Народны ансамбль танца “Янаўцы” пры Іванаўскай дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў раскрывае гледачам глыбіню беларускай душы. Сёлета, калі Іванава стала культурнай сталіцай, іх сцэнічныя пастаноўкі набываюць асаблівы сэнс. Як удаецца захоўваць спадчыну і адначасова ствараць новае — расказвае дырэктар школы Алена Старавойтава.
Шлях ансамбля пачаўся ў 2001-м дзякуючы мэтанакіраванасці, натхненню і ўпартай працы яго заснавальнікаў. “Янаўцы” не проста танцуюць, а распавядаюць пра Беларусь на мове музыкі і рухаў.
— Усё пачалося з прыезду ў Іванаўскі раён Валерыя Чарнышова — чалавека са шматгадовым вопытам удзельніка танцавальных калектываў, — успамінае Алена Барысаўна. — Ініцыятарам стварэння харэаграфічнай школы стаў Уладзімір Шаляговіч, які ў той час займаў пасаду начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама. Ідэя займела падтрымку, і неўзабаве распачалася актыўная праца. Валерый Барысавіч узначаліў новую школу і адразу сабраў на яе базе ансамбль “Янаўцы”.
У першапачатковым складзе перавагу мелі харэографы — выкладчыкі, якія з запалам прынялі гэтую ініцыятыву. Жаночую групу сфарміравалі хутка, а вось з мужчынамі было складаней: Валерыю Барысавічу давялося прыкласці нямала сіл, каб прыцягнуць юнакоў са старшакласнікаў і працоўнай моладзі, гатовых прысвяціць сябе народнаму танцу.
— Тады ўсё стваралася з нуля: абсталёўвалі матэрыяльную базу, шылі касцюмы, падбіралі музыку, рыхтавалі першыя пастаноўкі. Але гэта было варта намаганняў. Ужо праз два гады “Янаўцы” атрымалі званне “народны”, а затым і першую буйную перамогу — сталі лаўрэатамі першай ступені на Міжнародным фестывалі фальклору ў Францыі. Уявіце сабе, які гэта быў уздым! — з гонарам адзначае дырэктар школы.
Народныя беларускія танцы заўсёды складаюць аснову праграмы ансамбля, аднак “Янаўцы” не абмяжоўваюцца толькі традыцыяй — яны творча пераасэнсоўваюць яе, надаючы сучаснае гучанне.
— Наша місія не проста захаваць нацыянальную харэаграфічную спадчыну, але і паказаць яе па-новаму, — адзначае Алена Барысаўна. — Імкнёмся, каб кожная пастаноўка была жывой, натхняла моладзь на творчасць і не пакідала абыякавымі тых, хто нас глядзіць.
У рэпертуары калектыву прадстаўлены як класічныя беларускія танцы, што заваявалі ўсеагульнае прызнанне, напрыклад “Лявоніха”, “Полька-Янка”, “Крыжачок”, так і сучасныя кампазіцыі, у якіх спалучаюцца гульнявыя і сюжэтныя матывы, аўтэнтычныя народныя замалёўкі і эстрадныя элементы.
Асобную ролю адыгрываюць патрыятычныя нумары.
— Не можам заставацца абыякавымі да лёсу роднага краю, — падкрэслівае Алена Барысаўна. — Шмат работ прысвечана знакавым падзеям, гістарычным датам, важным момантам з мінулага. Да 85-годдзя Іванаўскага раёна падрыхтавалі шэраг маштабных кампазіцый. Цяпер працуем над новымі сцэнічнымі пастаноўкамі, што адлюстроўваюць статус Іванава як культурнай сталіцы. Ствараем нумары пра зямлю, пра людзей, пра святы, каб кожны танец няўлоўна перадаваў глыбокі сэнс. Гэта не проста рух, а эмоцыя, ідэя, пасланне.
У калектыве пастаянна вядуцца творчыя пошукі: новыя сцэнічныя рашэнні, смелыя інтэрпрэтацыі, абнаўленне касцюмаў і музыкі. Дзякуючы супрацоўніцтву з кіраўніком аркестравай групы Іванам Засімовічам нараджаюцца арыгінальныя аранжыроўкі народных мелодый, што становяцца асновай для новых нумароў.
— Іван Іванавіч умее знайсці асаблівае гучанне, дадаць тонкі музычны акцэнт, — кажа дырэктар. — Гэта натхняе нашых харэографаў. Так, разам з мастацкім кіраўніком Марыяй Худобенка паставілі кампазіцыю “Юр’еў Карагод” — унікальнае спалучэнне традыцыйнага фальклору і сучаснага танцавальнага мастацтва. Гэты твор кранальна ўспрымаецца і выканаўцамі, і аўдыторыяй. Менавіта з ім калектыў удзельнічаў у нацыянальным адборы на Dream Dance Fest 2024 у рамках “Славянскага базару ў Віцебску” і быў уганараваны званнем лаўрэата II ступені.
Некаторыя нумары нараджаюцца імгненна, іншыя шліфуюцца месяцамі. Бывае, што танец адкладаюць, каб пазней вярнуцца да яго з новымі ідэямі. Але кожны — вынік сумеснай працы: ад кампазітара і харэографа да касцюмера і балетмайстра.
— Калі ўсё складаецца — нумар ажывае. Ён кранае душу, выклікае эмоцыі. Дзеля гэтага мы і працуем, — адзначае Алена Барысаўна.
Асаблівая гордасць ансамбля — сістэма пераемнасці. Пры калектыве дзейнічае дзіцячы гурт “Яначка”, які ўжо атрымаў званне “ўзорны”. Менавіта тут гадуюць будучых удзельнікаў асноўнага складу.
— Нашы дзеці растуць разам з калектывам, — расказвае Алена Барысаўна. — Калі заканчваецца навучанне ў “Яначцы”, многія займаюцца ўжо ў дарослай групе. Сёння сярод педагогаў харэаграфічнай школы ёсць нашы выхаванцы — тыя, хто калісьці пачынаў свой творчы шлях у “Янаўцах”. Гэта вельмі радуе: значыць, наша справа працягваецца.
У склад ансамбля ўваходзяць настаўнікі школы, маладыя спецыялісты і былыя выпускнікі. Галоўная задача — пастаяннае прафесійнае развіццё, бо, як кажуць самі ўдзельнікі, няма мяжы дасканаласці. “Янаўцы” імкнуцца да росту, новага творчага досведу, адкрыццяў.
— Мы хочам, каб танец быў не проста сцэнічным нумарам, а жыў у сэрцы. Каб дзеці адчувалі гонар за свае карані, а дарослыя знаходзілі ў ім натхненне. У нас ёсць ідэі, цікавыя задумы і галоўнае — каманда, гатовая ствараць.
Сёння “Янаўцы” — сапраўдная творчая майстэрня, дзе мастацкія вобразы становяцца часткай культурнай самабытнасці, а традыцыі гучаць па-новаму. Гэта прастора, якая аб’ядноўвае людзей і раскрывае глыбіню нацыянальнага характару. Удзельнікі калектыву тонка адчуваюць сувязь з роднай зямлёй, шануюць вытокі і перадаюць іх праз мову музыкі і рухаў. Іванава стала крыніцай гэтай сілы, месцам, дзе сцэна становіцца жывым увасабленнем душы народа.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву