Свет яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў

АТМАСФЕРНА! 

Цэлы тыдзень Віцебск жыў фестывалем, які займае асаблівае месца ў календары міжнародных культурных падзей і з’яўляецца сімвалам паспяховага дыялогу народаў розных краін. 

Праграма XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” была насычанай і разнастайнай. Музычныя конкурсы юных і маладых выканаўцаў, канцэрты і спектаклі, творчыя сустрэчы і майстар-класы, выставы і парады, спаборніцтвы народных умельцаў і танцораў — усё дыхала мастацтвам і натхненнем. Павявала ім і ад багатага аздаблення вуліц і шчырасці людзей: мінакі дарылі адно аднаму ўсмешкі, як старыя сябры. “Неверагодная, асаблівая атмасфера!” — адзначаў кожны, каму пашчасціла пабываць на свяце ў горадзе на Дзвіне.

ДУШЭЎНА! 

Найважнейшым, маштабным і відовішчным мерапрыемствам фестывалю стала ўрачыстае адкрыццё з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

— Наш “Славянскі базар” — гэта цэлы свет яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў. Тут кожны раз мы сустракаемся са знакамітымі артыстамі і сапраўднымі майстрамі мастацтваў. Тут з году ў год запальваюцца, як у нас прынята казаць, новыя зоркі. У самых розных жанрах: ад музыкі і танца да тэатральных пастановак і мастацкіх праектаў. У самых розных стылях: ад народнай творчасці і класікі да авангардных напрамкаў актуальнага мастацтва, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што фестываль даўно выйшаў за рамкі славянскага брацтва і ўжо больш за 30 гадоў з’яўляецца астраўком душэўнага яднання, цяпла і святла. Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” народнаму артысту Расіі, кампазітару і музыканту Юрыю Антонаву, а юнай беларусачцы Амаліі Сухан — гран-пры XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”.

Канцэрт адкрыцця быў багатым на зорныя выступленні. Авацыямі зала вітала Юрыя Антонава, Анатоля Ярмоленку і ансамбль “Сябры”, знакамітых “Песняроў”, групу “Аўра”, Стаса Міхайлава, Руслана Аляхно, Сяргея Лазарава, Кіма Брэйтбурга, Таісію Павалій, Максіма Аверына, іншых папулярных артыстаў. Інструментальнае папуры з вядомых песень прадставілі Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Беларусі і Прэзідэнцкі аркестр Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі. Відэапрывітанне з прызнаннем у любові да Беларусі перадала кампазітар Аляксандра Пахмутава. Гучным фіналам стала выкананне ўдзельнікамі канцэрта песні “За Беларусь” і вялікі феерверк. Захопленыя гледачы разыходзіліся пад праліўным дажджом, які не здолеў сапсаваць яскравыя ўражанні.

ЗОРНА! 

Новая зорка з імем Юрыя Антонава заззяла на Плошчы лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі назваў героя дня жывой легендай, чые творы ўжо больш за паўстагоддзя транслююць высокія ідэалы і сапраўдныя каштоўнасці. 

— Рашэнне Кіраўніка дзяржавы аб прысуджэнні гэтай узнагароды знакамітаму музыканту, чые лёс і творчасць цесна звязаны з Рэспублікай Беларусь, служыць доказам прызнання яго выдатнага ўкладу ў развіццё культуры і моцнага сяброўства паміж народамі Беларусі і Расіі, — падкрэсліў міністр.

ЯСКРАВА! 

Каля 80 танцавальных пар рознага ўзросту і 10 фальклорных калектываў з розных абласцей Беларусі, а таксама з Расіі сталі ўдзельнікамі міжнароднага турніру “Танцуем разам”. Дарэчы, у першым такім конкурсе — 12 гадоў таму — спаборнічалі ўсяго чатыры пары! Канкурсанты прадставілі праграмныя танцы з захаваннем адметнага мясцовага стылю. На адкрыцці выканалі “Лявоніху” і “Базар”. Потым панесліся “Какетка”, “Падэспань”, “Мікіта”, “Кракавяк”, “Лезгінка”, “Ойра”… Акампанавалі традыцыйныя інструментальныя ансамблі, а выступалі ўдзельнікі ў строях, уласцівых сваёй мясцовасці. Разыначкай стаў батл пад прыпеўкі паміж выканаўцамі — фальклорны паядынак, поўны рытму, гарэзлівасці і народнай мудрасці. 

Насычаным быў кожны дзень Фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Гледачы дзівіліся з незвычайных перформансаў, з захапленнем слухалі вершы і песні ў выкананні аўтараў, апладзіравалі танцорам, вакалістам, цыркачам, скакалі ў танцавальных флэшмобах. Настрой фантанаваў весялосцю! “Святам сярод свята” стаў парад удзельнікаў фэсту, якія доўгай, яркай і шумнай ракой расцякліся па вуліцах Віцебска. 

ЗАПАЛЬНА! 

На працягу двух дзён у Віцебску праходзіла свята-конкурс кавальскага рамяства “Зніч” — ужо другое па ліку з міжнародным удзелам. Значна ўзрасла і колькасць канкурсантаў: калі ў 2022-м іх было ўсяго сем, цяпер — каля двух дзясяткаў! 

Кавалі змагаліся за гран-пры і перамогу ў намінацыях “Найлепшая дамашняя калекцыя”, “Мастацкая коўка, аўтарскі выраб”, “Традыцыйны каваны выраб”, “Творчы дэбют” (сёлетняя навінка). Хтосьці з горнам, іншы выкарыстоўваў нетрадыцыйную тэхніку. Ахвотна размаўлялі адзін з адным і з гледачамі, праводзілі майстаркласы, адкрывалі таямніцы старажытнага майстэрства. 

