З годнасцю на сцэне — з любоўю ў жыцці

Апублiкавана: 27 лiпеня 2025 Стужка Музыка Мінск Зорны час

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

З полымем у сэрцы і вернасцю роднай зямлі салістка Маладзёжнага тэатра эстрады, педагог і аўтар песень Вольга Булай трыумфальна выступіла на Міжнародным фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні “Чырвоная гваздзіка” ў Сочы — атрымала лаўрэацтва I ступені і спецыяльны прыз імя Алега Молчана. Але за сцэнічным поспехам — штодзённая праца, дзе побач ідуць клопат пра сям’ю і служэнне прафесіі.

7.00: РАНІШНІЯ КЛОПАТЫ 

Свет Вольгі Булай — гэта не толькі сцэна і апладысменты. Перш за ўсё — дом. Яна мама і жонка. І кожны новы дзень пачынаецца з самага галоўнага: сям’і. 

— Раніца праходзіць па класічным сцэнарыі, знаёмым многім жанчынам, — расказвае Вольга. — Клопаты, сняданак, збор дзіцяці, дарога ў садок... Усё проста, будзённа, але ў гэтым і ёсць сапраўднае жыццё. 

Ніякага пафасу, ніякіх гучных заяў. Вячэрняя эстрада пачынаецца толькі пасля насычанай сямейнай раніцы. Менавіта ў цішыні роднага дому нараджаецца настрой, што вызначае ўвесь дзень. А для артыста гэта адна з галоўных умоў творчага ўздыму. 

Рэжым — жалезны памочнік Вольгі. Сон, ежа, цішыня і правільнае дыханне — чатыры кіты, якія фармуюць яе прафесійны дзень. Асабліва перад важнымі выступленнямі. 

— Бывае, не выспішся — і голас адразу капрызіць. Таму нават перад самымі насычанымі гастролямі — абавязковы сон і сняданак дома. Без гэтага я проста не функцыяную, — з усмешкай прызнаецца спявачка. — Каб гучаць, трэба папоўніць сілы. А дзе пазней удасца перакусіць, ніхто не ведае.

10.00: ПРАСТОРА ДЛЯ НАТХНЕННЯ 

Паміж сняданкам і першай справай дня Вольга паспявае вылучыць некалькі хвілін на самае асабістае — натхненне. 

— Вельмі ўражвае прырода. Нядаўна ўпершыню ў жыцці ўбачыла мора — і гэта стала для мяне сапраўдным рэсурсам. Хвалі і горы зараджаюць унутраны акумулятар. Мы з мужам вырашылі абавязкова выязджаць туды хоць раз на год. Без перазагрузкі — ніяк. 

У гэтых словах — ключ да творчага аднаўлення. Цішыня і прастора вакол, па словах спявачкі, патрэбны ёй гэтак жа, як і сцэна.

12.00: ПРАЦА — СПРАВА ГОНАРУ 

Калі няма канцэртаў, пачынаецца другі важны фронт — педагагічны. Вольга — выкладчык вакалу і мастацкі кіраўнік у дзіцячым цэнтры “Sirius”, а таксама педагог у школе зорак “Аўра” пад кіраўніцтвам Яўгена Алейніка. 

— Графік вучняў цесна звязаны з маім: калі я на гастролях, яны атрымліваюць заданні і рыхтуюцца. Потым я вяртаюся, і мы ўключаемся ў працу з новай сілаю. Яны сумуюць без мяне, а я — без іх. Цвёрда ўпэўненая: калі ты сапраўды нешта ўмееш, абавязкова павінен гэта перадаваць іншым. 

Праца з дзецьмі, па словах выканаўцы, дорыць столькі ж запалу, як і сольныя выступленні. Тут, дзе іншыя губляюць энергію, Вольга, наадварот, напаўняецца. У кожным дзіцяці яна бачыць патэнцыял, іскры таленту, якім хоча дапамагчы разгарэцца. Бо сапраўдная педагогіка — таксама творчае самавыяўленне, толькі на іншай сцэне.

15.00: ТВОРЧАСЦЬ ЯК СЛУЖЭННЕ

Для Вольгі Булай сцэна — прастора адданасці. Інакш яна яе не ўспрымае. 

— Шчыра веру: сапраўдны артыст служыць сцэне, гледачу, краіне. Мая місія — дакранацца да чалавечых сэрцаў, абуджаць пачуцці, натхняць і несці дух патрыятызму. Гэта не проста прыгожыя словы, а глыбінная сутнасць прафесіі, — падкрэслівае Вольга. 

Асаблівае месца ў рэпертуары спявачкі займае песня “Навекі ў памяці”, напісаная разам з мужам Паўлам. У яе аснове — сямейная гісторыя, натхнёная ўспамінамі пра дзядулю-франтавіка, які прайшоў шлях ад Масквы да Берліна. 

— Муж не можа слухаць гэту мелодыю без слёз, а я — без унутраных дрыжыкаў, — прызнаецца Вольга. — У кожнай ноце гучыць памяць. Бо сёння, як ніколі, важна гаварыць пра любоў да Радзімы, шанаваць тых, хто змагаўся за яе. Калі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны засталося так мала, наш абавязак як артыстаў быць голасам іх подзвігу. 

Менавіта таму для Вольгі асабліва важны ўдзел у акцыі “Разам з мастацтвам” — “Слава Пераможцам!”. Праект, які стаў для артысткі глыбока асабістай справай. Разам з калегамі з Маладзёжнага тэатра эстрады яна вандруе па гарадах Беларусі, выконвае ваенныя песні, сучасныя кампазіцыі пра подзвіг народа, мір, любоў да роднай зямлі. 

— Кожны выхад на сцэну ў межах акцыі для мяне як сустрэча з памяццю, — адзначае Вольга. — Мы не толькі спяваем, але і размаўляем са слухачамі, расказваем гісторыі нашых герояў, нашых дзядоў. І гэта не проста канцэрт, а жывы дыялог, шчырая сувязь пакаленняў. Я адчуваю, як важна не толькі захоўваць гэтую памяць, але і перадаваць яе далей — пасяліць у сэрцах нашых дзяцей.

18.00: СІЛА ПЕРАМОГІ — У ШЧЫРАСЦІ 

Перад выхадам на сцэну ў Вольгі свой рытуал. Ён пазбаўлены тэатральнасці, але напоўнены ўнутранай канцэнтрацыяй. 

— Абавязкова чытаю малітву. Гэта дапамагае знайсці апору. Потым — дыхальныя практыкаванні, часам нават скокі або прысяданні. Усё залежыць ад настрою песні. Калі драйв — трэба раскруціць цела, калі лірыка — прывесці сябе да спакою. 

Для гледача ўсё застанецца нябачным, але менавіта ў гэты кароткі момант адбываецца самае істотнае: голас і энергія знаходзяць гармонію, а артыст рыхтуецца не проста выйсці пад святло рампы, але і падзяліцца з залай сабой — шчыра і ў поўнай меры. 

Зусім нядаўна гэтае ўменне прынесла Вользе Булай асаблівае прызнанне — лаурэацтва І ступені Міжнароднага фестывалю патрыятычнай песні “Чырвоная гваздзіка” ў Сочы, а таксама спецыяльны прыз імя Алега Молчана. Аднак самую кранальную рэакцыю артыстка пачула не ў фінале гала-канцэрта, а ў тэлефоннай слухаўцы. 

— Калі абвясцілі вынікі, я першай патэлефанавала маме, — расказвае спявачка. — Дачка была побач і закрычала на ўсю вёску: “Мама перамагла!” Для мяне гэта быў самы кранальны момант. 

Тут гаворка не пра ўзнагароды — за гэтым стаіць гісторыя пра любоў, пра тое, як ганарацца дзеці і як шчыра радуюцца самыя блізкія. Для Вольгі сапраўдная перамога не ў лічбах і лайках, а ў той шчырасці, з якой яе сустракаюць гледачы і сям’я. Слава ў сацсетках, падтрымка Маладзёжнага тэатра эстрады таксама важныя. Аднак даражэй за ўсе апладысменты — голас дзіцяці, які прагучаў праз тэлефонную размову, стаўшы яе асабістым трыумфам.

22.00: У АБДЫМКАХ ЦІШЫНІ

Адпачынак Вольгі — час спакою. Ён патрэбны, каб зноў з’явілася жаданне ствараць. Таму што, па яе словах, калі ты любіш сваю працу — ты ніколі не спыняешся па-сапраўднаму. Ды і навошта? 

— Вядома, бываюць дні, калі не хочацца спяваць, — прызнаецца гераіня. — Я жывая. Проста дайце памаўчаць. Пабыць у цішыні. Але праз дзень-два ўжо цягне ў творчасць. 

На пытанне, што б артыстка параіла маладым калегам, адказвае адразу, без разважанняў: 

— Будзьце шчырымі. Не спяшайцеся думаць пра грошы. Цяпер многія імкнуцца атрымаць усё і адразу. Але мастацтва — гэта пра доўгі шлях. Пра служэнне. Пра шчырасць. Трэба вашаваць, любіць, не здраджваць сцэне і сабе. Тады ўсё абавязкова прыйдзе. 

Дзень вяртае Вольгу туды, адкуль ён пачынаўся, — у родны кут, да блізкіх або ў абдымкі прыроды. Незалежна ад месца, унутраны стан застаецца нязменным: спакой і полымя. Вольга Булай — артыстка, чыя перамога на “Чырвонай гваздзіцы” стала не фіналам, а працягам. Новага этапу, новых песень, новых галасоў, якія яна выгадуе і натхніць. Бо сапраўднае прызванне — не роля, а дарога, якой ідзеш з адкрытым сэрцам. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва гераіні