Ах, гэтае вяселле…

Не толькі свята, але і адна з самых старажытных традыцый. У кожнага народа — са сваімі адметнасцямі. І нават у суседніх вёсках звычай адрозны ў асобных элементах. Складаны шматкампанентны магічны абрад закліканы забяспечыць маладым сямейнае шчасце. Убачыць адразу шэраг унікальных вясельных рытуалаў можна на фестывалі “Мотальскія прысмакі”.

 

Дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці Вольга Кульбеда распавяла, што сёлета прадстаўлены “Аніміраваныя тэхналогіі інтэрпрэтацыі падзейнага турызму”. Гэта сумесны праект захавальнікаў мясцовых традыцый і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Вяселле здаўна лічыцца самым урачыстым звычаем у сямейнай абраднасці. Яркасць свята і ўзнёсласць моманту з’яўлення сужэнскай пары спрыялі таму, што рытуал збярогся да сёння. Аднак сімвалічнае значэнне большасці дзеянняў, скіраваных на забеспячэнне дабрабыту і шчаслівай долі новаўтворанай сям’і, у сучасным свеце неапраўдана забываецца. Дапамагаць адраджэнню старажытных сэнсаў закліканы і мотальскі фестываль.

 

Асаблівасці рэгіёна

Сёння ў Моталі каля чатырох тысяч жыхароў. Тут больш за 1600 дамоў, дзве сярэднія школы. Гэта вялікая сучасная добраўпарадкаваная вёска — аграгарадок. Натуральна, нешта забываецца, штосьці інтэрпрэтуецца па-новаму, бо гады ідуць. Але мясцовыя імкнуцца захаваць сваю аўтэнтычнасць. Таму супрацоўнікі Мотальскага музея народнай творчасці бачаць задачу ў тым, каб паказаць рэканструкцыю спрадвечнага абраду.

— Кожны, хто прыязджае да нас на фестываль, можа паўдзельнічаць у старадаўнім мотальскім вяселлі ў якасці госця, — запэўнівае Вольга Кульбеда. Па яе словах, рытуалы, звязаныя з караваем, — адзін з васьмі этапаў тутэйшага традыцыйнага вяселля. Але самы галоўны. Рэцэпт, звычаі ўпрыгожвання і міжрадавога падзелу сімвалічнага хлеба захаваліся і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

 

Каравай, каравай...

Менавіта з выпечкі абрадавага пірага тут пачынаецца вяселле. Запрашаюцца жанчыны — абавязкова шчаслівыя ў шлюбе. Лічыцца, што яны здольныя энергетыкай паўплываць на лёс маладых. Таму да гатавання не пускаюць удоў, разведзеных або бяздзетных. Затое малыя на каравайным абрадзе заўсёды жаданыя госці. Разам з дарослымі яны плятуць упрыгожанні з цеста, робяць кветкі. Калі ў гаспадыні хаты ёсць унукі — абавязкова пячэцца і асобны каравай. Яго гатуюць самі дзеці. Так перадаецца традыцыя. Для каравая выкарыстоўваюць муку, яйкі, масла, цукар, разынкі, асвячоную ваду і трохі гарэлкі. Апошняя падоўжвае тэрмін прыдатнасці вырабу, а яшчэ нібыта залагоджвае вясельнага духа. У цеста не кладуць соль, каб у новай сям’і не было слёз. Затое не шкадуюць масла і разынак, каб маладыя жылі заможна і нарадзілі шмат дзетак.

 

Змястоўная прыгажосць

Жанчыны паслядоўна рашчыняюць, замешваюць, “гібаюць” цеста, саджаюць пірог у печ, вымаюць яго, упрыгожваюць, а таксама ладзяць выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі спевамі. Самая арыгінальная дэталь мотальскага каравая — так званыя шышкі. Іх ствараюць асобна. На галінкі яблынь, груш або вішань па спіралі накручваюць палоскі цеста. За- тым кулінарную канструкцыю запякаюць, аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі, усталёўваюць на пірагу.

Гатовы каравай найстарэйшая жанчына апяразвае ручніком. Пад тэматычныя песні-карацелькі выраб аддаюць свату. Калі хлопец са сваім караваем прыязджаў да дзяўчыны, шышкі перамяшчалі. З пірага нявесты трохрогае ўпрыгожанне адпраўлялі на пачастунак жаніха, а на каравай маладой ставілі двухрогія галінкі. Такі абмен азначаў, што ў адным родзе стала на чалавека больш, а ў іншым — менш. На працягу ўсяго вяселля каравай знаходзіўся ў халодным памяшканні — “каморы”. На заканчэнне свята кожны госць атрымліваў частку ўзамен на добрыя пажаданні і падарункі маладым.

 

Смачная каштоўнасць

Мотальскі музей народнай творчасці заснаваны ў 1983 годзе па ініцыятыве Міністэрства культуры БССР і мясцовага калгаса “40 год Кастрычніка”. Першымі элементамі калекцыі былі прадметы са школьных музеяў тагачаснай вёскі Моталь, калгаснага Музея баявой і працоўнай славы. У 1988-м новая скарбніца займела статус дзяржаўнай установы, а для наведвальнікаў адкрылася ў 1995-м. Асноўны напрамак дзейнасці Мотальскага музея народнай творчасці — збор, вывучэнне, захаванне і адраджэнне матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесся. У 2022 годзе ўстанова атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на аднаўленне вясельнай каравайнай традыцыі вёскі Моталь. Звычай унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як нематэрыяльная культурная каштоўнасць. Паспытаць такі адмысловы ласунак можна падчас фэсту “Мотальскія прысмакі”.

Віктар ГАЎРЫШ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА, з архіва фестывалю і Тэлеграм-канала #1регионКультура