Пазнаёміцца з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь узорным калектывам эстраднаспартыўнага танца Darling захацелася адразу пасля выступлення на гала-канцэрце ў Вялікім тэатры. Але не выпадала…

Спектр эмоцый
На той імпрэзе Darling з Пінска ўпрыгожыў сваёй харэаграфіяй нумар салістаў оперы і выхаванкі гранд-студыі мастацтваў Malinovka by Spamash Шуры Зінкевіч. Вакалісты выканалі ўрывак з вядомай Grande amore Ф. Бочыя і Ч. Эспазіта. Выступленне было прынята авацыямі.
— Трапіць на сцэну Вялікага няпроста, — расказвае кіраўнік калектыву Вера Цімафеева. — Да ўдзелу ў значным канцэрце запрашаюць толькі найлепшых майстроў мастацтва. Тут высокапрафесійным павінна быць усё: падбор кампазіцыі, рух кожнага, адпаведнасць касцюмаў. І нават падчас генеральнага прагляду з праграмы можна “вылецець” з-за адной недарэчнасці. Але нашы выхаванцы — малайцы: адказныя і вельмі старанныя. Да таго ж нам давярае галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная, якая перыядычна аказвае метадычную дапамогу і падтрымлівае ў розных пачынаннях. Мы не можам падвесці Ганну Дзмітрыеўну.
З Мінска юныя танцоры вярталіся надзвычай натхнёнымі, бо выступаць на адной сцэне з вядомымі калектывамі і салістамі выпадае не часта.
— У закуліссі тэатра мае выхаванцы сустракаліся з кумірамі, заслужанымі і народнымі артыстамі. І тыя папросту віталіся і размаўлялі з на- шымі дзяўчатамі, падбадзёрвалі іх перад выхадам на сцэну, жадалі поспехаў, — распавядае Вера Іванаўна. — Каб вы бачылі вочы падлеткаў! Поўны спектр эмоцый. І гэта вельмі каштоўна.

Напружаная праца
Darling быў заснаваны ў 2002-м пры Пінскім гарадскім цэнтры культуры і творчасці. Па словах кіраўніка суполкі, пачыналася ўсё даволі сціпла, з набору невялічкага гурта аматараў танца. Цяпер у калектыве налічваецца каля 70 выхаванцаў, а разам з падрыхтоўчай групай — больш за сотню. Працуе асобная студыя для малышоў, дзе з чатырох гадоў дзеці знаёмяцца з харэаграфіяй, робяць першыя крокі. Зразумела, застаюцца не ўсе. Непасрэдна ў калектыў трапляюць самыя таленавітыя ў восем-дзевяць гадоў — гэта асноўны склад. Калі выхаванцы дасягаюць 15 гадоў, то яны — жаданыя госці на мерапрыемствах рознага маштабу. Стаўленне кіраўніка да заняткаў надзвычай сур’ёзнае:
— Калі дзіця прыйшло да нас у студыю, трэба выкладвацца поўнасцю, — падкрэслівае Вера Іванаўна. Аднак, па яе словах, далёка не кожны можа прысвяціць танцу столькі ж часу, колькі вучобе ў агульнаадукацыйнай школе, таму бацькі, бывае, адмаўляюцца ад прафесійнай харэаграфіі на карысць агульнаэстэтычнага выхавання.
— Такім чынам, у асноўным складзе застаюцца тыя, хто ўпэўнены ў сваіх сілах і не ўяўляе жыцця без танца, — адзначае суразмоўніца.

Стылі і напрамкі
— У нас няма канкрэтнай накіраванасці, — заўважае Вера Іванаўна. — Дзеці любяць адно, гарадскія ці справаздачныя канцэрты патрабуюць другога, калі выязджаем за мяжу — трэба паказаць нашу адметнасць, на рэспубліканскіх мерапрыемствах накшталт галаканцэрта ў Вялікім дадаюцца іншыя элементы. Увогуле, апошнім часам на сцэне рэдка можна ўбачыць стыль у чыстым выглядзе. Часцей гэта мікс, дзе ўдала спалучаецца некалькі напрамкаў Такі падыход дазваляе кожнаму ўдзельніку знайсці тое, у чым ён адчувае сябе найбольш камфортна. Але адным з любімых жанраў старэйшай групы з’яўляецца стрыт-шоу, у якім моладзі лягчэй самавыяўляцца. Гэты кірунак даволі відовішчны, аднак патрабуе ад танцора максімальнай аддачы.

Вернасць справе
Вучаць дзяцей не толькі дакладна выконваць усе па, але і жыць у танцы, даносіць да гледачоў яго ідэю чатыры педагогі. А якія! У кожнага за плячыма вялікі досвед. І сёння адмыслоўцы шчыра дзеляцца здабыткамі з выхаванцамі. Напрыклад, вопытны балетмайстар Наталля Бабяк.
— Мы з ёй можам гадзінамі абмяркоўваць той ці іншы элемент пастаноўкі альбо касцюмаў, — расказвае Вера Іванаўна. — У выніку доўгіх дыскусій нараджаецца тое самае — сваё, адметнае.
Дарэчы, харэаграфія кампазіцыі, з якой Darling выступіў на сцэне Вялікага тэатра, належыць менавіта Веры Цімафеевай і Наталлі Бабяк. Асістэнт балетмайстра Ульяна Арцюшэня некалі пачынала ў складзе калектыву, а зараз вучыць танцу дзяцей.
— У падрыхтоўцы нумароў нам дапамагае і Соф’я Цімафеева, — працягвае кіраўнік. — Яна сёння вядучая салістка і актыўная ўдзельніца ўсіх творчых працэсаў.

Фестывалі і конкурсы
Дзякуючы няўрымслівым педагогам і іх старанным выхаванцам Darling ведаюць за межамі Палесся.
— Скажу шчыра: не ва ўсе конкурсы мы кідаемся і прымаем не ўсе запрашэнні на канцэрты, — не перастае здзіўляць Вера Іванаўна. — Мы не вельмі любім спаборніцтвы, дзе, напрыклад, прысуджаецца пяць першых месцаў. Лічу, павінен быць п’едэстал з трыма ступенямі, як на Алімпійскіх гульнях, і гран-пры, што выдаецца агульным рашэннем журы. У такіх конкурсах удзельнічаем ахвотна. Калектыў Darling выязджае і за мяжу. Артысты ўпадабалі фестывалі ў Санкт-Пецярбургу, на адным з якіх атрымалі гран-пры, любяць маскоўскія пляцоўкі. Напрыклад, у 2017 годзе выступілі ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы, а ў 2019-м пабывалі на найбуйнейшым сусветным чэмпіянаце World of dance. Гран-пры прывозілі з далёкага замежжа і з рэспубліканскіх конкурсаў.

“Танцуйце, як апантаныя, аддаючы сябе музыцы цалкам, і не думайце пра перамогі” — такі дэвіз у творчай суполкі. Магчыма, таму юныя выканаўцы і пакараюць самыя прэстыжныя сцэны.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва калектыву