Галоўны прыз атрымаў Сяргей Запарожчанка з Наваполацка, які паказаў самыя цікавыя і якасныя вырабы і прадставіў уражальную дамашнюю калекцыю. 

СУПОЛЬНА! 

Вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі аб’яднаў гала-канцэрт “Гэта наша Перамога!”. Мерапрыемства пачалося з цырымоніі ўручэння дыпломаў і памятных прызоў ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы за творчае ўвасабленне дружбы паміж народамі Беларусі і Расіі. Узнагароды з рук дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргея Глазьева атрымалі рэжысёр-пастаноўшчык Агата Мацко, кіраўнік штаба творчай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Нікіфарава, артыстка-вакалістка Ганна Благава, Народны маладзёжны тэатр “Кола” Цэнтра культуры “Віцебск”, іншыя дзеячы культуры і мастацтва. 

У выкананні любімых артыстаў — Ларысы Долінай і Аляксандра Панаётава, Алены Ланской, Яўгена Ермалковіча і Аляксандры Мелех, Ноны Грышаевай, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Г.І. Цітовіча і іншых знакамітасцей — гучалі новыя песні і хіты, напісаныя сумесна легендарнымі аўтарамі дзвюх краін. А калі Руслан Аляхно і Аляксей Гоман выконвалі негалосны гімн Саюзнай дзяржавы — песню “Дзве сястры”, яе падхапіла ўся вялізная зала: мы адзіныя! 

Упершыню выступленні артыстаў суправаджалі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкі аркестр Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі. У іх сумесным выкананні таксама прагучалі папуры з культавых савецкіх фільмаў. Неверагоднае пачуццё яднання ахапіла гледачоў на завяршэнні праграмы, калі са сцэны загучала песня “Дзень Перамогі” — як даніна нашай агульнай памяці, падзякі і надзеі на заўсёды мірнае неба. Зала ўстала. Спявалі разам.

ПРЫЯЗНА! 

У рамках фестывалю адбылося шмат мерапрыемстваў, арганізаваных сумесна прадстаўнікамі розных краін. Так, новы праект “Падарожжа з Выльгорта ў Віцебск” прадставілі Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Сыктыўдзінскае музейнае аб’яднанне. Прыязнай і святочнай была атмасфера на плошчы Свабоды падчас правядзення традыцыйнага праекта “У коле песень і сяброў”: на працягу чатырох дзён шматлікія калектывы з Беларусі і Расіі радавалі канцэртнымі нумарамі гасцей і жыхароў горада. 

Уразіў гледачоў інклюзіўны модны паказ “Рука ў руцэ”: дзеткі з асаблівасцямі развіцця дэманстравалі аўтарскія калекцыі адзення. У праекце ўдзельнічалі выхаванцы спецыяльных школ-інтэрнатаў, узорны тэатр моды “Касцюмер” Цэнтра культуры “Віцебск” і Дом моды “Сонечны анёл” (г. Масква). Праграма суправаджалася нумарамі мастацкай самадзейнасці. 

Прыгожая творчая барацьба разгарнулася на V Адкрытым свяце-конкурсе “Модны дывертысмент — 2025”, які сабраў больш за 20 калектываў з Беларусі і Расіі. Дэманстраваліся як класічныя строі, так і эксклюзіўныя калекцыі, што адлюстроўваюць сучасныя трэнды. 

У музеі-сядзібе Ільі Рэпіна “Здраўнёва” разгарнуўся міжнародны праект “Крамлі і святыні”. Майстры жывапісу з Арменіі, Беларусі і Расіі прэзентавалі працы ў аўтарскіх тэхніках, у тым ліку ўнікальнай — маркетры. Упершыню былі прадстаўлены макеты крамлёў і святыняў Арменіі і Расіі. 

А ў Віцебскай абласной філармоніі адбыўся сумесны канцэрт “Галасы нашых душ” хору Срэценскага манастыра і Мінскага Мітрапалічага хору. Прагучалі не толькі царкоўныя, рэлігійныя спевы, але і народныя, эстрадныя песні.

ТАЛЕНАВІТА! 

Яркай кульмінацыяй “Славянскага базару ў Віцебску” стаў канцэрт закрыцця з удзелам тытулаваных і ўзыходзячых зорак эстрады. Праграму адкрыў пралог “Фестывальны букет”. На сцэне зіхацелі любімыя спевакі і даўнія сябры творчага форуму — народная артыстка Рэспублікі Інгушэція Таісія Павалій, народныя артысты Расійскай Федэрацыі Ларыса Доліна і Алег Газманаў, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Ганна Благава і Пётр Ялфімаў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанэт, лаўрэат фестывалю “Моладзь за Саюзную Дзяржаву” шоу-балет “Сенсацыя”, ДзіДзюЛя, Антанела Бучы, Этэры Берыяшвілі і многія іншыя знакамітасці. Выступленні суправаджаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, уладальніка медаля Францыска Скарыны Віталя Кульбакова. 

Прадстаўленне, неверагоднае па яркасці сцэнаграфіі, з удалым музычным суправаджэннем, уражальнымі светлавымі і гукавымі эфектамі, падрыхтавалі прафесіяналы найвышэйшага класа. Гэта галоўны рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Марына Раманоўская, балетмайстар-пастаноўшчык Дыяна Юрчанка, харэографы-пастаноўшчыкі — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Чарнюк, Артур Грыгаран, Паліна Драздова, Ганна Канстанцінава, Лявон Пучко, Раман Рыкаў і іх вялікая каманда. Асаблівы настрой задалі канцэрту вядучыя: уладальнік медаля Францыска Скарыны Тэа, Вольга Рыжыкава, Вольга Бузава і Аляксей Вараб’ёў.

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Ангеліны САРОКІ і з сайта fest-sbv.gck.by