Шляхам прамяністых — філаматаў і філарэтаў

Хто сёння не чуў пра знакамітыя студэнцкія таварыствы пачатку ХІХ стагоддзя? З іх шэрагаў выйшлі такія знакавыя постаці беларускай гісторыі і культуры, як паэты і навукоўцы Ян Чачот, Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ануфрый Петрашкевіч, Антон Эдвард Адынец. Песні, што спявалі філаматы на сустрэчах, даўно сталі візітоўкамі літаратурнамузычных фестываляў. У музеях і бібліятэках, з якімі славутасці звязаны геаграфічна, не абмінаюць увагай іх імёны. Не забывае пра важных асоб і “К”. Зараз мы выправімся ў падарожжа “Шляхам філаматаў і філарэтаў”. Унікальны турыстычны маршрут распрацаваны ў выніку шматгадовых вандровак па трох абласцях — Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай.

 

Сядзіба Слізеняў у Бартніках

Бартнікі Слізеняў

Маршрут атрымаўся кампактны, бо праходзіць па стыку рэгіёнаў. А геаграфічны цэнтр шляху — у вёсцы Бартнікі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Або, як паселішча называюць мясцовыя жыхары, Бортнікі.

Знаходзіцца вёска на самым усходзе Баранавіччыны, за 28 кіламетраў ад раённага цэнтра. Уваходзіць у склад Вольнаўскага сельсавета.

Дом культуры на месцы сядзібы Слізеняў

Дарэчы, Вольна — яшчэ адзін маёнтак роду Слізеняў, вядомы тым, што некалі тут была выдатная карцінная калекцыя з працамі мастакоў сусветнага маштабу. Напрыклад, Генрыха Семірадскага, творцы з беларускімі каранямі. Сёння на месцы сядзібы — Дом культуры. Побач з ім, за паркам, мураваная царква — даўней уніяцкая, сёння праваслаўная. Выдатны ўзор віленскага барока.

З Вольна прастуем у блізкія Бартнікі. Прыхаваная ад вачэй, на маляўнічым пагорку стаіць сядзіба ХІХ стагоддзя. Драўляны будынак выдатна збярогся. Праўда, жылая ў ім толькі левая частка, з-за чаго правая выглядае больш аўтэнтычнай. Сядзіба, як сведчыў некалі размешчаны на ёй медны значок страхавога таварыства 1827 года, з’явілася ў тыя часы. А можа, і нашмат раней.

Тут, у Бартніках, нарадзіўся Рафал Слізень (9 ліпеня 1804-га), будучы архітэктар і скульптар. Ён разам з братам падчас вучобы ў Вільні трапіў пад апеку філамацкага завадатара паэта Тамаша Зана. Так Зан апынуўся ў Бартніках. З гэтага ўсё пачалося. Праз блізкасць да родавых гнёздаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Марылі Верашчакі, Ігната Дамейкі, Ануфрыя Петрашкевіча сядзіба Слізеняў пачала адыгрываць ролю летняй штаб-кватэры руху.

У адну з сясцёр Рафала, Марыю Соф’ю, былі закаханы ледзь не ўсе філаматы, асабліва Ян Чачот і Тамаш Зан. З другой, Вінгельмінай, ажаніўся Адам, брат Ігната Дамейкі. Тут распачынаў кар’еру тады яшчэ шкаляр, а пазней акцёр і рэжысёр Віленскага тэатра Юзаф Сурэвіч (гл. “К” №№ 39—40, 2021). Адсюль філаматы хадзілі да знакамітага каменя філарэтаў (сёння вёска Карчова) і ў Туганавічы.

У Бартніках правёў апошнія гады Ян Чачот, працуючы над зборнікам “Сялянскія песні з-над Нёмна і Дзвіны” (1846). Сюды, у мясціны шчаслівага юнацтва, завітаў у 1884 годзе Ігнат Дамейка, калі вярнуўся з Чылі на радзіму. Старыя сябры прымалі яго ў гэтай драўлянай сядзібцы.

За сотню метраў на поўнач ад Бартнікаў і цяпер высіцца невялічкі пагорак (частка зрыта кар’ерам). Ён даўней меў назву Нацёсак і быў філаматам замест тэатра. Тут яны самі ладзілі спектаклі, чыталі свае вершы, спявалі.

Капліца-пахавальня Слізеняў. Бартнікі

А блізу вёскі, толькі на ўсход, да гэтага часу стаіць унікальная круглая капліца-пахавальня Слізеняў, узведзеная па праекце Рафала. Адметнасць пабудовы ў тым, што на ўзроўні калена звонку і ўнутры ў яе ўмураваны камяні з рознымі тыпамі крыжоў. Праўда, капліца даўно ў кепскім стане.

