Мацвей Чуча — тройчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 18-гадовы баяніст ізноў удастоіўся ганаровай прэміі 15 ліпеня. Аддавацца па максімуме любімай справе — нязменны прынцып перспектыўнага музыканта, які ўпэўнена ідзе да высокіх мэт.

Наш герой — прадаўжальнік сямейнай традыцыі. Музыка атачала яго з маленства: прадзед іграў на баяне, мог на ляту падхапіць любую мелодыю, а бабуля мела абсалютны слых і цудоўнае пачуццё рытму. Нядзіўна, што на адным з першых урокаў у музычнай школе дзевяцігадовы хлопчык з лёгкасцю сыграў “Стары клён”, чым моцна ўразіў настаўніцу. Цяпер Мацвей — амбіцыйны выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Юны талент перакананы: творчасць — яго прызначэнне.
— Якім быў апошні год у каледжы?
— Цікавым, плённым, насычаным. Удалося праявіць сябе на пляцоўках міжнароднага ўзроўню, паўдзельнічаць у буйных конкурсах і важных дзяржаўных мерапрыемствах, прымераць ролю і саліста, і артыста ансамбля, у прыватнасці аркестра і секстэта. Шмат новага даведаўся пра розных кампазітараў і выканаўцаў, іх творчы і прафесійны шлях, што навяло на вартыя думкі адносна далейшага кар’ернага развіцця.
— А самымі яркімі момантамі сцэнічнай дзейнасці сталі…
— Выступленні ў Палацы Незалежнасці на Рэспубліканскім навагоднім балі, у Мінскім гарадскім палацы культуры, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай дзяржаўнай філармоніі разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.
Шмат станоўчых эмоцый прынесла рэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам”, у рамках якой далучыўся да канцэртаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным і Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтах. Распавядаў студэнтам пра творчасць, музычнае мастацтва краіны. Было прыемна сустрэцца з такой публікай. Наступнымі прыпынкамі ў маршруце сталі Беразіно і Чэрвень, дзе нас вельмі цёпла сустрэлі.
Што да творчых спаборніцтваў, заваяваў званне лаўрэата I ступені на IX Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў на народных інструментах імя В.В. Андрэева (Санкт-Пецярбург), XIII Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў на баяне і акардэоне імя М.І. Белабародава (Тула) — пазнаёміўся з выбітнымі артыстамі, атрымаў магутны зарад матывацыі.
— Дзякуючы гран-пры X Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча летась вам у другі раз прысудзілі стыпендыю спецфонду Прэзідэнта. Сёлета прэстыжную прэмію прынёс конкурс імя В.В. Андрэева ў Паўночнай сталіцы Расіі. Якія ўзнікаюць пачуцці, калі здабываеце такія ўзнагароды?
— Вялікая радасць! Прыемна, што на самым высокім узроўні прызнаюць старанні. Дзяржаўная падтрымка стымулюе дамагацца новых здзяйсненняў і ўвасабляць самыя дзёрзкія задумы.
— У акадэмічным плане, напэўна, таксама ёсць падставы для гонару?
— Дзякуючы выдатным педагогам дасягнуў прыкметных поспехаў у асваенні фартэпіяна: удала здаў экзамены па адпаведных дысцыплінах, выступіў на некалькіх канцэртах установы. Хочацца адзначыць настаўніцу гімназіі-каледжа Алену Уладзіміраўну Захараву. Менавіта яна адкрыла для мяне сусвет чыста- га і прыгожага гучання гэтага неверагоднага інструмента.
— Якія кампазіцыі ў вашым рэпертуары?
— Імкнуся выконваць музыку, якая падабаецца мне, каб шчыра перадаваць свой запал слухачам. На баяне іграю творы розных стыляў і эпох. На галоўных пазіцыях — эстрадна-джазавыя і віртуозныя п’есы, сачыненні сучасных айчынных аўтараў. Асобна вылучу беларускую народную песню “Туман ярам…” у апрацоўцы Леаніда Маліноўскага і Трэцюю санату Уладзіслава Залатарова. Што тычыцца фартэпіяннага рэпертуару, у прыярытэце — прэлюдыі і эцюды Фрыдэрыка Шапэна, творы Іагана Себасцьяна Баха, Дзмітрыя Шастаковіча, Мікалая Метнера, Ферэнца Ліста.
— Спрабуеце сябе ў напісанні музыкі?
— Час ад часу ўзнікае асаблівы настрой — і я з цікавасцю пагружаюся ў гэтую справу. Перакананы: каб знайсці сваё месца, трэба прымераць розныя амплуа.
— Што дапамагае злавіць творчую хвалю?
— Мяне натхняе жыццё і самыя розныя яго праявы. Прыгажосць і зачараванне можна адшукаць у самых, здавалася б, звычайных і будзённых рэчах. Магутнай энергіяй таксама зараджаюць канцэрты. Як бы парадаксальна гэта ні гучала, пасля выступленняў адчуваю не стомленасць, а моцны прыліў сіл.
— Як бачыце сваё далейшае развіццё ў прафесіі?
— Планую працягваць рэалізоўвацца і як сольны выканаўца, і як удзельнік калектыву Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Маю таксама намер паспрабаваць сябе ў педагогіцы. Хочацца перадаваць веды і вопыт іншым, але для гэтага трэба самому яшчэ шмат чаму навучыцца. Якім бы шляхам я ні пайшоў, галоўнае — расці і ўдасканальвацца, дарыць любімую музыку людзям, каб рабіць нашы дні яшчэ святлейшымі і прыгажэйшымі!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва героя