Абуджаць любоў да Радзімы

Мэтанакіраваная, яркая і энергічная Міхайліна Хвясюк — уладальніца трох спецыяльных прэмій фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, трохразовая пераможца Хіт-параду Нацыянальнага радыё Рэспублікі Беларусь, а таксама прызёр Нацыянальнага Хіт-параду “Наперад у мінулае”. Абуджаць музыкай у сэрцах людзей любоў да Радзімы — так бачыць сваё прызначэнне наша гераіня, якая ўпэўнена ідзе да ўвасаблення творчых задум.

 

— Міхайліна, калі пачаўся ваш творчы шлях?

— Спевы — мая любоў з трох гадоў. Менавіта тады я ўпершыню выйшла на сцэну ў складзе вакальнага ансамбля “Лялькі”. Бацькі адразу разглядзелі маю артыстычную натуру і цягу да творчасці. З мноства дзіцячых захапленняў, якія мне прапаноўвалі ў розных секцыях і гуртках, я безагаворачна выбрала свет спеваў.

— З таго часу вы яскрава праявілі сябе на такіх маштабных пляцоўках, як, напрыклад, “Славянскі базар у Віцебску”. Якім чынам складвалася дарога да вялікай сцэны?

— Пунктам адліку можна лічыць паспяховае выступленне на дзіцячым вакальным конкурсе ў родных Мікашэвічах. Мой нумар тады прынялі на ўра — і паклікалі на першы вялікі канцэрт, што быў прысвечаны Дню горада. Яшчэ большы размах мая канцэртная дзейнасць набыла пасля леташняга паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аб якім я здаўна марыла.

— Што вас натхняе на актыўныя выступленні?

— Энергія ніколі не згасае, калі ты займаешся любімай справай! Сцэна — маё месца сілы, мой другі дом, і я кожны раз з велізарным задавальненнем выходжу на яе, каб дарыць людзям пазітыўныя эмоцыі і ўсмешкі.

— На каго з музыкантаў раўняецеся?

— На сваю настаўніцу, заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Ірыну Дарафееву, педагагічныя і пеўчыя таленты якой выклікаюць глыбокую павагу.

— Раскажыце, калі ласка, пра свой рэпертуар.

— Я — аўтар-выканаўца, і творчасць мая прасякнута любоўю да Беларусі. У мяне нямала песень, прысвечаных нашай краіне, яе гісторыі і народу. Імкнуся ствараць музыку, якая будзе спалучаць глыбокія пачуцці і сучаснае гучанне, каб знаходзіць водгук у сэрцах маладых слухачоў. І, як бачна, мне гэта ўдаецца!

— Які шлях пераадольвае песня, перад тым як дайсці да слухача?

— Спачатку кампазіцыя праходзіць “сямейны тэст-драйв”. Я паказваю яе родным, слухаю, што яны скажуць: падабаецца ці не. Толькі пасля гэтага, калі ўсё добра, твор выходзіць у свет. Але бывае, што я не магу ўтрымацца і паказваю ўрыўкі новых песень у сацыяльных сетках, нават калі яшчэ не пройдзены першы, “сямейны” этап.

— Нечым парадуеце нас бліжэйшым часам?

— Ужо зусім хутка планую выпусціць песню “Карані” на беларускай мове. Гэты твор, што расказвае пра вытокі беларускага народа і раскрывае глыбіню яго гісторыі, ужо паспеў стаць сапраўдным хітом сярод моладзі.

— Як гэта адбылося?

— Напярэдадні Дня Незалежнасці разам з БРСМ запусцілі флэшмоб “Мы — дзеці адзінай святой Беларусі”. Пад урывак з песні “Карані”, які знаходзіўся ў агульным доступе, хлопцы і дзяўчаты з усіх куткоў краіны з энтузіязмам дзяліліся тым, што для іх значыць родная зямля, паказвалі яе непаўторную прыгажосць. Усяго за суткі маладыя беларусы апублікавалі больш за 200 такіх відэа, якія разляцеліся па ўсіх сацыяльных сетках!

— У вашай скарбонцы дасягненняў — тры спецыяльныя прэміі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі...

— Першую заваявала ў 2019-м дзякуючы перамозе ў V Міжнародным конкурсе “Мінск. Скрыжаванні”, другую — у 2020-м праз гран-пры Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя Вяршыні”. А цяпер стыпендыю прынёс XII Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”.

— Якія пачуцці ўзнікаюць, калі здабываеце такія прэстыжныя ўзнагароды?

— Я прыкладала мноства намаганняў, каб атрымаць гэтыя прэміі, і кожны раз, калі ўсё атрымлівалася, мяне накрывала хваля станоўчых эмоцый.

— Самыя яркія праекты і падзеі, у якіх удалося паўдзельнічаць апошнім часам, — гэта…

— Безумоўна, XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, канцэрт у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі выпускны.

— А ці бачыце сябе ў педагогіцы? Мо ўжо быў такі досвед?

— Не раз выступала ў ролі настаўніка для малодшай сястры. Яна таксама спявачка, і я напісала для яе некалькі песень, а яшчэ дала каштоўныя парады адносна развіцця музычнай кар’еры на аснове асабістага вопыту.

— Што ў планах на будучае?

— Цяпер з галавой пагрузілася ў працу над новай песняй. На гэты раз вырашыла выйсці за рамкі звыклага і паэксперыментаваць. Думаю, неўзабаве прадстаўлю вынікі сваіх творчых пошукаў публіцы. Наогул мае амбіцыі распасціраюцца ад правядзення сольнага канцэрта да дасягнення статусу народнай артысткі Беларусі пасля атрымання дыплома. Самае важнае — гэта ўнутраны агонь, вера ў свае сілы, смеласць марыць, настойлівасць у дасягненні ідэалаў і шчыры запал да справы. Спадзяюся, што ўсё збудзецца!

— Што параіце маладым выканаўцам, якія імкнуцца выйсці на буйныя пляцоўкі?

— Не сядзіце на месцы, стукайце ва ўсе дзверы, даследуйце разнастайныя шляхі развіцця, заставайцеся адданымі сваёй справе — і тады праца будзе ўзнагароджаная. Вас абавязкова заўважаць і па заслугах ацэняць!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні