Светлыя пачуцці кампазітара

Алег Хадоска, прафесар кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сёлета рашэннем савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі атрымаў узнагароду “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” першай ступені. Яна і стала падставай для гутаркі з гэтым надзвычай цікавым чалавекам.

 

ВУЧАНЬ

Алег Хадоска ў 1987 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), там жа — асістэнтуру-стажыроўку пад кіраўніцтвам Анатоля Багатырова.

— Мне пашчасціла вучыцца ў выдатнага педагога, які душой хварэў за кожнага свайго выхаванца. Анатоль Васільевіч — той чалавек, які ў пасляваенныя гады аднаўляў дзейнасць кансерваторыі, той, хто вучыў мяне не толькі кампазітарскаму майстэрству, але і жыццёвай мудрасці. Гэта не проста настаўнік, гэта чалавек-эпоха.

— Згадаеце першую сустрэчу з педагогам?

— Мы з татам прыехалі на праслухоўванне да Анатоля Васільевіча. Ён паглядзеў мой твор, адобрыў. Блаславіў. А потым пачаў з бацькам размаўляць на гістарычныя тэмы, і я думаю: “Божухна! Куды я паступаю: у кансерваторыю ці на гістфак?!” Сёння я ўдзячны, што маім настаўнікам быў менавіта Багатыроў. Ён надзвычай начытаны чалавек, добры і таленавіты педагог. Справядлівы. І чуў сваіх вучняў, іх пачуцці і мары. Ён быў нам як дзядуля, бацька, старэйшы сябра і мудры дарадца.

— Ці лёгка вам вучылася?

— У той час мы дакладна ведалі, чаго хочам. І не толькі я быў крыху “павернуты” на кампазіцыі — усе пяцёра з групы. Таму насамрэч лёгка. Бывала, ідзе лекцыя, а мы садзімся за апошні стол, хтосьці дастае партытуру — і пачынаецца…

 

КАМПАЗІТАР

У музычным куфры Алега Хадоскі — дзясяткі твораў розных жанраў і напрамкаў: ад дзіцячых песенек да сур’ёзнай сімфоніі для 16-галоснага хору, якую аўтар лічыць адной з самых складаных сваіх кампазіцый.

— Першыя крокі ў музыцы я рабіў пад наглядам бацькі, які ў свой час скончыў алма-ацінскую кансерваторыю. Зразумела, што ў нашым доме панавала адпаведная атмасфера. Ужо пазней, у Арле, тата супрацоўнічаў з мясцовым тэатрам лялек — пісаў музыку для яго пастановак. Мне падабалася бываць у закуліссі, бачыць, як нараджаецца спектакль. І першы свой твор — песеньку для “Бураціна” — я напісаў менавіта ў той час. Мне тады было гадоў 8-9…

— Я так разумею, што менавіта бацька і стаў для вас той фігурай, якая вызначыла прафесійны лёс?

— Можна сказаць, што так. Наогул я лічу, што ў мяне тры хросныя ў свеце музыкі. Гэта бацька, які прывіў любоў да прыгожага, Анатоль Багатыроў, які навучыў выказваць свае пачуцці праз музыку, не баючыся быць незразумелым, і народная артыстка Людміла Яфімава.

— Раскажыце пра яе. Чаму вы лічыце Людмілу Барысаўну сваёй хроснай?

— У той год, калі я выпускаўся з кансерваторыі, яна прыйшла працаваць галоўным дырыжорам у Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Шырмы. Па волі лёсу я трапіў да яе на праслухоўванне. Людміла Барысаўна і пытае: “Які голас?” Адказваю: “Барытон”. Яна мне: “Ты таленавіты хлопец, але барытоны мне не патрэбныя. Будзеш тэнарам”.

Той час мне многае даў. Першыя мае а капэльныя песні нарадзіліся менавіта там. Увогуле лічу, што кампазітар проста павінен спяваць. Растлумачу. Ёсць людзі, якія пішуць, але спяваць не могуць. Яны, на жаль, не адчуваюць прыроды вакальнага гуку. І гэта дрэнна. Іншая справа, калі кампазітар можа праспяваць сваё сачыненне.

— Алег Ігаравіч, а як вы ставіцеся да інтэрпрэтацыі твораў выканаўцамі?

— Станоўча. Тут варта не змяняць асноватворных рэчаў. Прывяду такі прыклад. Недзе год таму адбылася значная прэм’ера сімфоніі для хору а капэлы “Поры года”, якую я ствараў на падставе каляндарна-абрадавых святаў. Праца атрымалася грунтоўная. І вось галоўны дырыжор капэлы Вольга Янум пытаецца, ці могуць яны ўмяшацца ў твор. Зразумела, не пашкоджваючы яго. Я пагадзіўся.

— І які вынік?

— Калі пачуў тое, што атрымалася, — проста знямеў. Напрыклад, у вяснянкі яны дадалі спевы птушак, прычым не дудачкамі — галасамі. Калі ж падчас пятроўскай песні — у яе аснову лёг унікальны тэкст пра вядзьмарку — на сцэну выйшаў у светлым адзенні шаман з бубнам, гэта было насамрэч крута!

 

ПЕДАГОГ

З 2000 года Алег Хадоска выкладае кампазіцыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ён — прафесар, загадчык кафедры. — У акадэмію на выкладчыцкую дзейнасць прыйшоў, калі рэктарам быў Міхаіл Казінец. Мне пашчасціла з ім папрацаваць гадоў пяць. З таго часу выпускнікоў было багата, сярод якіх шмат лаўрэатаў, членаў Саюза кампазітараў Беларусі.

— Напэўна, ёсць такія, што выклікаюць асаблівы гонар педагога?

— Зразумела. З апошніх выпускаў — Ірына Кулагіна, якая цяпер працуе ў Мінскім каледжы мастацтваў, працягвае пісаць музыку, збірае лаўрэацтвы розных конкурсаў. Актыўна піша для тэатра Андрэй Цалко. Спектаклі з яго музыкай ідуць у Купалаўскім тэатры.

З рэжысёрам Даніілам Філіповічам яны стварылі добры тандэм. Я быў на іх прэм’ерах. Гэта сур’ёзная, грунтоўная работа.

Не магу не назваць прозвішча Лізаветы Лобан — балет “Купалле” яе аўтарства ідзе ў Музычным тэатры.

Мне падабаецца, што і гэтыя, і іншыя мае выпускнікі і студэнты — актыўныя хлопцы і дзяўчаты. Іх імёны гучаць, а значыць змена расце.

— А што галоўнае ў выхаванні маладых кампазітараў?

— На маю думку — дазволіць выказваць свае пачуцці так, як ім неабходна. Калі праз рок — значыць, праз рок, калі праз авангард альбо праз класіку — значыць, так. Увогуле я лічу, што пачаткоўца ні ў якім разе не варта абмяжоўваць у памкненнях. А калі мне нешта не падабаецца, то, выбачайце, гэта ўжо мае праблемы.

— Я так разумею, гэткае стаўленне да педагагічнага працэсу вы перанялі ад Анатоля Багатырова?

— Дакладна. Я хацеў быць падобным да свайго настаўніка. Заўсёды імкнуся даць сваім студэнтам не проста азы кампазіцыі, а навучыць іх даносіць праз музыку да сэрцаў слухачоў уласныя думкі і пачуцці. І калі бачу, што гэта атрымліваецца, — адчуваю відавочнае задавальненне.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА