Час новых уражанняў і магчымасцяў

Апублiкавана: 08 жнiўня 2025 Навіны рэгіёнаў Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Так, гэта пра лета! Акрамя таго, гэта яшчэ і шанс пагрузіцца ў свет традыцыйных рамёстваў.

Спецыялісты аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага раённага Цэнтра культуры праводзяць майстар-класы, дзе можна не толькі даведацца пра сакрэты старажытных тэхнік, але і стварыць унікальныя сувеніры сваімі рукамі.

Адным з ключавых напрамкаў з'яўляецца травапляценне: сваімі ведамі і ўменнямі дзеліцца майстар Вольга Вайтовіч. На яе занятках удзельнікі вучацца плесці венікі-абярэгі і вырабляць "птушак шчасця". Гэтыя вырабы не толькі прыгожыя, але і нясуць у сабе глыбокі сімвалізм, закліканы прыносіць шчасце і абараняць хату.

Майстар Вольга Міхаленка натхняе ўдзельнікаў сваімі майстар-класамі па саломапляценні. Яна навучае стварэнню венікаў-абярэгаў і сімвалічных фігур, напрыклад, "буслоў".

Не застаецца без увагі і кераміка. Майстар Людміла Улановіч прапануе ўдзельнікам ствараць падкоўкі і званочкі. Такія рэчы дадаюць цеплыню ў інтэр'ер.

А для тых, хто шануе прыгажосць і сімвалізм вышыўкі, майстар Ірына Фядзюк праводзіць майстар-класы па стварэнні лялек-абярэгаў, кожная з якіх мае сваё значэнне: "дабрабытніца" прынясе ў дом гармонію, "траўніца" абароніць ад хвароб, "трыпутніца" стане талісманам натхнення і майстэрства.

Нашы майстар-класы гэта не проста навучанне рамяству, але і магчымасць дакрануцца да вытокаў народнай культуры, правесці час у прыемнай кампаніі аднадумцаў і стварыць нешта па-сапраўднаму каштоўнае.

Метадыст па народных мастацкіх рамёствах, традыцыям, абрадам, фальклоры
Галіна МІКАНАВА