XXIV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2025” адкрыў для шматлікіх удзельнікаў і гасцей свята багата цікавых праектаў, якія рэалізуюць установы культуры Міншчыны. Аб некаторых — у нашым аглядзе.

СЯСТРЫЧКА БАТЛЕЙКІ 

Ужо 15 гадоў у Дзяржынскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці існуе батлейка. А сёлета яго апгрэйдзілі. 

— Тэатр дастаўся нам у спадчыну ад былой загадчыцы Дома народнай творчасці Вялікага Сяла Наталлі Ермаловіч, — расказала кіраўніца народнага калектыву майстроў народнай творчасці “Калаўрот” Ала Балясава. — Мы выкарыстоўваем яго для паказу спектакляў у нашым цэнтры, але выезд з ім куды-небудзь праблематычны праз грувасткасць канструкцыі. 

Так узнікла ідэя стварыць батлеечны тэатр з выцінанкай, дзе ўсе сюжэты будуць з паперы. Гэта кампактна, зручна! І любую легенду можна хутка намаляваць, выразаць — у адрозненне ад падрыхтоўкі пастаноўкі з сапраўднымі лялькамі, дэкарацыямі. Да таго ж Дзяржыншчына славіцца майстрамі выцінанкі, а вядомы спецыяліст па драўлянай механіцы Андрэй Мартынюк нават вырабіў на яе аснове калекцыю сапраўдных гадзіннікаў. 

Увасабляць навінку ў жыццё ўзяліся ўсім калектывам. Вялікі ўклад у з’яўленне малодшай сястры традыцыйнай батлейкі ўнеслі рэжысёр Аксана Дземідовіч, Вольга Скарабагатая і Наталля Жыбрык. Рамантычная гісторыя пра няшчаснае каханне, заснаваная на адной з легенд Дзяржынскага раёна, гледачам спадабалася: прыводзілі пасля сваіх знаёмых, каб і тыя ўбачылі. 

Вольга Скарабагатая (злева) і Аксана Дземідовіч

Такое цёплае стаўленне публікі падштурхнула работнікаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці развіваць гэты напрамак. Ужо заканчваецца падрыхтоўка новай п’есы, якую пакажуць на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. А яшчэ задумаліся над тым, каб выцінанка рухалася механічна, бо цяпер змена персанажаў і дэкарацый ідзе ўручную. Няма сумневаў, што з дапамогай Андрэя Мартынюка гэта ім удасца! 

АРТ-СУКЕНКІ 

Незвычайны праект нарадзіўся дзякуючы супрацоўніцтву Уздзенскага раённага Дома культуры з мясцовым Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі і Уздзенскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. Установы аб’яднала жаданне пазнаёміць з гістарычнымі славутасцямі рэгіёна не толькі мясцовых, але і людзей за яго межамі. І вось вынік: калекцыя з сямі сукенак з унікальным роспісам! 

— Мастак, педагог дадатковай адукацыі Марыя Георгіеўна Сівіцкая намалявала архітэктурныя і гістарычныя жамчужыны нашага краю, — расказала метадыст Уздзенскага раённага Дома культуры Таццяна Фаміна. — Гэта касцёл узвядзення Святога Крыжа XVIII стагоддзя і пяцікупальная Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Хатляны — помнік драўлянага дойлідства XIX стагоддзя, унікальны абарончы Кальвінскі збор XVI стагоддзя ў пасёлку Першамайск, сядзібна-паркавы комплекс старажытнага роду Завішаў “Кухцічы”, радавы маёнтак Наркевічаў-Ёдкаў у Наднёмане, іншыя знакавыя месцы. 

Распісныя сукенкі

Перасоўную экспазіцыю дапаўняюць фатаграфіі арыгінальных карцін са збору музея, на якіх тыя ж аб’екты, што і на сукенках. Часам арганізуюцца паказы калекцыі: дэфіле з удзелам работнікаў Дома культуры суправаджаецца музыкай і дыктарскім тэкстам, што апавядае пра кожную славутасць. 

Праект плануецца пашырыць, бо край багаты на мясціны, пра якія варта расказаць!

ДА ПЯЦІГОДКІ ЯКАСЦІ

Пухавіцкі раённы цэнтр культуры прадставіў незвычайную інтэрактыўную зону, прымеркаваную да Года добраўпарадкавання і пяцігодкі якасці ў Рэспубліцы Беларусь. Лакацыя зацікавіла ўсіх, хто хоча ўнесці свой уклад у стварэнне зялёных куткоў. І хоць саджанцы былі цацачныя, як і макет тэрыторыі раёна, пляцоўка прывабівала шмат наведвальнікаў. Дзеці і дарослыя з задавальненнем саджалі штучныя дрэвы і кветкі: добрая справа робіцца разам! І натхняліся на далейшае добраўпарадкаванне сваіх сапраўдных тэрыторый. 

Загадчык сектара народнай творчасці Дзмітрый Карасік расказаў, што такі фармат дазваляе аб’яднаць творчасць, экалогію і насельніцтва, робячы клопат аб навакольным асяроддзі цікавым і даступным для кожнага. 

Дзмітрый Карасік з дзецьмі

— У планах — пашырыць і ўзбагаціць інтэрактыўную зону новымі лакацыямі, якія дапамогуць зрабіць экалагічны парадак дня яшчэ больш яркім і займальным, — дапоўніла дырэктар РЦК Алена Мазанік. — У бліжэйшы час хочам стварыць рэальную зону па раздзельным зборы смецця, правесці экалагічную віктарыну і арганізаваць майстар-клас па вырабе экалагічных торбаў-шопераў. 

Цэнтр культуры рэалізуе шмат цікавых праектаў. Прыкладам, для тых, хто хоча адкрыць для сябе новыя мясціны Мар’інай Горкі і правесці вольны час з карысцю, 1 чэрвеня стартаваў анлайнпраект “#Падарожнічаючы па горадзе”, разлічаны на ўсё лета. На старонцы Пухавіцкага РЦК у Instagram размяшчаюцца займальныя факты, ёсць інтэрактыў для мясцовых жыхароў і гасцей. 

Стварыць платформу для развіцця юных талентаў закліканы новы маладзёжны праект “Музычны горад”: у праграме — караоке-батлы, музычнае лато, квізы і іншае. 

На падтрымку пажылых людзей накіраваны праект “Актыўнае даўгалецце”. 

— Мэта — стварыць прастору для самарэалізацыі прадстаўнікоў сталага ўзросту, павысіць іх якасць жыцця праз культурніцкія і забаўляльныя мерапрыемствы, — распавяла Алена Мазанік. — Праводзім кансультацыі і гутаркі са спецыялістамі розных сфер, танцавальныя вечары, майстаркласы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Мерапрыемствы праводзяцца з чэрвеня па жнівень на свежым паветры ў парку, а восенню працягнем сустрэчы ў нашым цэнтры.

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара