Дыялог культур

Апублiкавана: 20 лiпеня 2025 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Круглы стол на тэму “Захаванне гістарычнай памяці ў рамках дыялогу культур краін ЕАЭС” адбыўся падчас ХХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сустрэча прайшла ў межах сёлетняга старшынства нашай дзяржавы ў Еўразійскім эканамічным саюзе. 

Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі ў сваім дакладзе адзначыў, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне для народаў Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана непарушная і святая. Руслан Іосіфавіч працытаваў словы Кіраўніка дзяржавы: “Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, але ўжо сучаснасць” — і падкрэсліў, што Беларусь заўсёды была і застаецца прыкладам сяброўства людзей розных нацыянальнасцей, якое яскрава праявілася падчас ліхалецця. У нашай краіне, заявіў міністр, памятаюць кожнага героя, але чым далей адыходзяць гады вайны, тым больш намаганняў патрабуецца для абароны гістарычнай праўды. Паводле слоў Руслана Чарнецкага, важна рыхтаваць фільмы, спектаклі, музычныя і літаратурныя творы, абапіраючыся на матэрыялы, якія захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах. 

Цягам круглага стала беларускі бок агучыў шмат прыкладаў працы ў гэтым напрамку. Сярод іх — узаемадзеянне музеяў Віцебшчыны, абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна з профільнымі інстытутамі НАН Беларусі, вопыт Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова па пошуку і ўвекавечанні памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі краю. Гаварылі і аб міжнародным супрацоўніцтве з рознымі ўстановамі на прасторы ЕАЭС Нацыянальнага гісторыка- культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, які з’яўляецца базавай арганізацыяй краін — удзельніц СНД па пытаннях музейнай справы, аб маштабнай выставе “Без права на забыццё. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі” Дзяржаўнага гістарычнага музея (Масква), аб іншым. 

Сярод новых формаў работы быў прадстаўлены праект РВУ “Культура і мастацтва” — “За дзень наступны ўсяе зямлі”. У рамках ініцыятывы, да якой далучыліся вядучыя музеі рэспублікі і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, створана віртуальная галерэя з 18 палоцен жывапісцаў-франтавікоў у фармаце дапоўненай рэальнасці. Сёлета жывыя карціны, якія друкаваліся ў часопісе “Мастацтва”, выйшлі ў вялікім фармаце і сталі асновай перасоўнай выставы. З інтэрактыўнай экспазіцыяй можна было пазнаёміцца і на “Славянскім базары ў Віцебску”. 

— Наша місія — разам данесці праўду дзецям: іх продкі — героі, якія забяспечылі ім мірнае неба над галавой. І калі пра нашу гісторыю не раскажам новаму пакаленню мы, то гэта зробіць хто- небудзь іншы, і не факт, што апавяданне будзе праўдзівым: ідзе вайна за розумы і сэрцы людзей. Культура і інфармацыя ў ёй — на пярэднім краі, які мы абавязаны абараніць,  — падсумаваў Руслан Чарнецкі.