Маскі, серэнады і рамантычная гісторыя. Чарговы канцэрт выхаднога дня ў Аляксандраўскім скверы падараваў гасцям і жыхарам сталіцы добры настрой і шчырыя ўсмешкі.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прадставіў спектакль “Viva commedia!”. Імпрэза адбылася ў рамках летняга дабрачыннага праекта Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Суботнія канцэрты ў Аляксандраўскім скверы распачаліся 31 мая і працягнуцца па 30 жніўня — убачыць выступленні знакамітых творчых калектываў на адкрытым паветры можа любы ахвотны.
А 12 ліпеня гледачы адправіліся ў падарожжа з Мінска ў Венецыю, дзе іх чакалі спевы на італьянскай мове і, вядома, гісторыя кахання. На сцэне — традыцыйныя героі камедыі дэль артэ. Асаблівасцю жанру з’яўляюцца маскі. У “Viva commedia!” горкаўцы пастараліся паказаць класічныя рысы італьянскага тэатра, зрабіўшы яго больш блізкім сучаснай публіцы з дапамогай гумару. Пацвярджэнне таго, што ўсё атрымалася, — шчыры смех, якім узнагароджваўся кожны іскрамётны жарт. Пастаноўка была падобная да венецыянскага карнавалу: лёгкая, дынамічная, насычаная яскравымі эмоцыямі.
— Такія мерапрыемствы робяць горад прыгожым і цікавым, — адзначыў Алег Коц, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, пасля спектакля.
Удзячныя гледачы раздзялілі пазіцыю артыста. Шмат хто падыходзіў да трупы, каб сказаць добрыя словы.
— Вельмі таленавіта, — лічыць Алена, пенсіянерка. — Добра, што ёсць такая магчымасць культурна правесці час.
Сярод тых, хто сабраўся ў Аляксандраўскім скверы, шмат пажылых: для іх, а таксама для іншых катэгорый грамадзян, якія карыстаюцца сацыяльнай падтрымкай дзяржавы, перадусім і задумваўся праект. Але тут хапае і моладзі, і бацькоў з дзецьмі. Некаторыя ўжо не ўпершыню наведваюць імпрэзы ля фантана — і кожны раз застаюцца ў захапленні.
Атрымаць асалоду ад мастацтва можна будзе і ў гэтую суботу: 19 ліпеня на сцэне пад шатамі дрэў зладзяць канцэрт “Музыка добрага настрою” Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пачатак — у 16.00. Уваход вольны.