Трагічнаму лёсу Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, ваенных лётчыкаў і Герояў Беларусі, прысвечана новая карціна Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, здымкі якой завершацца напрыканцы лета.
Упершыню пра гэты праект загаварылі ў 2022-м, калі адкрывалі мемарыял у памяць пра герояў у Баранавічах. За працу над карцінай узяўся айчынны рэжысёр Іван Паўлаў, вядомы па фільмах ваеннай тэматыкі “Падрыў”, “Час вярнуцца” і міні-серыяле “Полымя пад попелам”.
— Гэта складаная і вельмі важная стужка. Мы павінны правільна паказаць значэнне подзвігу, праўдзіва адлюстраваць тое, як героі прыйшлі да рашэння цаной уласнага жыцця выратаваць іншых людзей, — сказаў Дзмітрый Сямёнаў, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, падчас старту здымак 12 чэрвеня.
Маёр Андрэй Нічыпорчык быў лётчыкам-інструктарам. Нарадзіўся ў сям’і ваеннага лётчыка-снайпера, скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 2016-га рыхтаваў да палётаў на Як-130 маладых пілотаў. На авіябазе Андрэя ведалі як цярплівага і ўважлівага інструктара, які любіў неба і курсантаў.
Дзмітрый Сямёнаў, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", і Іван Паўлаў, рэжысёр
Мікіта Куканенка таксама скончыў Ваенную акадэмію. У дзяцінстве ён шмат часу праводзіў у дзядулі ў гарадскім пасёлку Баравуха, дзе размяшчалася верталётная база. Пасля яе наведвання вырашыў стаць пілотам і паступіў у Полацкае кадэцкае вучылішча.
Жыццё двух маладых людзей трагічна абарвалася 19 мая 2021 года падчас трэніровачнага палёту. Вучэбна-баявы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130 пацярпеў крушэнне пад Баранавічамі на вуліцы Розы Люксембург. Да апошняга Мікіта і Андрэй спрабавалі адвесці борт ад жылых дамоў і таму запозна катапультаваліся. Ахвяр сярод мясцовага насельніцтва не было.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, абодвум лётчыкам пасмяротна прысвоена званне “Герой Беларусі”.
Здымкі карціны з працоўнай назвай “Адно на дваіх” стартавалі на авіяцыйным факультэце сталічнай Ваеннай акадэміі. У ліку першых запісалі сцэну, дзе малады курсант Мікіта Куканенка адпрацоўвае лётныя навыкі з дапамогай спецыяльнага трэнажора. Разам з персанажам у кадры — сённяшнія курсанты і выкладчыкі акадэміі. Некаторыя з іх сапраўды рыхтавалі будучага героя.
Наступныя лакацыі, куды завітае каманда “Беларусьфільма”, — Полацкае кадэцкае вучылішча, Магілёўскі аэраклуб ДТСААФ, Лідская штурмавая авіябаза і іншыя. Стужка раскажа не толькі пра ваенны лёс лётчыкаў. Па жанры яна — баёпік, фільмбіяграфія.
— Імкнёмся стварыць максімальна шчырую, праўдзівую гісторыю пра маладых людзей, якія здзейснілі вялікі ўчынак не раздумваючы, — распавёў Іван Паўлаў. — З усіх маіх работ гэтая — самая складаная. Чаму? Кіно як мастацкі твор мае драматургічны складнік: завязку, кульмінацыю, развязку і канфлікт, якога ў жыцці паміж героямі не было. Андрэй Нічыпорчык — настаўнік, Мікіта Куканенка — вучань. Прыдумаць канфлікт? Няправільна. Гэтая карціна — аб высокім, аб нараджэнні подзвігу ўнутры чалавека.
На пачатку здымак
Дзяцінства і юнацтва лётчыкаў, іх вучоба ў Ваеннай акадэміі — на экране знойдуць адлюстраванне ўсе значныя моманты жыццяў. Практычна кожная сцэна, дарэчы, узгоднена са сваякамі Мікіты і Андрэя.
— “Адно на дваіх” — мастацкі твор. Амаль 70 % кінастужкі — тое, што адбывалася ў рэальнасці, — падкрэслівае Іван Паўлаў. — Дакументальнай праўды тут большая частка, але ў фільме ёсць не толькі яна. Вельмі важны і лірычны складнік. Хтосьці сказаў, што ў лётчыка дзве любові: неба і жанчыны. І ў хлопцаў было гэтак жа.