 

 Сядзіба-музей Міцкевічаў. Завосссе

Завоссе Міцкевічаў

За пару кіламетраў на паўднёвы захад ад Бартнікаў месціцца Завоссе, у якім, па адной з версій, з’явіўся на свет паэт Адам Міцкевіч.

Цягам Першай сусветнай вайны тое, што яшчэ заставалася ад маёнтка Міцкевічаў у неперабудаваным выглядзе (дом шмат разоў мяняў гаспадароў), было дазвання знішчана. Сядзібу аднавілі з нуля ўжо ў нашы часы. Сёння там вядомы ўсёй краіне музей, дзе ў верасні штогод ладзіцца свята “Восень у Завоссі”. Так будзе і сёлета. Не прапусціце. З маёнткам звязана нямала цікавых гісторый Міцкевічаў, у тым ліку і крымінальных, аб якіх мы некалі пісалі.

 

Малая Каўпеніца

Малая Каўпеніца

Гэты фальварак у першую чаргу знітаваны з Ігнатам Дамейкам. Тут жыў з сям’ёй яго дзед з боку маці, берасцейскі земскі суддзя Адам Анцута. У Малой Каўпеніцы нарадзіўся першынец Адама, вядомы ў XVIII стагоддзі паэт Ян Анцута (гл. “К” № 38, 2018). Пасля пераезду сям’і Анцутаў у блізкія Сачыўкі ў маёнтку бываў на святах бацька слыннага Тадэвуша Рэйтана, наваградскі падкаморы Дамінік Рэйтан. А пазней, у 1779-м, там бралі шлюб дзед і бабуля кампазітара Станіслава Манюшкі Антон Маджарскі (гаспадар слуцкай персіярні) і Тэафіла Алізаровіч (гл. “К” № 21, 2024). Сёння на месцы фальварка калгасная ферма, якая амаль мяжуе з Баранавічамі.

 

Царква святога Аляксандра Неўскага, былы касцёл мальтыйскага ордэна. Сталовічы

Сталовічы (Ствалавічы)

У колішнім мястэчку Радзівілаў увагу аддадзім касцёлу Святога Яна Хрысціцеля (цяпер праваслаўная царква Святога Аляксандра Неўскага). Цягам стагоддзяў парафіянамі храма былі продкі Адама Міцкевіча, Маджарскія, Анцуты, прадстаўнікі іншых слынных родаў. У ім, а дакладней у Ларэтанскай капліцы, што пазней была “накрыта” касцёлам, з 1639 года спачывае вечным сном мужны вялікалітоўскі ваяр Ганс (Ян) Фрыдэрык Рэйтан, першы з беларускіх продкаў Тадэвуша Рэйтана. У тыя часы ў мястэчку знаходзілася камандорыя Мальтыйскага ордэна, якой кіраваў патрон Ганса князь Дамінік Радзівіл. Адносна нядаўна побач з храмам усталявалі адмысловы камень. Гэта напамін пра бітву пад Сталовічамі, што здарылася ў ноч на 23 верасня 1771 года. Пробашчам у касцёле тады служыў Валяр’ян Дзюрдзевіч, родны брат бабулі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, класіка беларускай літаратуры. Ёсць у вёсцы яшчэ адзін храм, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, але значна маладзейшы (1909).

 

Касцёл Перамянення Пана. Новая Мыш

Новая Мыш

Працягваем рух па арбіце Бартнікаў. Новая Мыш знаходзіцца за некалькі кіламетраў на паўночны захад ад Баранавічаў. Такое ж старое мястэчка, як і Сталовічы. Першыя згадкі прыпадаюць на XV стагоддзе. У розныя часы паселішчам валодалі Хадкевічы, Юдыцкія, Несялоўскія і іншыя беларускія роды. Нам Новая Мыш цікавая з той прычыны, што сюды пасля нараджэння Яна Чачота перабіраецца з Малюшычаў яго сям’я. Менавіта тут (а не ў маёнтку Рэпіхава Ляхавіцкага раёна) прайшлі дзіцячыя гады будучага паэта, фалькларыста. На гэтых палетках ён абраў псеўданім Ян з Мышы. У мястэчку сёння носіць імя творцы Цэнтральная раённая бібліятэка. У парку, якому таксама плануецца надаць імя Чачота, усталяваны помнік і высаджаны дубок. Ладзяцца і гісторыка-краязнаўчыя чытанні ў гонар літаратара, да заснавання якіх прычынілася наша газета. Дарэчы, адсюль паходзіць жонка філосафа Фларыяна Бохвіца. Маем здагадку, што і продкі паэта-каваля Паўлюка Багрыма з гэтых краёў.

