Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” 1 ліпеня адзначыў 35-годдзе з дня ўтварэння.
Напрыканцы мінулага стагоддзя ў рамках адраджэння нацыянальных каштоўнасцей дзейнічала дзяржаўная праграма “Спадчына”. Пад яе трапіў і абласны тэатр лялек з Маладзечна. Хаця, напэўна, правільней было б сказаць, што, карыстаючыся гэтай праграмай, апантаны беларускай ідэяй рэжысёр-лялечнік Сяргей Юркевіч зрабіў усё магчымае для стварэння тэатра ў найлепшых традыцыях нашага фальклору. Вакол таленавітага і няўрымслівага кіраўніка згуртаваліся аднадумцы. І 1 ліпеня 1990 года тэатр адкрыўся.
Праз два гады месца кіраўніка тэатра заняла Ала Палякова. Гэта дзякуючы ёй, а таксама галоўнаму рэжысёру Мікалаю Андрэеву, галоўнаму мастаку Валерыю Рачкоўскаму, мастацкім кіраўнікам і, зразумела, акцёрам ажыццёўлены дзясяткі пастановак па творах беларускіх і замежных аўтараў, заключаны дамовы міжнароднага супрацоўніцтва. Трупа актыўна ўдзельнічала ў гастрольных турах і фестывалях, дзе нярэдка займала прызавыя месцы.
Другі год калектыў узначальвае Таццяна Кушаль.
— Праблема, з якой давялося сутыкнуцца, — адсутнасць на той момант мастацкага кіраўніка, — распавядае Таццяна Светаславаўна. — А гэта значыць, адсутнасць новых пастановак. Таму запрасілі вопытнага лялечніка Змітра Нуянзіна. І першае, што ён зрабіў, нават яшчэ не заступіўшы на пасаду, — падарыў нашаму тэатру спектакль “Пераможцы” — пра тое, як падчас вайны дзеці, што знаходзіліся ў тыле, працавалі на заводах, фермах, у полі, каб наблізіць доўгачаканую перамогу. Я кажу “падарыў”, таму што працаваў над пастаноўкай Зміцер выключна ў вольны час.
Таццяна Кушаль
— Ідэя спектакля ў тым, каб расказаць пра вайну без дэманстрацыі баявых дзеянняў — праз быт, размовы, праз пачуцці герояў, — адзначае Зміцер Нуянзін. — Пастаноўка атрымалася невялікая, усяго на паўгадзіны, але высокаэмацыйная. І гэта ў тым ліку дзякуючы мастачцы Ніне Баяндзінай, якая праніклася ідэяй і зрабіла сцэнаграфію, мастацкае афармленне і лялек нават больш трапнымі, чым задумвалася.
Прэм’ера спектакля адбылася 6 мая, напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі. Пастаноўку ўжо ўбачылі сотні юных гледачоў з розных куткоў Беларусі.
Нягледзячы на тое, што тэатр “Батлейка” лічыцца Мінскім абласным, трупа гастралюе па ўсёй Беларусі, у краіны бліжняга і далёкага замежжа.
— У нас наладжаны цесныя сувязі з Магілёўскім тэатрам, — расказвае Таццяна Светаславаўна. — Цяпер дамовіліся пра абменныя гастролі з Гомельскім. Напрыканцы верасня Гомельшчына будзе адзначаць чарговую гадавіну вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў, з гэтай нагоды мы пакажам спектакль “Пераможцы”.
А ў красавіку творчы калектыў “Батлейкі” прыняў удзел у фестывалі тэатраў лялек бэбі-спектакляў “Малышок”, які праходзіў ва Уладзіміры (Расія). Па словах кіраўніка, гэта было даволі маштабнае мерапрыемства, на якое з’ехаліся калектывы з Чувашыі, Удмуртыі, іншых рэгіёнаў Расіі, а таксама з Татарстана, Казахстана. Беларусы вазілі пастаноўку “Церамок”, зробленую па аднайменнай казцы ў сучаснай афарбоўцы.
— Атрымалі ўдзячнасць міністра культуры Уладзімірскай вобласці і дыплом удзельніка, — заўважыла Таццяна Кушаль. — Да таго ж гэта была цудоўная магчымасць абмену вопытам з калегамі, наладжвання новых сувязяў. Напрыклад, цяпер вядзём перамовы аб абменных гастролях з тэатрам з Арла.
А літаральна ў дзень нашага наведвання адбылася мастацкая рада, на якой зацвердзілі спектакль пад рабочай назвай “Шэры і Рудая”. Нам пашчасціла папрысутнічаць на першым чытанні. Сцэнарый напісаны па матывах беларускіх казак. Шэры і Рудая, воўк і ліса, яны ж дзед і баба, распавядаюць (паказваюць у батлейцы) казкі малым. Атрымліваецца такі спектакль у спектаклі. Прычым, па словах аўтараў, п’еса ўдала дапоўнена песнямі, танцамі, прыказкамі.
— Пастаноўка будзе цікавая і дарослым, бо яны ўбачаць сябе і сваё жыццё ва ўзаемаадносінах Шэрага і Рудой. І, упэўнены, спадабаецца малым, для якіх ставіцца ўнутраная, лялечная частка спектакля, — падкрэсліў рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Асановіч. — Да таго ж твор насычаны тонкім гумарам, самаіроніяй, дабрынёй і жыццёвай мудрасцю.
Мастачка пастаноўкі — Паліна Кажан, сама маладая мама. Яна здолела ўбачыць герояў праз прызму погляду матулі. Таму, як лічаць калегі, персанажы атрымліваюцца надзвычай кранальныя.
— Гэты спектакль мае традыцыйную батлеечную форму, — распавядае Таццяна Кушаль. — Ён лёгкі, з захаваннем беларускай народнасці. Што характэрна, мы аб’ядналі маляванку з выцінанкай. Спадзяюся, вынік парадуе не толькі стваральнікаў пастаноўкі, але і гледачоў — як дарослых, так і дзяцей. Прэм’еру плануем прымеркаваць да Дня ведаў.
Сёння ў рэпертуары тэатра 42 сцэнічныя творы. Сярод найбольш упадабаных гледачамі — “Прыгоды ў краіне электрычнасці”, падрыхтаваны сумесна с мясцовым аддзелам Дзяржэнергагазнагляду.
— Гэта невялічкі спектакль з прафілактычным характарам, — тлумачыць кіраўнік. — Лёгкі, вясёлы, насычаны інтэрактыўнымі элементамі. У ім прадугледжаны гульні і віктарыны, а ўдзельнікам уручаюцца прызы. З ім артысты выступаюць у дзіцячых садках і перад вучнямі пачатковых класаў як Маладзечна, так і іншых гарадоў вобласці і краіны. Дарэчы, з гэтым спектаклем артысты тэатра прымалі ўдзел у праграме ХХІV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2025”.
Спектакль "Пераможцы"
Сярод любімых пастановак Таццяна Кушаль называе “Тыграня Петрык”, “Зайказазнайка”, “Пані Мяцеліца”, “Церамок”. Пра ўсе, здаецца, можа расказваць гадзінамі, як, дарэчы, і пра сваіх калег і новыя формы работы, сярод якіх нямала інтэрактыўных, павучальных і мудрых, зробленых у лепшых традыцыях беларускай нацыянальнай культуры.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва тэатра