Конкурсны рэбрэндынг? На карысць!

Гучны і цалкам заслужаны гран-пры нашай Амаліі Сухан на ХХІІІ Міжнародным конкурсе “Віцебск” — толькі частка вялізнага айсберга гэтага складанага творчага спаборніцтва. Паглыбімся? 

НАСУСТРАЧ НОВАМУ 

Дзіцячы конкурс на “Славянскім базары ў Віцебску” апошнім часам імкліва сталеў. У тым ліку ў галіне рэпертуару, дзе даўно пачалі пераважаць песні пра каханне- расстанне і няпростыя сардэчныя пакуты. Ніхто не спрачаецца: хлопчыкам і дзяўчынкам (і асабліва сучасным!) усё гэта таксама ўласцівае. Але — крыху з іншымі, не ўлічанымі ў дарослых кампазіцыях эмацыйнымі адценнямі. Змененыя ўмовы форуму мусілі вярнуць удзельнікаў у маленства. Замест песні па выбары (на гэтым этапе раней гучалі ў асноўным добра скапіраваныя сусветныя хіты) сёлета трэба было выканаць кампазіцыю з мультфільма. Але ў выніку конкурс яшчэ больш пасталеў. Як так? 

Справа ў тым, што цяперашнія ўмовы нарадзіліся за два месяцы да спаборніцтва, калі ўжо былі вызначаны прадстаўнікі краін. Неабходнасць падрыхтоўкі чагосьці новага, ды ў абмежаваны тэрмін, нагадвае наяўнасць абавязковых твораў на самых прэстыжных міжнародных інструментальных конкурсах, калі кампазітару замаўляецца віртуозны опус. Неабцяжараны выканальніцкімі версіямі, ён публікуецца непасрэдна перад музычным спаборніцтвам. І гэта дапамагае ацаніць самастойнасць мыслення маладога канкурсанта, хуткасць прыстасавання да змен, што таксама лічыцца важным прафесійным крытэрыем. 

Да таго ж замест песні краіны, якую прадстаўляе ўдзельнік, належала прэзентаваць менавіта славянскую, прычым з аркестрам, з якім раней выконваліся сусветныя хіты. На гэта былі кінуты асноўныя сілы — невыпадкова ацэнкі за аркестравы дзень амаль ва ўсіх аказаліся больш высокімі. У многіх жа кампазіцыях з мультфільмаў адчувалася недастатковая спрактыкаванасць. Чысціня інтанацыі, штрыхі і іншыя прафесійныя дэталі не былі адпрацаваны да аўтаматызму, а патрабавалі дадатковых намаганняў, якія, на жаль, часам аказваліся не зусім паспяховымі. Пра гэта разважалі і члены журы на прэс-канферэнцыі: хтосьці з канкурсантаў надта перахваляваўся, камусьці не хапіла тэхнікі дыхання і асабліва культуры гуку. Але тое, як падкрэсліла Яна Клявіня з Латвіі, віна не дзяцей, а педагогаў. 

Далейшага ўдакладнення патрабуе і “анімацыйны” рэпертуар. Сёлета, як заўважыў старшыня журы Яўген Алейнік, аж у 12 з 14 “мульцяшных” нумароў былі прадстаўлены галівудскія саўндтрэкі і толькі ў двух — нацыянальныя. Гэта “Вецер перамен” з “Мэры Попінс”, праспяваны Заурам Барагунавым з Расіі (другая прэмія, падзеленая з Мірэйль Мак-Кей, Мальта), і кампазіцыя з сучаснай стужкі “Баран і казёл”, надзвычай артыстычна, эмацыйна, з дадаткам народных традыцый і са стварэннем самога характару персанажа выкананая Мірасам Нагашыбаем з Казахстана (першая прэмія). Праз такую любоў артыста да роднай культуры журы вырашыла парушыць яшчэ адну традыцыю і прысудзіць гэтаму хлопчыку, а не ўладальніку гран-пры спецпрыз імя Ігара Лучанка. Трэцюю прэмію падзялілі Леў Смерцін (Малдова) і Мацей Бешанджыеў (Балгарыя). 

ПАВУЧЫМСЯ! 

Больш высокі ўзровень дзіцячых конкурсаў у параў- нанні з дарослымі адзначаюць штогод. Вось і сёлета ўсе ў адзін голас гаварылі пра выдатныя артыстычныя і вакальныя здольнасці юных выканаўцаў, пра талент, харызму, упартасць, кранальную юную непасрэднасць, якая ўздзейнічае на сталых, бы патаемны чароўны інгрэдыент. Але дзясятку, як сказала леташняя ўладальніца гран-пры дарослага конкурсу Караліна Балан з Малдовы, ставілі толькі тады, калі па скуры “беглі мурашкі”. У другі конкурсны дзень наша Амалія Сухан атрымала ўсе дзясяткі. І было за што! Яна спявала “Песню пра далёкую Радзіму” з “Сямнаццаці імгненняў вясны” — не ўпершыню на вялікай сцэне: тая ж кампазіцыя, але ў дуэце з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым гучала на святочным канцэрце ў Вялікім тэатры да Дня Незалежнасці. Амалія выконвала песню і крыху пазней на гала-канцэрце адкрыцця фестывалю. Але самай незабыўнай аказалася менавіта конкурсная версія, што перасягнула ўсе чаканні. Мінчанка спявала яе ўсёй душой — бы ў першы і апошні раз. І гэта былі не сумныя мары- ўспаміны савецкага контрразведчыка, як у стужцы, а крык душы маленькай дзяўчынкі, разлучанай з роднымі ў Другую сусветную. Спачатку стрыманы, схаваны ў глыбі, ён перарастае ў жудасны драматычны выбух, ад якога разрываецца сэрца. Члены журы, парушыўшы звыклую судзейскую неперадузятасць, апладзіравалі стоячы, у некаторых навярнуліся слёзы. 

Цудоўна прагучала і першая песня нашай прадстаўніцы — вельмі прафесійна, нават лепш, чым у самім мультфільме “Кароль Леў”. Былі і спеўны шэпат, і яркія эмацыйныя выкрыкі, скарыстанне літаральна ўсіх магчымых для такой кампазіцыі вакальных тэхнік і сучасных прыёмаў. Неверагодна ўразіла і створанае аблічча, вартае найлепшых брадвейскіх мюзіклаў. У ім прадумалі ўсё: кідкую асіметрычную сукенку, бранзалетку, што быццам ядналі афрыканскія традыцыі з запаветамі Казіміра Малевіча і віцебскага мастацкага аб’яднання УНОВІС, а таксама тэатральны грым, прычоску. 

За два конкурсныя дні прадстаўнікі Беларусі і Казахстана набралі аднолькавую колькасць балаў — 136. Яўген Алейнік адмовіўся ад дадатковага голасу старшыні журы і прапанаваў тайнае галасаванне. У выніку нашу дзяўчынку вылучылі пяцёра з сямі суддзяў. Перамога адбылася “не па волі Усявышняга”, як сказаў адзін з іх. За трыумфам стаяла вялізная праца самой канкурсанткі і ўсёй каманды, што займалася падрыхтоўкай.

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з сайта fest-sbv.gck.by