Залатая манета са склепа, раскошны ложак з Блакітнага Берага і 60-пудовы звон. Працягваем раскрываць таямніцы Нясвіжскага замка і дзівіцца яго скарбам.
Вежы — абавязковы атрыбут любога феадальнага замка. Першай мураванай пабудовай замка Радзівілаў у Нясвіжы ў 1582-м стала камяніца з дазорнай вежай. На працягу некалькіх гадоў па ініцыятыве Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі былі ўзведзены арсенал, брама з вежай, галерэі і г. д. Да пачатку XVIІ стагоддзя работы галоўным чынам завяршыліся. Немагчыма назваць адзінага аўтара праекта, але гісторыя захавала да нашага часу імя італьянца Джавані Марыі Бернардоні, які прыехаў у Нясвіж па запрашэнні Сіроткі ў 1586-м. Тут адмысловец працаваў 13 гадоў і мае адносіны амаль да ўсіх пабудоў комплексу.
Новая італьянская фартыфікацыйная сістэма, паводле якой узводзіўся замак, была на той час найбольш трывалай. Па вуглах бастыёнаў размясціліся чатыры невялікія вежы. Подступы да замка з захаду былі ўмацаваны трыкутным шанцам, да якога вялі дзве пад’язныя дарогі. Уздоўж галоўнай восі знаходзілася каменная брама з пад’ёмным мостам і трохпавярховы палац з васьміграннымі вуглавымі вежамі. Справа ад брамы стаяла трохпавярховая казарма з вялікай дазорнай вежай.
— Вежа замкавай брамы задумвалася як частка гарадскіх абарончых збудаванняў, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. — Яна складаецца з трох ярусаў квадратнага сячэння. На кожным — праёмы рознай формы і велічыні. Некалі на першым паверсе вежы знаходзілася кардэгардыя, да якой прыбудавалі адну з пяці гарадскіх брам — праз яе можна было трапіць у Нясвіж і ад яе пачыналася дарога да замка. Ужо на працягу некалькіх стагоддзяў гэты манументальны будынак выконвае ролю касцельнай званіцы. 60-пудовы звон, які і цяпер збірае вернікаў на святую імшу, быў адліты ў 1738-м майстрам Янам Тамашэвічам.
Гарнітур мэблі ў стылі праванс, адзін з каштоўных экспанатаў музея-запаведніка “Нясвіж”, знаходзіцца ў “жаночай” палове (адзін з пакояў княгіні — спальня, другі — будуар). У склад гарнітура ўваходзяць раскошны двухспальны ложак, упрыгожаны геральдычнымі знакамі Радзівілаў — каронай і гербамі, цудоўным балдахінам, камода, шыфаньер і два крэслы, а таксама шафа, кушэтка ў стылі Людовіка XVI, круглы столік з мармуровай стальніцай і чатыры крэслы.
У склад гарнітура княгіні калісьці ўваходзіла 15 прадметаў
— Гэты падарунак зроблены ў 1915 годзе князем Канстанцінам Радзівілам жонцы Луізе Бланк — дачцэ ўладальніка казіно ў Монтэ-Карла. Жылі яны ў Канах, на віле Дэ Дзюн, дзе доўгі час і знаходзіўся ўнікальны гарнітур. Няпросты лёс прывёў яго на знакаміты аўкцыён Sotheby’s у Нью-Ёрку. Там мэблю выкупіў наш музей-запаведнік, — расказала малодшы навуковы супрацоўнік Кацярына Дзенісенка.
Герб з чорным арлом у 1547 годзе імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V дараваў Мікалаю Радзівілу Чорнаму, канцлеру ВКЛ і бацьку будучага заснавальніка замка Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі разам з тытулам князя Свяшчэннай Рымскай імперыі на Нясвіжы і Алыцы. На гербе змешчана і выява трох паляўнічых труб, злучаных муштукамі. Кожная труба мае залатыя паяскі і перавіта шнуром. На думку геральдыстаў, вытокі герба трэба шукаць у старажытнай індаеўрапейскай сімволіцы. Некаторыя лічаць, што яго выява вядомая з сярэдзіны Х стагоддзя. Радзівілы выкарыстоўваюць “Трубы” з 1413-га, калі герб быў дадзены баярыну Осціку.
Герб Радзівілаў
Сіротка падчас падарожжа на Святую зямлю замовіў упрыгожаную родавым гербом адмысловую лампаду, якая павінна была гарэць перад Труной Гасподняй, і ахвяраваў нямала грошай на падтрыманне агню. Гэты сімвал неаднойчы сустракаецца ў інтэр’ерах Нясвіжскага палаца.
Ёсць у Гетманскай зале і незвычайны геральдычны знак: два гербы, аб’яднаныя на герметычным картушы з футра гарнастая. Злева, на залатым фоне, — чорны радзівілаўскі арол, а справа, на сінім, — “Карыбут”, герб роду Вішнявецкіх, у якім спалучаюцца зорка, крыж і паўмесяц. Як паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Кацярына Дзенісенка, Радзівілы і Вішнявецкія аб’ядноўваліся некалькі разоў. Цікава, што гэта здаралася ў найбольш знакавыя для гісторыі Нясвіжа, яго гаспадароў і самога замка моманты! Калі Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка будаваў “новы” Нясвіж, яго жонкай была Альжбета Яўхімія з Вішнявецкіх. А ў XVIII стагоддзі, калі пасля Паўночнай вайны замак адраджаўся ўжо ў выглядзе шыкоўнага палаца, дзявяты нясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ажаніўся з Францішкай Уршуляй Вішнявецкай.
Дукат дыяметрам 25 міліметраў, 1662 года выпуску, быў знойдзены ў 2017-м пры даследаванні склепа касцёла Божага Цела ў саркафагу, дзе пахавана Францішка Уршуля Радзівіл (1705—1753). Манета ляжала ў скураным чахле, прышытым да аднаго з мяшочкаў малога скапулярыя. Скапулярый (ад лац. scapulae — “лапаткі”) у каталіцызме — гэта элемент манаскага адзення. Назва перайшла і на асаблівы асвячоны прадмет (малы скапулярый), які каталікі насілі ў адпаведнасці з дадзеным зарокам.
Залаты дукат 1662 года выпуску
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА