Дыханне вечнасці ў шматгалоссі

Калі песня становіцца малітвай, а канцэрт — размовай душ, нараджаецца мастацтва, што дорыць сапраўдны катарсіс. Народны акадэмічны хор Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый ужо больш за 40 гадоў гучыць так, што прымушае кожнага пачуць і… маліцца разам.

Калектыў, заснаваны ў верасні 1983-га па ініцыятыве кампазітара Валянціна Перапёлкіна, адразу стаў культурнай візітоўкай Іванава. У 2020-м кіраўніцтва перайшло да Наталлі Серады — вопытнага дырыжора. Харавое мастацтва вызначыла і яе прафесійны шлях, і асабістую місію. 

— Напачатку перад сабой ставіла толькі адну мэту — не страціць тое, што з такой адданасцю стваралася да мяне, — распавядае Наталля Фёдараўна. — Валерый Ткачук, мой папярэднік, пакінуў грунтоўную спадчыну: дакладна сфармуляваныя эстэтычныя арыенціры, вытрыманую акадэмічную манеру, высокі выканальніцкі ўзровень. Гэтая планка патрабавала развіцця. 

Дзейнасць Наталлі Серады ў якасці кіраўніка супала з няпростым часам — пандэміяй. Каранавірус унёс карэктывы ва ўсе сферы жыцця, але не перашкодзіў хору захоўваць творчую актыўнасць. 

— Нам давялося вучыцца працаваць у новых умовах, — згадвае Наталля Фёдараўна. — Залу з сапраўднай акустыкай замяніў экран ноўтбука. Гэта было складана, бо жывы гук, кантакт паміж спеваком і дырыжорам — аснова хору. Але мы выстаялі. І менавіта тады я адчула: перада мной не проста калектыў, а вялікая сям’я, здольная справіцца з любымі выпрабаваннямі. 

Сёння народны акадэмічны хор налічвае 35 удзельнікаў. Большасць — настаўнікі Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды, а таксама супрацоўнікі Цэнтра культуры і народных традыцый. Аднак, як кажа Наталля Серада, у калектыве спяваюць душой, таму пасады не важныя: 

— Артысты розныя: па ўзросце, прафесіі, характары. Але ўсіх аб’ядноўвае глыбокае разуменне значнасці мастацтва. Мы працуем у акадэмічнай манеры, выкарыстоўваем складаныя гарманічныя структуры, выконваем мелодыі, якія патрабуюць не толькі вакальнай падрыхтоўкі, але і разумення духоўнага сэнсу. І кожны ўдзельнік калектыву гатовы ўкладваць сябе да апошняга гуку, да апошняга ўздыху. 

МУЗЫКА БЕЗ МЕЖАЎ 

Рэпертуар хору — мост паміж эпохамі і культурамі. Ад духоўных песнапенняў праваслаўнай традыцыі да работ Карла Орфа, ад класічных формаў да беларускіх аўтарскіх песень сучаснасці. Аснову выканальніцкай працы складае шматгалоссе: у арсенале — пяці-, шасці- і нават сямігалосныя творы, якія патрабуюць высокага прафесіяналізму і зладжанасці. Асаблівае месца займаюць кампазіцыі а капэла: кожны голас гучыць выразна і дакладна, нараджаючы гармонію, што трымаецца выключна на ўзаемным слуханні і даверы паміж удзельнікамі. 

— Мы не гонімся за эфектнай модай, наш шлях — шчырасць, глыбіня і высокі мастацкі густ — кажа Наталля Серада. — І менавіта дзякуючы зладжанай працы кожнага ўдзельніка, узаемнаму даверу і велізарнай самааддачы нашых харыстаў канцэрты часцяком ператвараюцца ў сапраўдную малітву. Калі гучыць, напрыклад, “Дзева Марыя” А. Віскова або старадаўні беларускі гімн пад калядны званочак, здаецца, што ўсё навокал спыняецца. І нават тыя людзі, што трапілі на выступленне выпадкова, слухаюць і моляцца разам з намі. 

СІЛА ПРЫСУТНАСЦІ 

Разнастайнасць рэпертуару сведчыць пра высокі творчы ўзровень. За апошні год народны акадэмічны хор дасягнуў новых вяршынь — стаў лаўрэатам I ступені на Усерасійскім конкурсе-фестывалі “Таленавітая краіна” (Масква), міжнародным фестывалі “На Алімпе” (Масква), міжрэгіянальным фестывалі “Фальклор без межаў” (Іванава). Калектыў — заўсёднік абласных і рэгіянальных свят, дзе яго сустракаюць з цеплынёй і шчырасцю. Нядаўна хор зноў уганаравалі званнем лаўрэата I ступені — на форуме “З любоўю да песні” (Іванава). Эксперты адзначылі тонкасць музычнай фразіроўкі і багатую тэмбравую палітру, а гледачы — тую глыбіню перажывання, калі музыка ператвараецца ў малітву. 

— Самая высокая ўзнагарода — рэакцыя слухача, — прызнаецца Наталля Серада. — Калі пасля выступлення чалавек падыходзіць і кажа, што не мог стрымаць слёз, што адчуў нешта глыбокае і сапраўднае — тады разумею: мы дакрануліся да сэрца. І гэта значыць, што ўсё зроблена не дарэмна. 

КАРАНІ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

Артысты беражліва ставяцца да сваіх каранёў. У архіве захоўваюцца каштоўныя матэрыялы, што адлюстроўваюць гісторыю калектыву з 1980—1990-х, калі ён насіў назву харавой капэлы. Менавіта тады пачаліся шматлікія гастролі, творчыя абмены з замежнікамі, удзел у фестывалях і значныя перамогі. Асобнае месца ў гэтай гісторыі займае знакамітая араторыя “Поле маё старажытнае” на словы Петруся Макаля, музыку да якой напісаў Валянцін Перапёлкін. Араторыя прагучала на першым атэстацыйным канцэрце ў 1985-м, калі хору было прысвоена званне народнага, і стала гімнам духоўнасці і любові да роднай зямлі. 

— Імкнёмся не толькі захоўваць тое, што было створана да нас, але і развіваць гэта, — адзначае кіраўнік. — Вопыт папярэднікаў — надзейны падмурак, аднак мы адкрыты да новага. Мастацтва жыве толькі тады, калі развіваецца. Калі яно спыняецца — яно знікае.

Сапраўдная сіла народнага акадэмічнага хору — у здольнасці аздараўляць душу і аб’ядноўваць людзей. Калі гучыць шматгалоссе, у зале ўзнікае асаблівая гармонія, якая дапамагае слухачу адчуць галоўнае: культура — рухомая з’ява, рытм якой у кожным з нас. 

І пакуль у гэтым гучанні жыве высокая нота, Іванава застаецца культурным цэнтрам. Наталля Серада слушна заўважае: 

— Калі мы спяваем усім сэрцам, песня становіцца малітвай, а малітва — дыханнем вечнасці. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву