Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа да 80-годдзя Перамогі прадстаўляе часовыя экспазіцыі, прысвечаныя трагічнаму перыяду Вялікай Айчыннай у лёсе класіка і яго сям’і.

ПАКУТЫ І НАДЗЕІ
У аснову выставы “Вайна і жыццё” пакладзена эпісталярная спадчына паэта. Для падрыхтоўкі праекта была нанова вывучана перапіска Якуба Коласа з 1939 па 1945 год. Аб аўтару цягам Вялікай Айчыннай распавядаюць цытаты з лістоў родным і блізкім — жонцы Марыі, малодшаму сыну Міхасю, жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч, сябрам-літаратарам: Петрусю Броўку, Пятру Глебку, Кандрату Крапіве, Міхасю Лынькову, Янку Маўру і многім іншым. Нягледзячы на нягоды ліхалецця, у вайну Якуб Колас актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці, сваёй творчасцю падтрымліваў маральны дух народа, апісваючы не толькі агульныя, але і асабістыя пакуты і страты, дзяліўся ўласнымі перажываннямі і надзеямі, верай у аднаўленне роднай краіны.

НА ПАПЯЛІШЧЫ
Ужо 24 чэрвеня 1941 года ў выніку бамбардзіроўкі згарэў дом паэта. Наведаўшы вызвалены Мінск, старэйшы сын Коласа Даніла Міцкевіч у лісце ад 18 ліпеня 1944 года пісаў бацьку: “Наш раён поўнасцю знішчылі. Засталося толькі некалькі дамоў па Канюшаннай вуліцы. На нашым вучастку няма ні аднаго дрэва, ні аднаго будынка. Няма і дуба, які быў пасаджаны табой, тата. Гэты раён горада — ад Пуліхавай слабады да госпіталя на гары (каля былога дома Фалевічаў) і ад гарадскога сада да Ваенных могілак і Камароўкі — прадстаўляе сабой роўнае месца…”
Канюшанная вуліца, дзе стаяў даваенны дом Коласавай сям’і, пралягала на месцы цяперашняй алеі ў парку Горкага, што вядзе ад галоўнага ўвахода да планетарыя. Знішчаныя агнём гарадскія кварталы пасля вайны вырашылі не аднаўляць і ўключылі ў тэрыторыю парка.
Куратар выставы Алена Жасткова падкрэслівае, што гэта быў толькі пачатак жудасных страт, прынесеных Якубу Коласу ліхалеццем. У чэрвені 1942-га ў Маскве трагічна загінуў лепшы сябар паэта Янка Купала, а ў маі 1945-га радасць ад Перамогі была азмрочана смерцю жонкі Марыі Міцкевіч. Тым не менш жыццё працягвалася.

Сімвалічна, што нават першай кнігай Якуба Коласа, якая пабачыла свет пасля вайны, быў менавіта зборнік твораў для дзяцей. У экспазіцыі прадстаўлены рэчы Коласавай сям’і — узнагароды класіка, яго хатні касцюм, люстэрка жонкі, кубачак, знойдзены на папялішчы даваеннага дома, фотаздымкі, дакументы, рукапісы і кнігі. Таксама тут можна пабачыць жывапіс і графіку Сямёна Геруса, Яўгена Куліка, Анатоля Тычыны і іншых выдатных мастакоў.

ЗНІКЛЫ БЕЗ ВЕСТАК
Асобная часовая экспазіцыя “Нябачныя хвалі” прысвечана лёсу Юркі, сярэдняга сына Канстанціна Міхайлавіча. Народжаны ў 1917-м у Пермі, ён вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля ў 1940 годзе быў прызваны на службу ў 62-і конны артылерыйскі полк 8-й Мінскай стралковай дывізіі, якая размяшчалася ў Беластоцкай вобласці на тагачаснай заходняй мяжы БССР. Аднак яфрэйтар Юрый Міцкевіч незадоўга да вайны аказаўся ў Мінску — з 17 чэрвеня 1941 года ён у складзе каманды Заходняй ваеннай акругі ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па стэндавай стральбе.
З пачаткам баявых дзеянняў вярнуцца ў часць Юрка не меў ніякай магчымасці: дывізія, што ўпарта абаранялася, у выніку была акружана і загінула ў Беластоцкім катле. Трапіўшы на фронт, толькі ў жніўні 1941-га сярэдні сын Коласа знаходзіць новы адрас сям’і.

У фондах музея захоўваюцца адзін ліст Юркі дзядзьку Міхаілу Каменскаму, два — бацьку і два — маме. Але ўжо з канца верасня пісьмы яфрэйтару вярталіся з паметай “адрасат выбыў з часці”. З лістоў стала вядома, што Юрка ўдзельнічаў у абароне Смаленска, пасля іх з таварышамі полк стаяў на ўскраіне горада Ярцава.
Якуб Колас не губляў надзеі знайсці сынаў след і ўважліва сачыў за баявымі дзеяннямі, аб чым сведчыць прадстаўленая ў экспазіцыі карта з уласнаручнымі пазнакамі класіка. 28 лістапада 1942 года паэт звярнуўся да Юркі па радыё, спадзеючыся атрымаць хоць нейкія звесткі, — але гісторыя знікнення вайскоўца застаецца таямніцай да сёння.

ГОЛАС ДОМА
Праз гэты эпізод на выставе побач з лістамі Юрыя Міцкевіча можна пабачыць і радыёпрыёмнікі з Коласавага дома. У гады Вялікай Айчыннай радыё было неад’емнай часткай побыту савецкіх грамадзян. Яно распавядала апошнія навіны з фронту, падтрымлівала ў цяжкія дні страт і паражэнняў, прыносіла радасныя весткі аб перамогах. Прыёмнікі Blaupunkt і Mende, выбраныя старэйшым сынам паэта Данілам Міцкевічам у 1945 годзе з нямецкіх трафеяў, стаялі ў драўляным доме, які знаходзіўся на месцы сучаснага музея.
У пакоі Данілы Канстанцінавіча таксама быў трафейны прайгравальнік фірмы Grawor. У экспазіцыі прадстаўлены і пасляваенныя радыёпрыёмнікі, такія як “Дняпро-5” 1955 года, што выпускаўся ў Кіеве, запісваў, прайграваў і дазваляў сціраць аўдыя. Лямпавы прыёмнік “Беларусь-53”, які выраблялі ў Мінску з 1953-га, называлі дырэктарскім — не толькі праз тое, што такі часта можна было пабачыць у кабінетах кіраўніцтва, але і праз характэрны дыяганальны надпіс “Беларусь” на корпусе. Падобны лагатып сапраўды нагадваў рэзалюцыю на афіцыйным дакуменце.

Смерць родных і блізкіх, страта ўласнага дома не маглі не паўплываць на творчасць класіка. Перажыўшы трагедыю вайны, ён вяртаецца ў Мінск.

Тут песняра чакае новы прыстанак на тым самым месцы, дзе сёння знаходзіцца музей. Недарма і першы пасляваенны зборнік Коласавых вершаў, які выйшаў у 1946 годзе, зваўся “Мой дом”. Жыццё працягвалася, нягледзячы ні на што.
Антон РУДАК. Фота аўтара і Святланы Чэкалавай