Падставай наведаць Лагойск стала атрыманне гісторыка-краязнаўчым музеем імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў дыплома І ступені ў намінацыі “За найлепшы экспазіцыйна-выставачны праект” VI Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Для маладой установы, якой пайшоў толькі трэці дзясятак, падзея значная. Сваёй радасцю з намі падзялілася дырэктар Святлана Гамеза.
— З моманту збору рабочай групы па заснаванні ў нашым раёне музея прайшоў усяго 21 год, аднак Лагойшчына мае багатую спадчыну, бо менавіта тут у 1842-м быў створаны першы публічны музей. Браты Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, заснавальнікі беларускай навуковай археалогіі, з паездак і экспедыцый прывозілі шмат цікавых артэфактаў. Выставіць іх на агульны агляд стала ў той час слушнай ідэяй.
Святлана Гамеза
— Святлана Ігараўна, вы казалі, рабочая група сабралася яшчэ на пачатку 2000-х. І з таго моманту выношвалася ідэя стварэння працягу музея Тышкевічаў?
— Мы проста не маглі не прадоўжыць справу нашых славутых землякоў. І ўжо ў 2012-м у адным з залаў адкрылася экспазіцыя кабінета Тышкевічаў з рэчаў, што датычацца перыяду іх актыўнай дзейнасці.
— Магчыма, захавалася што-небудзь з таго, першага музея?
— На жаль, не. Але ў нашых калекцыях ёсць экспанаты, якія належалі знакамітым братам. Гэта глінамяшалка з цаглянага завода. Яе знайшлі жыхары вёскі Міхалова. Мы накіравалі рэч на экспертызу ў Нацыянальную акадэмію навук, дзе пацвердзілі яе аўтэнтычнасць.
Макет палаца Тышкевічаў захоўваецца ў музеі
Ёсць кніга з экслібрысам роду Тышкевічаў. Яе ў падарунак музею перадаў сын свяшчэннаслужыцеля Дзмітрыя Жыткоўскага. А яшчэ ў нашых калекцыях — маленькі штамп, якім пазначаліся кнігі ў асабістай бібліятэцы і, магчыма, нейкія дзелавыя паперы.
— Што сёння ўяўляе сабой зала Тышкевічаў?
— Пад экспазіцыю “Музей у музеі” мы аддалі адну з залаў. Цяпер яна падзелена на тры ўмоўныя зоны: летапіс Лагойска, які бярэ пачатак з 1078 года; навуковая дзейнасць і жыццё Тышкевічаў; вясковая хата. Увогуле ўсе тры зоны ў той ці іншай ступені распавядаюць пра дзейнасць братоў. Першая частка — іх археалагічныя пошукі, апошняя — фальклорныя. Дарэчы, Тышкевічы былі выдатнымі фалькларыстамі, імі сабрана шмат народных песень, прымавак, легенд...
— Як стваралася экспазіцыя?
— Калі кіраўніцтва раёна і аддзела падтрымала нашу ініцыятыву, мы сталі шукаць каманду, якая з вялікай дакладнасцю змагла б увасобіць у жыццё распрацаваную канцэпцыю. На заяўку адгукнуўся індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Лабковіч. Разам з бацькам Пятром Віктаравічам і калегамі яны пачалі працу над экспазіцыяй. Працавалася з імі лёгка, бо гэта насамрэч прафесіяналы. Зрэшты, як і нашы супрацоўнікі. Агульнымі намаганнямі атрымаўся сапраўдны музей у музеі.
— Напэўна, на стварэнні гэтай экспазіцыі вы не спыняецеся? Якія планы на будучыню?
— На чарзе мадэрнізацыя залы “Падзеі і людзі”, якая расказвае пра абаронцаў Лагойшчыны і жыццё раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны. Экспанатаў, якія датычацца гэтага перыяду, у запасніках шмат. Хочацца трапна абыграць іх, каб наведвальнікі маглі ў поўнай меры ўявіць маштабы генацыду і штодзённы подзвіг нашых продкаў.
Але пра стварэнне новай экспазіцыі гаварыць пакуль рана — яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.
На развітанне супрацоўнікі музея параілі накіравацца ў парк, які быў закладзены Тышкевічамі ў 1840-х. І пачаць з агляду рэшткаў палаца.
Да вайны збудаванне функцыянавала. Тут размяшчаліся райкамы партыі і камсамола. Калі немцы былі на падыходзе да горада і ўжо вяліся баі за Лагойск, дзяўчаты ўначы прабралася ў будынак і зніштожылі архіў з асабістымі справамі камсамольцаў і камуністаў.