 

Калдычазскае возера

Калдычэва

Калдычэўскае возера трапляе ў філамацкую гісторыю дзякуючы баладзе Яна Чачота “Калдычэўскі шчупак” (1819). Яна была прысвечана Міхалу Верашчаку, брату знакамітай Марылі (першае каханне Адама Міцкевіча). У аснову сюжэта лягло мясцовае паданне пра акальцаванага на Свіцязі шчупака, якога вылавілі ў Калдычэўскім возеры. Галоўныя ж героі Чачотавай балады — Верашчака і багаты наваградчанін Анцута, замак якога стаяў у ваколіцах возера. Як мы памятаем, Анцуты — продкі Дамейкі і, дарэчы, сваякі Верашчакаў (і Касцюшкаў). Думаецца, выбар прозвішчаў невыпадковы. Маёнтак, які знішчылі ў гады Першай сусветнай, можа быць цікавы тым, што ў 1730—1740-х яго арандавалі дзяды Тадэвуша Рэйтана з боку маці — Валадковічы. Праз гэта, дапускаем, Тадэвуш Рэйтан мог нарадзіцца менавіта тут.

Але Калдычэва больш вядомае лагерам смерці, які акупанты стварылі ў сакавіку 1942 года. Лічыцца, што тут было знішчана не менш за 22 тысячы чалавек. На месцы лагера ўсталяваны помнік.

 

Месца фальварка Петрашкевічаў. Былая Бурдыкоўшчына

Бурдыкоўшчына

Сёння фальварка не існуе. Арыенцірам для пошуку можа паслужыць вёска Буйнявічы, а таксама вытокі рачулкі Мышанкі, блізу якіх сядзіба некалі стаяла. Тут, а не ў Шчучыне 26 верасня 1794 года нарадзіўся архівіст студэнцкіх таварыстваў, паэт Ануфрый Петрашкевіч. Калі б не руплівасць гэтай асобы, то пра дзейнасць філаматаў, філарэтаў, прамяністых сёння было б вядома толькі самае агульнае. Вялізны архіў, які ўключаў пратаколы пася- джэнняў, рэфераты сяброў суполак, вершы, лісты і г. д., захоўваў спярша сам Петрашкевіч, пазней яго сям’я. Толькі на пачатку ХХ стагоддзя збор раскрылі і пачалі друкаваць. Пасля Другой сусветнай вайны хітрыкамі ў Польшчу з Беларусі былі вывезены рэшткі архіва. Там яны і друкуюцца да гэтага часу. На сёння свет убачыла 15 тамоў (лісты, дакументы, паэзія).

 

Возера Свіцязь

Свіцязь для ўсіх

Завяршаем гэты этап вандроўкі на легендарным возеры, дзе варта пабываць кожнаму беларусу, а прыхільніку філаматаў пагатоў. Свіцязі прысвяцілі балады Ян Чачот (1819), Тамаш Зан (1820) і Адам Міцкевіч (1822). Прычым Міцкевіч “звіў для свіцязянак тры вянкі”, як з захапленнем адгукнуўся на працы сябра “Свіцязь”, “Свіцязянка” і “Рыбка” Ян Чачот. Праўда, ён не змог не паўшчуваць Міцкевіча, бо той “у сваіх баладах занядбаў фальклор, народныя паданні і занадта многа напрыдумляў”.

Пісалі паэтычныя радкі пра возера і беларускія творцы ХХ стагоддзя — Язэп Пушча (“Пачатак легенды”, “Свіцязь”), Пятрусь Броўка (“Над Свіцяззю”), Ніна Тарас (“На Свіцязі”), Аркадзь Куляшоў (“Вянок”), Анатоль Іверс (“Упершыню на Свіцязі”). Нават Уладзімір Караткевіч згадаў возера ў вершы “Маленне аб чашы”: Паплавок то спачне, то адплыне, Свіцязь дрэмле ў зялёных гаях, Нібы поўная чаша сіняя, Малахітавая па краях. Як ілюстрацыю да гэтых радкоў маем фотаздымак, дзе пісьменніцкі дуэт Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Калесніка з чоўна ловіць рыбу.

Зміцер ЮРКЕВІЧ. Фота аўтара

Газета "Культура", №30 ад 25 ліпеня 2025 г.
Працяг будзе!