Жывы. Блізкі. Відовішчны

Там, дзе цеплыня сэрцаў перадаецца праз танец, а віхры спадніц нагадваюць кветкавы вянок, на сцэне з’яўляецца народны фолкшоу балет “Альянс”. Вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі творчы калектыў нясе беларускую харэаграфічную традыцыю.

Гісторыя “Альянсу” пачалася ў 1997-м у Бабруйску, калі таленавіты харэограф і педагог Аляксей Лукашэвіч заснаваў калектыў на базе тагачаснай сярэдняй школы № 33 з харэаграфічным ухілам. Ужо ў першыя гады існавання ансамбль заявіў пра сябе на гарадскіх і абласных сцэнах, дэманструючы не толькі любоў да беларускага фальклору, але і незвычайны падыход да яго мастацкай інтэрпрэтацыі. У 2014-м за значны ўклад у развіццё народнага мастацтва гурту было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта стала вынікам шматгадовай, стараннай і натхнёнай працы некалькіх пакаленняў удзельнікаў і кіраўнікоў. А ў 2018-м дасягненні ансамбля былі адзначаны Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — яшчэ адным сведчаннем прызнання значнай ролі калектыву ў культурным жыцці краіны. 

Сёння Аляксей Сяргеевіч працягвае падтрымліваць “Альянс” у якасці кансультанта і дырэктара гімназіі-каледжа мастацтваў г. Бабруйска. Кіраўніцтва ансамблем перайшло да Ксеніі Райскай — таленавітага балетмайстра, якая аддала фолк-шоу балету не адзін год свайго прафесійнага жыцця. 

— Мне выпаў вялікі гонар узначаліць калектыў у 2024-м, — распавядае Ксенія Сяргееўна. — Гэта не проста творчы праект, а жывы арганізм, які дыхае фальклорам, натхняецца ім, пераўтварае яго і дарыць гледачу ў яскравай, сучаснай і шчырай форме. 

ТАНЕЦ З СЭНСАМ 

Рэпертуар “Альянсу” налічвае больш за 50 танцавальных нумароў. Іх аб’ядноўвае тонкае пачуццё стылю, арганічнае спалучэнне аўтэнтыкі і відовішчнасці. У арсенале — сольныя, парныя і масавыя танцы, заснаваныя на беларускім фальклоры, а таксама замалёўкі народаў свету, стылізацыя, сучасная харэаграфія і нават элементы дэмі-класікі. 

Аднак адметная рыса калектыву — глыбіня прапрацоўкі кожнага нумара. Як расказвае Ксенія Райская, стварэнне танца — заўсёды калектыўны, шматэтапны працэс: 

— Усё пачынаецца з музыкі. Мы слухаем, адчуваем рытм, атмасферу. Потым нараджаецца ідэя, настрой нумара. Падбіраем харэаграфічную лексіку, прапрацоўваем касцюмы, шукаем візуальныя і сэнсавыя вобразы. Толькі потым выбіраем выканаўцаў і пачынаем рэпетыцыі. Гэта жывы творчы эксперымент, у якім важная кожная дэталь — ад руху пальцаў да падолу спадніцы. 

У тандэме з Ксеніяй Райскай працуе балетмайстар-рэпетытар Уладзіслаў Каверзнікаў. Разам яны працягваюць закладваць аснову новых дасягненняў, застаючыся вернымі місіі калектыву: развіццю беларускай харэаграфічнай культуры праз гарманічнае спалучэнне традыцыі і сучаснасці. 

ШКОЛА ЖЫЦЦЯ 

Склад ансамбля фарміруецца з навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў г. Бабруйска. Аснову трупы складаюць падлеткі і моладзь ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў — маладыя, амбіцыйныя, гатовыя аддаць свой час не толькі танцу, але і калектыўнай працы, дысцыпліне, узаемнай павазе. 

— Нашыя артысты атрымліваюць значна больш, чым проста сцэнічны вопыт, — падкрэслівае Ксенія Сяргееўна. — Гэта і фізічная падрыхтоўка, і развіццё асобы: арганізаванасць, упэўненасць, пачуццё калектывізму. Многія з іх у будучыні становяцца прафесійнымі танцорамі або педагогамі. Але калі нават і не — яны назаўсёды застаюцца носьбітамі культуры, якую мы ім перадалі. 

ГЕАГРАФІЯ ПРЫЗНАННЯ 

На беларускай сцэне фолк-шоу балет займае асаблівае месца — як адзін з вядучых творчых калектываў, які актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці краіны. Яго выступленні штогод упрыгожваюць найбуйнейшыя рэспубліканскія мерапрыемствы, уключаючы харэаграфічны фестываль “Сожскі карагод”, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), фестываль-кірмаш “Дажынкі”, агляд-конкурс “Добры дзень, свет!”, грамадска-культурную акцыю “Марафон Адзінства”, а таксама святочныя канцэрты ў гонар дзяржаўных дат і памятных падзей у Мінску, Бабруйску, іншых гарадах. 

Акрамя актыўнай канцэртнай дзейнасці на радзіме, калектыў паспяхова прадстаўляе беларускую культуру і за межамі краіны. Сярод яркіх выступленняў — Міжнародны фестываль духавых аркестраў “Сярэбраныя трубы Паволжа” ў Сызрані, Дні муніцыпальнай акругі Сакольнікі ў Маскве і іншых форумах. 

Асобная старонка — удзел у дабрачынных акцыях, уключаючы рэспубліканскую ініцыятыву “Нашы дзеці”, дзе гурт дэманструе свае найлепшыя навагоднія пастаноўкі для школьнікаў, выхаванцаў дзіцячых дамоў і сацыяльных устаноў. 

ТРАДЫЦЫЯ БЫЦЬ СУЧАСНЫМІ 

Нягледзячы на багацце фальклорных каранёў, “Альянс” не застыў у рамках традыцыі. Калектыў жыва рэагуе на культурныя запыты часу: у рэпертуары з’яўляюцца сучасныя формы, новыя стылі, актуальныя тэмы. Пры гэтым галоўная ідэя застаецца нязменнай: зрабіць народнае мастацтва жывым, блізкім, відовішчным і даступным. 

— Фальклор не павінен быць музейнай экспазіцыяй, — упэўнена Ксенія Райская. — Ён мусіць размаўляць з людзьмі тут і цяпер. Мы імкнёмся, каб кожнае выступленне было святам — эмацыянальным, дынамічным, пазнавальным. “Альянс” — гэта мост паміж мінулым і сучаснасцю. 

Сёння калектыў працуе над пашырэннем канцэртнай праграмы, рыхтуе новыя нумары, працягвае актыўна ўдзельнічаць у культурным жыцці краіны і міжнародных праектах. У прыярытэце — харэаграфічныя пастаноўкі на тэму беларускай гісторыі, нацыянальнай сімволікі, а таксама працы, прысвечаныя сямейным, маральным і патрыятычным каштоўнасцям. 

Творчая суполка жыве ў рытме краіны, адлюстроўвае яе духоўны воблік, імкнецца ў будучыню з павагай да мінулага. І калі хтосьці спытае, што значыць быць часткай “Альянсу”, адказ будзе простым: жыць танцам, адчуваць сябе часткай народа, перадаваць праз музыку і рух усё багацце беларускай душы. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву