“Ваеннае дзяцінства”, “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”, “Лісты ваенных гадоў…” — гераізму і подзвігу нашага народа прысвечаны шэраг музейных праектаў. Найлепшыя выявіў конкурс прафесійнага майстэрства: перадавы вопыт і свежыя ідэі — у нашым аглядзе.
У рамках конкурсу прафесійнага майстэрства падчас VI Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, што адбыўся ў Мінску напрыканцы мая, былі адзначаны некалькі праектаў, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны.
У намінацыі “За найлепшую культурнаадукацыйную праграму” дыпломам ІІ ступені ўганараваны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік за культурна-адукацыйны праект “Ваеннае дзяцінства”. У яго аснове — расповед-роздум аб тым, што ў мірных умовах дзяцінства — самы шчаслівы і бесклапотны час у жыцці чалавека, але ў ліхалецце ён можа быць поўным слёз і пакут, страху і трывог. Для многіх беларусаў юныя гады былі бязлітасна апаленыя вайной, ім раптам давялося пасталець і нароўні з дарослымі прыняць на сябе ўсе нягоды: голад, хваробы, страту родных і блізкіх. Дзеці паміралі ў канцлагерах, працавалі на заводах, змагаліся за Радзіму. Іх няшчасную долю імкнуліся аблегчыць настаўнікі, выхавальнікі, лекары, партызаны, іншыя неабыякавыя людзі. Асаблівую ўвагу надавалі выратаванню дзяцей, якія ў выніку трагічных падзей ваеннай навалы засталіся без нагляду родных і блізкіх. Так, для больш як сотні малых мамай зрабілася Паліна Партнова, якая разам з персаналам дзіцячага дома, нягледзячы на частыя варожыя бамбардзіроўкі, эвакуіравала дзяцей з Полацка ў першыя дні вайны. Ніхто з гэтых дзяцей не загінуў, усе яны ў верасні 1945 года вярнуліся ў родны горад. Змагаўся за жыцці дзяцей і калектыў Полацкага дзіцячага дома №1, які ўзначальваў Міхаіл Фарынка. На дапамогу педагогам прыйшлі партызаны, падпольшчыкі, сувязныя і ваенныя лётчыкі, прыняўшы ўдзел у вялікай і складанай аперацыі “Зорачка” па выратаванні дзяцей і параненых партызан і іх перапраўцы паветраным шляхам за лінію фронту.
Полацкія дзетдомаўцы
У намінацыі “За навацыі ў музейнай дзейнасці” дыпломам І ступені ўзнагароджаны Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей за праект віртуальнай рэальнасці “Лісты ваенных гадоў: голас сведак вайны”. У ім прадстаўленыя лісты ўраджэнцаў Мсціслаўскага раёна, пагнаных на прымусовыя працы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта каштоўныя гістарычныя крыніцы для вывучэння і разумення той маштабнай трагедыі, якая адбылася на нашай зямлі ў гады нацысцкай акупацыі. У кожным лісце адлюстраваны лёс яго аўтара, боль, перажыванні, туга па роднай зямлі, блізкіх людзях і мірным жыцці. Праект, створаны пры дапамозе Магілёўскага абласнога фонду пацярпелых ад нацызму і агучаны супрацоўнікамі музея, прадстаўлены ў сацыяльных сетках установы.
"Лісты ваенных гадоў..."
У намінацыі “За найлепшае музейнае выданне” дыпломам І ступені ўганара- ваны Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей за выданне мемуараў “Нязгасная слава камандзіра партызанскай брыгады «Чэкіст» Г.А. Кірпіча”. Кніга распавядае аб баявым шляху партызан, апісаным ва ўспамінах іх камандзіра. Як і многія абаронцы заходняй мяжы БССР, начальнік заставы 88-га пагранатрада малодшы лейтэнант Герасім Кірпіч не змог выйсці з акружэння. Застаўшыся ў варожым тыле, ён звязаўся з падпольным райкамам Камуністычнай партыі Беларусі і далучыўся да барацьбы супраць акупантаў. Спачатку яго прызначылі камандзірам партызанскага атрада, а ў хуткім часе ён узначаліў брыгаду, партызаны якой дзейнічалі ў лясах Шклоўскага раёна. Да жніўня 1942 года байцы брыгады “Чэкіст” падарвалі 30 паравозаў, 307 вагонаў з варожымі салдатамі і вайсковым рыштункам, знішчылі 14 платформаў з танкамі і артылерыяй, забілі 4000 і паранілі 300 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Імі былі цалкам паралізаваны дзеянні акупантаў у 24 валасцях Шклоўскага, Талачынскага, Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў. Баявыя заслугі Герасіма Кірпіча былі адзначаныя ордэнам Сувора- ва II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі і іншымі ўзнагародамі.
У намінацыі “За найлепшы экспазіцыйна-выставачны праект” дыпломам ІІ ступені ўшанаваны Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава за экспазіцыйны праект “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”. На выставе былі прадстаўленыя прадметы з фондаў раённых музеяў. Папярэднічаў ёй аднайменны конкурс, абвешчаны сярод раённых музеяў Магілёўскай вобласці ў дзвюх намінацыях: “Найлепшы ваенны прадмет” і “Найлепшая прэзентацыя ваеннага прадмета”. Практычна ўсе музеі паўдзельнічалі ў гэтым конкурсе, мэтай якога было выяўленне найбольш цікавых прадметаў, звязаных з Вялікай Айчыннай. Па выніках конкурсу ў намінацыі “Найлепшы ваенны прадмет” пераможцам зрабіўся Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які прадставіў гімнасцёрку, знойдзеную на гарышчы падчас разбору старога дома. На другім месцы — Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, куды трапіла каска, знойдзеная падчас пошукавых работ, у падшлемніку якой быў адшуканы абразок з выявай Мікалая Цудатворца. Трэцяе месца заняў Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей з парцалянавым посудам, які належаў яўрэйскай сям’і, што жыла ў вёсцы Расна Дрыбінскага раёна, і на пачатку вайны быў закапаны ў чыгун, а знойдзены праз шмат гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і перададзены ў музей.
З выставы “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”
У намінацыі “Найлепшая прэзентацыя ваеннага прадмета” пераможцам быў названы Касцюковіцкі краязнаўчы музей, супрацоўнікі якога напісалі верш пра рэчы, пададзеныя на конкурс, другое месца заняў Музей гісторыі Магілёва за серыю відэаролікаў, а на трэцім аказаўся Глускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей з прэзентацыяй партызанскага дзённіка.
Антон РУДАК
Фота з сайтаў музеяў