Карціны з серыі вясковага жыцця Сяргея Давідовіча выкананы з гумарам
Падчас акупацыі ў пакоях палаца размяшчаўся фашысцкі штаб, у графскіх канюшнях — казармы для салдат, а ў падполлі — катавальныя камеры гестапа. Падчас вызвалення палац быў узарваны. У першыя мірныя гады лагайчане бралі з яго цэглу на адбудоўванне ўласных хат. Да цяперашняга часу захаваліся толькі дзве сцяны аднаго з бакоў палаца. Сучаснікі могуць уявіць, якім ён быў, хіба толькі па гравюрах Напалеона Орды ці ўбачыць макет у музеі.
Тым не менш дагэтуль стаяць некаторыя гаспадарчыя пабудовы і рэшткі палацавага ансамбля: па правы бок ад руін можна знайсці арачны мост з чырвонай цэглы, недалёка ад яго — будынак вартоўні. У графскай лядоўні цяпер размяшчаецца дзіцячая спартыўная школа.
Калі выйсці з парку ў бок касцёла, праз гаць, увагу прыцягне блакітны драўляны будынак вышынёй паўтара паверхі. Гэта былая графская палатняная мануфактура. Маюцца звесткі, што сыравіну для яе прывозілі з розных краін свету. Прыцягваюць увагу карункавыя ліштвы на вокнах і франтонах, аўтэнтычныя лесвіцы, іншыя элементы.
У познесавецкі час гэты будынак выкарыстоўваўся пад музычную школу. Цяпер тут жывуць гараджане.
Першае ўпамінанне пра Лагойск датычыць ХІ стагоддзя. Лагожаск прыгаданы ў “Павучанні Уладзіміра Манамаха”. Тады гэта быў драўляны горад з абарончым валам і ровам. Дасюль захаваліся і само гарадзішча, і рэшткі ўмацаванняў. Згодна з гістарычнымі дадзенымі, адлегласць паміж верхнім пунктам вала і самым глыбокім рова складала каля 40 метраў (прыкладна 20 + 20). З цягам часу і вал дзе-нідзе абсыпаўся, і роў ужо не такі глыбокі.
Экскурсію для школьнікаў праводзіць Святлана Грынь
Цяпер на былым рэчышчы ўсталявана серыя водных каскадаў, што дадае парку адметнасці і прыцягвае фотааматараў.
Ад парку да будынка мануфактуры можна прагуляцца ўздоўж шэрагу крыніц. Гэтае месца ў самым цэнтры горада лічыцца візітоўкай Лагойска.
Крыніцы б’юць з-пад узвышша, на якім стаіць Свята-Мікалаеўская царква. Ці не таму вада іх лічыцца святой і цудадзейнай?.. Кажуць, дае людзям здароўе, моц і сілу. Даследчыкі рабілі спектральны аналіз. У адной крыніцы вада аказалася насычанай срэбрам, у другой — жалезам, у трэцяй, якая прабілася ўсяго з дзясятак гадоў таму, — меддзю.
І ўлетку, і ўзімку вада мае аднолькавую тэмпературу — 8-9 градусаў. Яна ніколі не замярзае (нават у маразільнай камеры) і захоўвае свае якасці болей чым праз месяц.
У 2000-х тут пабудавалі дзве купелі, якія, як і крыніцы, былі асвечаны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, пасля чаго ўключаны ў маршруты паломніцкіх паездак. Хрэсны ход і асвячэнне вады ажыццяўляюцца штогод на Вадохрышча і прастольныя святы Зімовага і Летняга Міколы.
Дарэчы, на крыніцах у Тышкевічаў дзейнічала водалячэбніца, збудаванні якой размяшчаліся праз раку.
Свята-Мікалаеўскую царкву, з-пад падмурка якой і выцякае крыніца, абмінуць таксама нельга, бо гэта адзін з найстарэйшых храмаў Лагойшчыны. Пабудаваны ў 1866-м, ён унікальны роспісам поўнага Апакаліпсіса — адзінага такога на тэрыторыі Беларусі. А яшчэ сярод шматлікіх выдатна выкананых абразоў ёсць усе беларускія святыя. Службы ў храме праводзяцца двойчы на дзень, што нехарактэрна для прыходаў малых гарадоў. Заснаваў такі парадак былы благачынны — протаіерэй Уладзімір Зімніцкі.
Свята-Мікалаеўскі храм мае ўнікальны роспіс
Сярод святыняў храма — спіс іконы Божай Маці Лагойскай “Знаменне”, якая лічыцца цудатворнай. Па ёй у 2010-х была адліта адпаведная скульптура і ўстаноўлена на ўзгорку пры ўездзе ў горад з боку Мінска.
Насупраць царквы — касцёл Святога Казіміра. На жаль, той, што існаваў пры Тышкевічах, знішчаны ў гады вайны. Падчас яго адбудовы напрыканцы 1990-х знайшлі рэшткі графскага склепу і труну Канстанціна Тышкевіча. Цяпер магіла навукоўца знаходзіцца каля храма. Гэта месца таксама варта наведаць.
