаласы балючага мінулага нашай краіны закранулі і яго. Зусім юны на той момант хлопец падарваўся на міне, якая праляжала ў зямлі больш за пяцьдзясят гадоў. Вось так, па пстрычцы пальцаў, жыццё Аляксея змянілася: ён страціў ногі, правую руку і большую частку левай. “Той выбух змяніў усё маё жыццё. Урачам цудам удалося мяне выратаваць. І толькі з інваліднай каляскай пачаўся рух наперад”, — дзеліцца ўспамінамі Аляксей.
На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі маладыя ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Арляняты. Нашчадкі перамогі”, якім паралімпіец наказаў берагчы мір у нашай краіне і памятаць аб тым, якім коштам ён нам дастаўся:
— Сёння мы жывём у добры час. Мы сытыя, нам цёпла, на вуліцах знаходзіцца бяспечна. Кіраўнік нашай дзяржавы клапоціцца пра дабрабыт беларусаў. І гэта важна заўважаць і шанаваць!

ПРАЗ ГАДЫ
На выставе можна пабачыць харчовыя карткі, пасведчанні, дакументы, што расказваюць аб паўсядзённым жыцці ленінградцаў, фатаграфіі горада, зробленыя супрацоўнікамі рэдакцыі “Ленінградская праўда”, якія фіксавалі падзеі культурнага жыцця блакаднага горада. Пласт візуальнай культуры ваеннага часу прадстаўляюць паштоўкі, выпушчаныя ў горадзе на Няве ў гады блакады. Некаторыя з іх напісаны ад рукі. З хваляваннем чытаюцца шчырыя словы надзеі на хуткую сустрэчу ці прызнанні ў каханні. Аляксей Канстанцінавіч з гонарам падзяліўся гісторыяй аднаго з фундаментальных экспанатаў выставы — зліткам, у сплаў якога ўвайшло болей за дзесяць мільёнаў савецкіх і іншых манет!

БУДЗЕМ ПАМЯТАЦЬ!
На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі і тыя, хто перажыў вайну. Сярод іх — блакадніца Марыя Ягадніцына. Сёлета жанчына адсвяткавала 95-годдзе, а на момант пачатку ваенных дзеянняў Марыі было адзінаццаць. Яна адна з нямногіх, каму ўдалося выжыць у тыя страшныя блакадныя дні.
— Гэта было жудасна, — падзялілася Марыя Давыдаўна з гасцямі. — На дарослага чалавека выдавалі 250 грам хлеба, а на дзіця — яшчэ менш. Да гэтага часу памятаю плакат, які вісеў на сцяне суседняй хаты: на ім быў намаляваны Гітлер з вусамі рознай даўжыні. У памяці засталіся і ўсе напісаныя выказванні.
Цяпер Марыя Давыдаўна Ягадніцына як старшыня Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда вядзе вялікую грамадскую працу, сустракаецца з навучэнцамі школ, ВНУ і нават выпусціла кнігу ўспамінаў. Усё гэта дзеля таго, каб людзі не забывалі і ніколі больш не дапусцілі падобнага.
— У Беларусі сёння пражывае 175 блакаднікаў, з іх 68 чалавек у Мінску, — паведаміла Марыя Ягадніцына. — З кожным годам нас становіцца ўсё менш, але пакуль жывы хоць адзін з нас, мы будзем памятаць і трымацца разам.

ЯКІМ КОШТАМ…
Марыя Ягадніцына падарыла Аляксею Талаю асобнік кнігі “И этой недетской печали нам хватит на 1000 лет”, дзе захоўваюцца яе ўспаміны з ваеннага ліхалецця, і кавалачак хлеба ў грамоўцы “блакадных” часоў у знак вялікай падзякі за ўклад спартсмена ў мерапрыемства. Разам яны і перарэзалі чырвоную стужку, аб’явіўшы выставу адкрытай. Яна будзе дзейнічаць да 28 верасня. Кожны ахвочы можа падняцца на другі паверх Нацыянальнай бібліятэкі і акунуцца ў перажыванні людзей блакаднага Ленінграда. Пачытаць лісты, даведацца пра іх боль і надзеі, разгледзець паштоўкі тых часоў і пабачыць, што яны з сябе ўяўлялі. Цяпер для нас гэта частка гісторыі. Але ўсё роўна ўнутры нешта сціскаецца ад чытання лістоў маладога мужчыны сваёй нарачонай, хоць яны, хутчэй за ўсё, так ніколі больш і не сустрэліся…
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА