Чым сёлета здзіўляюць брэндавыя мерапрыемствы? Якія фестывалі захоўваюць, прасоўваюць і развіваюць беларускую культуру? І што цікавага ў жнівеньскім календары традыцыйных свят?
Як распавяла намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Аўдзей, штогод у нашай краіне ладзіцца больш за 120 фестываляў, конкурсаў і акцый, а сёлета плануецца правесці яшчэ звыш 60 мерапрыемстваў такога кшталту.
— Як паказвае 35-гадовая практыка, фестывальная дзейнасць стала адной з эфектыўных формаў захавання, развіцця і папулярызацыі беларускага мастацтва, — адзначыла Надзея Аўдзей.
Візітоўка краіны — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, найбуйнейшая пляцоўка, якая аб’ядноўвае краіны і кантыненты. Высокую творчую планку форуму падкрэсліваюць міжнародныя конкурсы — выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячы музычны, накіраваныя на раскрыццё і падтрымку маладых талентаў і ўзаемадзеянне культур розных народаў. У рамках “Славянскага базару” прайшоў конкурс-свята выцінанкі “Ажурныя мары”, што сабраў майстроў не толькі з Беларусі, але і з Расіі.
Адным з самых масавых стаў фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, у якім удзельнічалі музыканты, спевакі, артысты, танцоры і літаратары з розных куткоў свету.
Сярод нядаўніх рэгіянальных брэндавых мерапрыемстваў — “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім і фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2025” у Калінкавіцкім раёне, якія адбыліся 18—19 ліпеня. Наперадзе — Міжнародны фестываль фальклору “Мотальскія прысмакі”, што разгорнецца 9—10 жніўня ў Іванаўскім раёне. А ў Свіслацкім 16-га зладзяць каравай-фэст “Бацькава булка”. Сёлета ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тэма знойдзе адлюстраванне ў розных эпізодах свята. Да прыкладу, будзе працаваць пляцоўка “Ваенны прывал” з выставамі, патрыятычнымі гульнямі, пачастункамі. Сярод навінак — трактар-шоу.
Намеснік дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вікторыя Ярмоленка распавяла, што 9 жніўня ў Нясвіжы правядуць фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Нясвіжская фартэцыя”, на Мядзельшчыне 20 верасня стартуе фестываль “У Шэметаве ў Шастаковічаў”, прысвечаны спадчыне знакамітага кампазітара, продкі якога паходзяць з Беларусі. У Заслаўі 20 верасня адбудзецца абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”, а ў Пухавіцкім раёне, на радзіме кампазітара Ігара Лучанка, у пачатку снежня разгорнецца фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.
Намеснік дырэктара “Мінскканцэрта” Вольга Цыбульская прыгадала мерапрыемствы, найбольш запатрабаваныя ў мінчукоў і гасцей сталіцы. Штосуботу а восьмай гадзіне вечара на плошчы Свабоды ладзяцца імпрэзы ў межах акцыі “Класіка ля ратушы”, якая традыцыйна збірае каля пяці тысяч наведвальнікаў. Сёлета дзейнічаюць пяць новых пляцовак, у тым ліку інтэрактыўная зона з аніматарамі, дзе можна пакінуць дзіця, прыйшоўшы на канцэрт ля ратушы. Непадалёк ад Зыбіцкай вуліцы працуе караоке-пляцоўка “Ваша сола”, у Ракаўскім прадмесці і Лошыцкім парку — тэатральныя пляцоўкі, у Верхнім горадзе — танцавальная, а таксама чытальнягасцёўня.
Начальнік аддзела інфармацыйнага забеспячэння Нацыянальнага агенцтва па турызме Кацярына Аляксеева адзначыла: развіццю рэгіянальнага турызму сёння спрыяюць 44 інфармацыйныя цэнтры, якія ствараюць маршруты, прадстаўленыя на сайце belarus.travel. Кожны ахвочы можа азнаёміцца з імі і адправіцца ў падарожжа самастойна альбо ў складзе арганізаванай групы. Як кажа Кацярына Аляксеева, у рэспубліканскай акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”, што прайшла ў чэрвені, паўдзельнічала больш за 178 тысяч чалавек.
Захоўваецца традыцыя прысвячаць кожны месяц пэўнаму віду турызму. Жнівень па гэтым календары — месяц падзейнага турызму, які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва паміж установамі культуры і суб’ектамі турыстычнай галіны.
Паводле слоў Кацярыны Аляксеевай, сёння ў Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў уключана 1327 экскурсаводаў і 154 гіды-перакладчыкі. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму апошнім часам павялічылася колькасць замежных турыстаў. На спецыялістах, якія знаёмяць гасцей з гісторыяй краіны, яе культурай і побытам, ляжыць вялікая адказнасць, бо менавіта ад іх працы залежыць першае ўражанне аб Беларусі.