Распавядзём, як Мікіта пазнаёміўся з жонкай і дзеля вяселля нават пайшоў у самаволку, — працягвае Іван Міхайлавіч. — Я ніколі не даведаюся, чаму авіятары паступалі ў той ці іншай сітуацыі менавіта так, але як рэжысёр магу прапанаваць здагадку. Акцёрам будзе няпроста перажываць эмоцыі герояў, але мы гатовы да гэтага.
Пакажам момант развітання Андрэя Нічыпорчыка са сцягам у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Будзе эпізод гульні ў футбол, у якой Мікіта Куканенка выконвае ролю абаронцы. Усё гэта недарма, бо адзін з цэнтральных вобразаў карціны — мужчынаабаронца. У сцэнах з палётамі задзейнічаем камп’ютарную графіку, без якой цяпер не абыходзіцца ні адна стужка.
Выканаўцу ролі Мікіты Куканенкі знайсці было няпроста: пры жыцці лётчыка называлі проста Рыжы за яркі колер валасоў, а сярод беларускіх кінаакцёраў, як адзначыў рэжысёр, такога тыпажу няма.
— Часта прэтэндэнты не падыходзілі па ўзросце або характары. Хтосьці аказаўся залішне меланхалічным, у той час як Мікіта быў вельмі вясёлым, адважным і мужным, — расказала кастынг-дырэктар “Беларусьфільма” Аляксандра Чахунова.
Нарэшце ідэальнага па ўсіх параметрах акцёра знайшлі дзякуючы аб’яве ў інтэрнэце. Малады мінчанін Ягор Чубакоў адгукнуўся сам, прыйшоў на пробы і паспяхова з імі справіўся.
Ягор Чубакоў, выканаўца ролі Мікіты Куканенкі
— Па адукацыі я інжынер. Іграў раней у аматарскім тэатры, — распавёў дэбютант. — Мая мэта — максімальна дакладна перадаць вобраз Мікіты. Характары ў нас падобныя. Ён быў надзейным, лагодным, часам нават наіўным. Адчуваю вялікую адказнасць, але страху перад камерай няма. Наадварот, вельмі спакойна на сэрцы. Думаў, будзе цяжэй. Каманда добрая, усе падтрымліваюць мяне. Мы на адной хвалі. Працаваць — поўнае задавальненне!
Незаменныя паплечнікі “Беларусьфільма” ў працы над стужкай — спецыялісты Міністэрства абароны, якія дапамагалі карэкціраваць сцэнарый і задаваць правільныя напрамкі ў развіцці сюжэта: у авіяцыі шмат нюансаў, што трэба ўлічыць. Пра гэта распавёў палкоўнік Эдуард Жмакін, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік упраўлення ідэалагічнай работы. Ён ведаў герояў асабіста.
— Мікіта — чалавек-запальнічка, харызма і сонечная энергія якога перадаваліся ўсім, — падзяліўся ўспамінамі Эдуард Жмакін. — Ягор Чубакоў — прамое пападанне ў ролю. Хочацца пажадаць яму поспеху, паціснуць руку і сказаць: “Наперад, на ўзлёт”.
Сумесная праца Міністэрства абароны і “Беларусьфільма” над карцінай, па словах спецыяліста, праводзілася на працягу трох гадоў.
Вячаслаў Дунаеў, кінааперата-рпастаноўшчык
— З Іванам Міхайлавічам Паўлавым мы неаднаразова абмяркоўвалі асобныя сцэны. На сувязі заўсёды былі бацькі герояў, якія прапаноўвалі свае папраўкі, — распавёў Эдуард Мікалаевіч. — Дапускаю, што ў працэсе будзем карэкціраваць некаторыя моманты, бо ўсё прадугледзець нельга. Упэўнены, прафесіяналізм прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Міністэрства абароны, Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны зробіць фільм сапраўды цікавым для гледачоў.
Прэм’ера карціны адбудзецца ў пятую гадавіну памяці пра подзвіг лётчыкаў — 19 мая 2026-га. — З фільма стане зразумела, як фарміруецца ўчынак. Людзі, хто атачаў Мікіту і Андрэя, пэўныя сітуацыі на розных этапах жыцця значна паўплывалі на светаўспрыманне гэтых асоб. Важны фактар таксама — характар, уласная загартоўка. Мы пакажам, які ён — беларускі афіцэр. Гэта не толькі прафесіянал, але і чалавек з вялікім сэрцам, — падсумаваў Іван Паўлаў.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота аўтара і з Telegram-канала "Беларусьфільма"