Карысна пабываць і ў раённым Доме рамёстваў. Ён размяшчаецца непадалёк ад музея. Тут сканцэнтраваны ўзоры традыцыйнага прыкладнога мастацтва Лагойшчыны. Пры ўстанове створаны клуб майстроў “Скарб зямлі Лагойскай”, які летась чарговы раз пацвердзіў званне “Народны калектыў”. Ганарацца тут народнымі майстрамі: па лозапляценні Аленай Гурэцкай, ганчарамі Іванам Раманчуком і Мікалаем Стрэльчанка. Ёсць і свае дынастыі.
Ва ўстанове на пастаяннай аснове ладзяцца заняткі для школьнікаў, перыядычна праводзяцца майстар-класы для дарослых. А вырабы майстроў можна набыць у сувенірнай крамцы, якая прымыкае да мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча: дзеля гэтага трэба вярнуцца на вуліцу Савецкую.
Сяргей Фёдаравіч Давідовіч — мастак, пісьменнік, сцэнарыст, ганаровы грамадзянін Лагойска. У галерэі — некалькі залаў з яго карцінамі, прысвечанымі рознай тэматыцы: чарнобыльскай, вясковаму жыццю, спадчыне. Частка твораў напоўнена самаіроніяй і тонкім пачуццём гумару, асобныя — кранальныя і душэўныя. Паштоўкі з іх выявамі можна набыць на месцы.
Трапіць у Лагойск проста — горад знаходзіцца за 40 кіламетраў ад сталіцы па Віцебскай шашы: рэгулярна ходзяць рэйсавыя аўтобусы і маршрутныя таксі.
Падсілкавацца можна ў любым з пунктаў грамадскага харчавання, якіх тут багата. Калі вырашыце затрымацца ў Лагойску на некалькі дзён — да вашых паслуг гасцініца і аграсядзібы прыгарада. Недалёка два гарналыжныя комплексы, дзе таксама можна спыніцца, пад’есці і актыўна адпачыць. Дарэчы, ГСАК “Лагойск” пабудаваны на натуральным перападзе вышынь, што ўтварыліся падчас падзення аскепка метэарыта.
Вада з крыніцы, што струменіць з-пад царквы, насычана срэбрам
З іншымі цікавымі фактамі пра рэгіён, які называюць Беларускай Швейцарыяй, і тым, што яшчэ можна паглядзець у горадзе і ваколіцах, вас пазнаёмяць супрацоўнікі музея імя Тышкевічаў.
Алена СЯЛІЦКАЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама:
— Сродкі на стварэнне экспазіцыі нам былі выдадзены Мінскім аблвыканкамам. Зразумела, што без папярэдняй работы гэта было б немагчыма. Пры падтрымцы раённай улады мы агучылі перад абласным кіраўніцтвам канцэпцыю экспазіцыі, абгрунтаваўшы актуальнасць пытання і патрэбнасць яе стварэння. Такім чынам з абласнога бюджэту на гэтыя мэты былі накіраваныя 190 тысяч рублёў. Каля чатырох месяцаў актыўнай працы — і летась у верасні, да 100-годдзя Лагойскага раёна, мы правялі ўрачыстае адкрыццё адноўленага музея.
Святлана ГРЫНЬ, старшы навуковы супрацоўнік Лагойскага гісторыкакраязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў:
— З першага дня работы экспазіцыі да нас ідуць і ідуць наведвальнікі — жыхары і госці горада, людзі сталага ўзросту, групы працоўных калектываў, школьнікі, студэнты. Нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца. Дарэчы, у рамках існуючай канцэпцыі мы прапаноўваем дзецям акунуцца ў справу Тышкевічаў і адчуць сябе археолагамі. Дзеля гэтага створана інтэрактыўная зона “Раскапай гісторыю”. Наведвальнікам прапаноўваецца з дапамогай спецыяльных інструментаў знайсці схаваны артэфакт. Пасля расказваем, што гэта за рэч, калі і дзе яна была на самой справе адшуканая, для чаго выкарыстоўвалася. Такім чынам садзейнічаем навучальнаму працэсу, зацікаўліваем падрастаючае пакаленне гісторыяй роднага краю.
Людміла ЯРЧАКОЎСКАЯ, лагайчанка, пенсіянерка:
— Жыву тут больш за 60 гадоў, а ў музей завітала нядаўна — дзякуючы сяброўкам з аддзялення для пажылых ТЦСАН. Дзіўна і нават сорамна: не ведала, якую багатую гісторыю мае Лагойск. Вуліцы, па якіх штодня хаджу, будынкі, парк, крыніца — усё гэта наша спадчына. Яе старанна захоўваюць супрацоўнікі музея і вельмі цікава расказваюць пра нашу мінуўшчыну.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота Святланы ЖОЛУД