На сцэне — дзіцячая шчырасць, у зале — дарослыя эмоцыі. Тэатр “Папугай” з Іванава здзіўляе і захапляе. Ад лялечных пастановак да сацыяльна значных праектаў, ад першых крокаў да творчых перамог… Пра тое, як сталеў “Папугай”, чым жыве сёння і чаму тэатр для дзяцей — значна больш чым гурток пасля ўрокаў, расказала кіраўнік калектыву Аліна Марзан.

Гісторыя “Папугая” бярэ пачатак у 1988-м, калі пры раённым Доме культуры быў заснаваны лялечны тэатр. З першых пастановак ён вылучаўся яскравасцю сцэнічнай падачы і арыгінальным падыходам. Тэатр атрымаў назву невыпадкова. Папугай — птушка артыстычная, яркая, здольная імітаваць галасы. Сапраўдны акцёр па натуры. Так і творчая суполка з першых дзён імкнулася да пераўвасабленняў, шматгалосага дыялогу і выразнага самавыяўлення.
Ужо ў 1994-м калектыў атрымаў званне ўзорнага, якое захоўваецца дагэтуль як сведчанне якасці і адданасці справе. У 2017-м па рашэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь тэатр быў перайменаваны ў драматычны. Прытым назва “Папугай” засталася яго фірмовай адметнасцю, а сцэнічная мова і тэматыка работ істотна абнавіліся.
Сёння гэта гісторыі, што закранаюць важныя сацыяльныя пытанні і падаюцца ў яркай, зразумелай юнаму гледачу мастацкай форме.
— Кожны наш спектакль — як пёрка папугая: яскравы, індывідуальны, не падобны на папярэдні, — распавядае кіраўнік калектыву Аліна Марзан. — Мы працягваем рабіць тэатр жывым, шчырым, зразумелым для дзяцей — і адначасова глыбокім.

Сапраўдная магія
У свет мастацтва Аліну Пятроўну прывяла бабуля. Менавіта яна заахвоціла дзяўчынку слухаць народныя песні, цікавіцца абрадамі і фальклорам.
— Сцэна мяне цягнула з маленства — і ў выніку дапамагла раскрыцца, адчуць смак свабоды і самавыяўлення. Я паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “народныя абрады і святы”. Там кожны дзень — як крок у чарадзейны свет. Потым быў “Пілігрым” — эксперыментальны тэатр-студыя, у якім мы шукалі сябе, памыляліся, спрачаліся, раслі. Цяпер — “Папугай”, мая сапраўдная творчая старонка, — расказвае Аліна Марзан.
Па размеркаванні яна трапіла ў Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый. Маладому спецыялісту прапанавалі ўзначаліць дзіцячы драматычны тэатр. Тады Аліна Пятроўна і адчула: гэта больш чым праца. Гэта — місія.
— Сэрца забілася часцей. Я зразумела: з’явіўся шанц не проста ставіць спектаклі, а запальваць у выхаванцах любоў да мастацтва, — згадвае наша гераіня.
Сёння ў калектыве займаюцца школьнікі Іванаўскага раёна ад 10 да 16 гадоў. Тэатр працуе для ўсіх, хто марыць паспрабаваць сябе на сцэне, — незалежна ад узроўню падрыхтоўкі ці вопыту.
— У нас вучацца гаварыць выразна, пераўвасабляцца, аналізаваць паводзіны, разумець сябе і іншых. Але галоўнае — у калектыве дзеці раскрываюцца. Нават самыя сарамлівыя, трапіўшы ў атмасферу творчасці, пачынаюць ззяць: пераадольваюць страх, набываюць упэўненасць. І з шэпту нараджаецца выразны голас. Гэта сапраўдная магія, якую мы назіраем штодня, — падкрэслівае суразмоўніца.

Дыялогавая майстэрня
Пастаноўкі “Папугая” не ствараюцца ў адзіноце: вытокі кожнай — у жывым абмене думкамі. Для Аліны Пятроўны гэта не проста метад, а аснова працы:
— Прапаную дзецям некалькі п’ес — разам прачытваем, аналізуем, дыскутуем. Часам эмоцыі зашкальваюць. Але менавіта цягам такіх абмеркаванняў узнікае шчырае разуменне. Важна, каб матэрыял быў блізкі па духу і адгукаўся ў тых, хто будзе яго ўвасабляць. Пасля выбару пачынаецца глыбокае занурэнне ў вобраз і структуру пастаноўкі.
Праца над спектаклем доўжыцца не адзін месяц. Паміж першым чытаннем і фінальным паклонам — шлях, параўнальны з нараджэннем новага жыцця.
— Кожная гісторыя — сумесны творчы плод, — заўважае кіраўнік. — Уваходзім у ролі, шчыруем над гукавым і светлавым афармленнем, касцюмамі, дэкарацыямі. Усё складваецца ў адзіны мастацкі настрой — і ў дзень прэм’еры сцэна ажывае, набываючы іншую форму і значэнне.

Натхняльны акцэнт
За апошнія гады дзіцячы драматычны тэатр “Папугай” упэўнена заняў сваё месца на культурнай карце рэгіёна. У рэпертуары суполкі больш за два дзясяткі праграм ад святочных ранішнікаў і інтэрактываў да тэатралізаваных паказаў — як на мясцовым узроўні, так і за межамі раёна.
— Асабліва запомніўся ўдзел у міжнародным фальклорным форуме “Мотальскія прысмакі”, што праходзіць у аграгарадку Моталь, — распавядае Аліна Пятроўна. — Не менш значным для нас стаў поспех на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе” ў Івацэвічах. Там мы атрымалі ІІ месца за найлепшую ролю другога плана і дыплом у намінацыі “Найлепшы рэжысёрскі дэбют”.
Для калектыву гэта прызнанне стараннай і захопленай працы. Ганаровыя ўзнагароды і фестывальныя сцэны — безумоўна, важныя. Але не менш каштоўнае — тое, што адбываецца паміж выступленнямі. Сапраўднае жыццё тэатра — у штодзённых занятках, рэпетыцыях, у маленькіх перамогах кожнага ўдзельніка.
— “Папугай” — наш другі дом, — з цеплынёй кажа Аліна Марзан. — Тут дзіця можа знайсці сябе. Гэта прастора, якая фарміруе асобу, дапамагае думаць, слухаць, адчуваць, а таксама перадаваць эмоцыі. Мы не проста разыгрываем спектаклі — мы вучымся разумець жыццё.

Іванава сёлета носіць званне культурнай сталіцы, і “Папугай” — яе яскравы натхняльны акцэнт. Голас дзіцячай сцэны, поўны шчырасці і надзеі, гучыць упэўнена — і прымушае верыць у магію тэатра нават дарослых.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву