Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь Духавы аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. Агінскага пабываў на ХІІІ Міжнародным фестывалі духавых аркестраў імя І. Шатрова і В. Агапкіна ў расійскім Тамбове. З чым ездзілі, што прывезлі — распавёў кіраўнік аркестра, выкладчык Аляксей Андрэеў.
Аляксей Андрэеў
— Нягледзячы на тое, што мы ўдзельнічаем у фестывалі ўжо другі раз, уражанні атрымалі надзвычай узнёслыя, — гаворыць Аляксей Васільевіч. — Гэта датычыць і вопытных музыкантаў, і навічкоў.
Як заўважае кіраўнік, аркестр складаецца з навучэнцаў каледжа і іх выкладчыкаў — маладых педагогаў, прычым студэнтаў пераважная большасць. Тым больш ганарова, што беларускі аматарскі калектыў выступае на вялікай сцэне нароўні з расійскімі прафесійнымі артыстамі.
Фестываль праходзіць штогод у гонар яго арганізатараў, вядомых кампазітараў Ільі Шатрова, удзельніка руска-японскай вайны, аўтара вальса “На сопках Манчжурыі”, і Васіля Агапкіна, чый марш “Развітанне славянкі” зрабіўся знакамітым на ўвесь свет. Таму сімвалічна, што другі фестывальны дзень традыцыйна пачынаецца з ускладання кветак да помніка музыкантам.
— А ў першы дзень яго ўдзельнікі, а гэта паўтара дзясяткі калектываў, даюць канцэрты па гарадах Тамбоўскай вобласці, — расказвае Аляксей Андрэеў. — Сёлета мы выступалі перад жыхарамі і гасцямі горада Катоўск з праграмай “Рэха пакаленняў”. У яе ўвайшлі мелодыі беларускіх аўтараў даваеннай і ваеннай тэматыкі, а таксама сучасныя кампазіцыі. Такім чынам мы не толькі падкрэслілі значную дату ў гісторыі — 80-годдзе Вялікай Перамогі, — але і азначылі сувязь пакаленняў і народаў нашых краін.
Па словах выкладчыка, студэнты, у тым ліку першакурснікі, якіх сёлета ў калектыве нямала, выступілі перад катоўцамі на даволі высокім прафесійным узроўні, што дадае ім павагі.
— Напярэдадні гала-канцэрта прайшла рэпетыцыя зводнага аркестра, — расказвае Аляксей Васільевіч. — Нам загадзя раздалі партытуры. Сваім падапечным кажу: “Рыхтуйцеся да таго, што рэпетыцыя можа заняць некалькі гадзін — трэба сыграцца, пачуць адно аднаго некалькім сотням чалавек з розных калектываў”. Але мы хутка пачулі калег, яны — нас.
У асноўны дзень прайшоў парад аркестраў па галоўнай вуліцы Тамбова ад помніка кампазітарам да плошчы Леніна, дзе адбыўся гала-канцэрт. Распачаўся ён з выканання зводным аркестрам гімнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, пасля чаго прагучалі мелодыі заснавальнікаў фестывалю.
У гала-канцэрце кожны калектыў павінен быў прадставіць 2-3 кампазіцыі, паказаць, так бы мовіць, сваю візітоўку.
— Мы падрыхтавалі тры нумары, — працягвае кіраўнік. — Першы — інструментальны марш з кінафільма “Беларускі вакзал”. Выбралі яго з некалькі прычын. Па-першае, з Масквы эшалоны на фронт ішлі менавіта з гэтага вакзала. Туды ж вярталіся пераможцы. Па-другое, мы, беларусы, такім чынам нагадалі пра нашу краіну.
Як даніну памяці ўсім пацярпелым ад вайны, саліст Мікалай Карпіевіч сыграў “Бухенвальдскі набат”.
— Памятаеце словы: “Люди мира, на минуту встаньте…” Якое было здзіўленне, калі з першымі акордамі гледачы пачалі падымацца з месцаў — тысячы чалавек! Мы перажылі ў гэтыя хвіліны такое кранальнае пачуццё значнасці, годнасці, узнёсласці, — згадвае суразмоўца.
Трэцяя кампазіцыя перанесла слухачоў у пераможны май. “Весна сорок пятого года…” Так, гэта “Майскі вальс” Ігара Лучанка, які выканала Вольга Кохан.
— І тут выбар быў невыпадковы. Мы зноў нагадалі пра Беларусь, пра адзінства народаў, агульнае шчасце Перамогі, — дадае Аляксей Андрэеў.
Увесь гала-канцэрт доўжыўся больш за тры гадзіны, што нехарактэрна для праграм інструментальнай музыкі. Адзін калектыў змяняў другі — кожны са сваёй адметнасцю, кожны — высокапрафесійны, з глыбокім падыходам да музыкі.
— Насычаныя фестывальныя дні і доўгая дарога не нашкодзілі добрай паспяховасці навучэнцаў, — не без гонару гаворыць педагог. — Літаральна праз дзень мае хлопцы і дзяўчаты здавалі экзамен — і, трэба сказаць, вельмі добра. З усёй групы толькі адна сямёрка, астатнія — 8, 9 і нават 10! Ну малайцы ж!
Цімафей Камароў, выпускнік каледжа:
— Разам з таварышамі ўдзельнічаў у фестывалі ў Тамбове. Сёлета мерапрыемства было маштабнейшым. І калектываў больш, і гала-канцэрт праходзіў не на Плошчы музыкі, дзе мінулы раз, а на плошчы Леніна. І гледачоў багата — людзі занялі ўсе месцы на трыбунах і нават стаялі. Гэта, канешне, уражвала. Яшчэ менавіта для мяне было важным, як хутка мы знайшлі пункты судакранання з іншымі калектывамі на рэпетыцыі парада. Зразумела, у кожнага аркестра свая манера выканання, свой характар, нейкія “фішачкі”. А тут мы так адчулі адно аднаго, быццам даўно знаёмыя. Не ведаю, як апісаць гэта… Але здавалася, што вакол людзі, якія дыхаюць з табой адным паветрам, разумеюць цябе, і разам мы — вялікая сіла музычнага мастацтва.
Ягор Скалабан, скончыў першы курс:
— Шчыра кажучы, было няпроста справіцца з хваляваннем — ад думкі, што буду поплеч з такімі прафесійнымі сталымі музыкантамі, што не маю права падвесці сваіх сяброў і настаўнікаў. Аднак, калі стаў іграць, адчуў еднасць з іншымі і забыўся на ўсё. Я проста пагрузіўся ў музыку і атрымліваў асалоду ад самога працэсу. Аляксей Васільевіч нам часам гаворыць, што свет “духавікоў” — асаблівы, і калі ты валодаеш духавым інструментам, аднадумцаў знойдзеш усюды, дзе б ні апынуўся. У Тамбове я зразумеў, наколькі настаўнік мае рацыю.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота з архіва аркестра