У канцы 54-га сезона Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр выпусціў аперэту Імрэ Кальмана “Марыца”, аднавіў балет “Вішнёвы сад”. Крыху раней былі прэм’ера харэаграфічнага “Купалля” і вяртанне мюзікла “Блакітная камея” з перайначаным складам салістаў. Добрыя вынікі!

У працяг традыцый
“Марыца” ідзе на сцэне не ўпершыню. Але ў цяперашнім выглядзе — гэта цалкам новая гісторыя. Змянілася не толькі пастаноўка, але і сама п’еса, пакладзеная ў аснову. У жанры аперэты падобныя выпадкі здараюцца даволі часта. Больш за тое, практычна ўсе такія творы мы ведаем у добра адаптаваных варыянтах, што рабіліся спачатку ў дарэвалюцыйнай Расіі, а потым у савецкія часы. П’есы не толькі карэкціраваліся, але і цалкам перапісваліся, узнікалі змены ў аркестроўцы. Так што новая версія — як працяг традыцый: і старых, і зусім нядаўніх.
Рэжысёрам запрасілі народнага артыста Расіі Юрыя Лапцева з Санкт-Пецярбурга: у пазамінулым сезоне ён ставіў “Герцагіню з Чыкага”. Сцэнічную рэдакцыю лібрэта падрыхтаваў добра знаёмы па тым спектаклі Алег Солад. Але ж “Марыца” перасягнула самыя смелыя думкі. Новыя сюжэтныя павароты дадалі ёй логікі, прыемнай нечаканасці, да месца былі і жартоўныя постмадэрнісцкія ўкрапванні, гульня слоў, цытаванне іншых аўтараў, падобнае да ўласцівых жанру акцёрскіх імправізацый. Удалося пазбегнуць аперэтачных штампаў, залішніх меладраматычных жарсцей, недарэчнага камікавання — усё атрымалася вельмі па-мастацку, з густам.

Кветкавы рай
Уверцюра ператвараецца ў гэткі пластычны прыквел ці — у адпаведнасці з сістэмай Станіслаўскага — у перадгісторыю Тасіла, надзвычай актуальную для сучаснай моладзі. На нашых вачах герой прамотвае грошы, страчвае радавы маёнтак і наймаецца да заможнай графіні даглядаць гаспадарку. Гэта адбываецца за празрыстай суперзаслонай, бы ўспамін. А як тая знікае, зала замірае ад неверагоднай прыгажосці. На задніку — бясконцае кветкавае поле, на сцэне — чарада вялізных вазонаў-клумбаў, ажурныя аркі, скульптуры, якія патанаюць у яркай расліннасці (сцэнаграфія Андрэя Меранкова).
У другой дзеі дзякуючы мінімальным змяненням усё гэта ператвараецца ў шыкоўны інтэр’ер з дзвюма рознымі папраўдзе графскімі жырандолямі.
А ў апошняй сцэне — зноў у падворак, ужо з копамі сена. Марыца прылятае на дырыжаблі, хай і на плоскім, умоўным, затое на такім металічна-бліскучым, — і адлятае на ім у фінале разам з абраннікам.
Касцюмы, асабліва народныя, дораць радасць і святло. Для дасягнення эфекту яшчэ большай прыўзнятасці, святочнасці мастак Ілья Падкапаеў замяніў традыцыйны для венгерскіх строяў чорны колер на беласнежны.
Цудоўная музыка Кальмана таксама нібы расцвітае нанова. Дырыжор Юрый Галяс расстаўляе ў ёй іншыя акцэнты, дзесьці падкрэслівае не першыя, а апошнія долі тактаў, вылучае схаваныя падгалоскі — і гэта гучыць свежа, цікава.
Персанажы спектакля неаднаразова кідаюць рэплікі ў аркестр, звяртаюцца да яго кіраўніка, а пасля антракту ўвогуле вымушаюць дырыжора непасрэдна ўдзельнічаць у дзеі, што канчаткова вядзе відовішча ў рэчышча вясёлай тэатральнай умоўнасці.
Але ж колькі ў спектаклі тонкіх псіхалагічных дэталей! Неверагодна займальна сачыць, як развіваюцца адносіны цэнтральных герояў, як наноснае грэбаванне і пагарда перарастаюць у эмпатыю, з-за недамовак успыхваюць нянавісцю, абразай — і абарочваюцца гарачынёй усёабдымнага кахання.

Галерэя характараў
Апроч лірыка-драматычнай пары, у спектаклі ёсць і так званая каскадная, і камічныя старыя, што таксама знаходзяць сваё шчасце. Што ні персанаж — сапраўдны характар, надзелены адметнымі рысамі. Адмоўных герояў няма — усе прагнуць шчасця, раз-пораз памыляюцца, але выпраўляюць свае хібы, недарэчныя словы, учынкі. Адным словам, вучацца жыць. І вучаць гэтаму нас — нязмушана, незаўважна, без уціску, з хітрай і адначасова лагоднай усмешкай.
Цыганка Маня (Маргарыта Александровіч ці Наталля Дзяменцьева) спалучае ўнутраны напал з мудрасцю. Юная Ліза (Наталля Чабёлка ці Вольга Жалезкая) — гарэзлівасць з адухоўленасцю. Гуллівасць не замінае і шчырым пачуццям Іштвана (Яўген Далідовіч ці Сяргей Спруць). Цётухна Бажэна (Кацярына Станкевіч ці Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова) — валявая жанчына, здольная і пакпіцьпаўшчуваць, і прылашчыць, адкінуўшы звыклы камандны тон. Папулеску (Яўген Ермакоў ці Віктар Цыркуновіч) — былы вайсковец, які прызвычаіўся выказваць думкі выключна армейскай тэрміналогіяй. Але пры ўсёй просталінейнасці ён жудасна баіцца адзіноты.
Паказальна, што ў двух складаў артыстаў асобныя мізансцэны і ўсё сюжэтнае разгортванне набываюць розныя эмацыйна-сэнсавыя адценні. Асабліва заўважна гэта па галоўных героях. Марыца Яўгеніі Крохінай і Тасіла Арцёма Хамічонка — стрымана-лірычныя, з відавочна беларускім менталітэтам. У Вольгі Цярэнцьевай-Чубуковай і Шамхала Хачатурана яны больш тэмпераментныя, з рэзкім душэўным кантрастам утоенасці і дзявятага вала, вулканічных выбухаў з распаленай лавай. І ў кожнага — свая праўда, свае жыццёвыя ўстаноўкі, памножаныя на ранейшы вопыт. І мары, як спяваецца ў іншай папулярнай аперэце, “пра шчасце наяве”.


Пераказваць гэта цяжка, лепш — паглядзець. Але ўжо ў наступным сезоне — 55-м, юбілейным.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра